Дзённік настаўніцы. 30 мая - 1 чэрвеня

Ганна Севярынец
05.06.2023

Нешта зусім я стала паламаная. Цэлы дзень сёння гляджу на таблічкі з баламі ЦЭ сваіх былых вучняў, якія пачкамі дасылаюць іх мне ў нейкай сляпой надзеі, што я магу нешта патлумачыць – і проста ляжу і плачу. Ад крыўды за дзяцей, ад усведамлення бессэнсоўнасці таго, што лічыла сваёй прафесіяй, ад таго, што ўпершыню не ведаю, што дзецям сказаць. Так і пішу ім на ўсе іхныя пытанні: я не ведаю, што вам сказаць, дзеці.

Прыйшлі коцікі, забраліся мне на грудзі. Паплакала коцікам у шыі. Цяпер уся ў слязах і каціных рудых валасах.

А на балконе ў нас ластаўкі наноў лепяць гняздо, якое было за зіму развалілася. Добра ластаўкам, у іх няма экзістэнцыяльных крызісаў. Ляпі сабе і чырыкай.

Па выніках учорашняга дня я хачу вось што сказаць.

Калісьці на золку маёй педагагічнай дзейнасці ў сістэме адукацыі прайшло маштабнае пераразмеркаванне навучальных праграм: моцна скарачалі гадзіны на гуманітарыстыку і дадавалі матэматыку. Мы тады бегалі па ўсіх дасяжных нам кабінетах (а што нам тады было дасяжна, Госпадзе) і крычалі, што так нельга. Выкладчыкі ж дакладных дысцыплін пяшчотна пасмейваліся, па-бацькоўску хлопалі нас па плячы і казалі вось гэта вось усё: матэматыка ставіць на месца мазгі, бла-бла-бла.

А я і тады казала, і цяпер тым больш скажу: у грамадстве, у якім гуманітарнае мысленне лічыцца другасным, будзе пераможана і матэматыка. Разам з мазгамі.

Учора іду дваровай сцежкай –  а на сцежцы стаіць дзяўчынка з самакатам. Клас недзе шосты. Стаіць і вельмі пільна ўглядаецца ў мяне. Я нават агледзелася – што такое? Падыходжу бліжэй – а яна, не адводзячы вачэй, гучна шэпча мне проста ў твар: "У мяне канікулы!"

Я ад нечаканасці спынілася і таксама ёй шапнула: "Супер!"

Яна імгненна павесялела, скочыла на самакат і пагнала некуды ў светлую далячынь.

Здаецца, яна здалёк адчула, што па двары чэша настаўніца, абвяла ў думках вакол сябе кола крэйдай і прыгатавала спецыяльнае заклінанне)