Дзённік настаўніцы. 28-29 мая

Ганна Севярынец
05.06.2023

А вось жа сёння корпус Дударовых папер, якія пакрысе адшукваюцца то там, то тут, павялічыўся на дваццаць старонак:) Удалося адшукаць частку ягонага перакладу паэмы Гайнэ "Германія Зімовая казка".

Шэсць старонак гэтага перакладу мы мелі ў Менску –  абрыўкі машынапісу захоўваліся ў сям'і Дудара. Дзе згінулі астатнія –  ніхто, канешне ж, не ведаў.

А яны выявіліся ва Украіне, ў адным з архіваў, за што нізкі паклон Viačasłaŭ Martysiuk І, не гледзячы ані на што, пад паветранымі трывогамі, паміж чорных навін, гераічныя ўкраінскія калегі дапамаглі мне ўпэўніцца, што безымянныя паперы аднаго з фондаў – гэта яшчэ адна частка расцярушанага перакладу Алеся Дудара.

З часам напішу пра гэта грунтоўны артыкул з усімі падрабязнасцямі і карцінкамі. А пакуль — проста парадуйцеся разам са мной:) Што б ні было –  мы будзем працягваць перамагаць зло, смерць і небыт ў часе і прасторы:)

Шчыра дзякую Viacheslav Levytskyi і іншым калегам за спрыянне ў нашых беларускіх справах і за мой сённяшні шчаслівы даследчыцкі дзень:))

На фота – тытульны ліст "Германіі Зімовай казкі" Гайнэ ў перакладзе Дудара, які цяпер зберагаецца ў нас у БДАМЛМ:)

 

Як я зразумела, што безыменны машынапіс з украінскага архіва – гэта пераклад Дудара? Старонкі там рандомныя, подпіса аўтара, ясна, няма. Канешне, я ведаю, што ён перакладаў "Германію", але, натуральна, і нехта іншы мог у тыя часы перакладаць той жа тэкст.

Прыгожа было б параўнаць, напрыклад, перакладчыцкую стратэгію абодвух частак. О, гэта была б філігранная і найзахапляльная праца! Але я не валодаю нямецкай, таму — эх.

І я села разбірацца з праўкамі. У новазнойдзеных паперах іх вельмі шмат. Рознымі чарніламі, плюс хімічным сінім алоўкам, плюс – звычайным алоўкам.

Колькі я іх перабачыла! Дудар працаваў звычайна такім чынам: накідваў умоўна рыфмаваны і умоўна рытмізаваны падрадкоўнік, друкаваў альбо перапісваў яго з вялікімі інтэрваламі паміж радкоў – і пачынаў габляваць.

Ёсць у яго свая манера пазначаць радкі, якія не падабаюцца, але не даюцца. Ёсць свая манера мяняць словы месцамі. Свая манера маляваць на палях у задуменні – мелкія простыя геаметрычныя фігуры.

Ведаеце, як гэта натхняльна –   знаходзіць усё гэта на безыменных паперах стогадовай даўніны, што ляжаць бог ведама дзе і невядома, чаму?

Сядзела ўчора над гэтымі чарніламі, алоўкамі, глядзела почырк – як злучаецца С і Я, якой даўжыні нага ў Т, як Ц падпарадкоўвае сабе Ь – і была абсалютна шчаслівая.

А нехта ў гэты час гэтаксама пільна і сканцэнтравана праграмаваў ракеты.

Паміраць буду –  не зразумею, як так можна.