Дзённік настаўніцы.2-5 чэрвеня

Ганна Севярынец
05.06.2023

Гэта была благая ідэя – пачынаць чытаць "Gloria victіs (Слава пераможаным)" Элізы Ажэшкі адразу ў электрычцы. Я так даўно палявала на гэтую кніжку, якую немагчыма нідзе здабыць, што да дому не дацярпела.

І дарэмна, бо, канешне, чытанне гэтае – для адзіноты, каб можна было і ўсхліпнуць, і на балкон перакурыць збегаць, і патупіць у столь.

Навэлы, аб'яднаныя агульнай назвай "Глорыя вікціс" – пра паразу паўстання 1864 года. Агульны боль там крыху развеяны па хітраспляценнях рамантычных сюжэтаў – гэта не жорсткі рэалізм лагернай прозы ХХ стагоддзя, напрыклад, а нетаропкі расповед з мілымі сэрцу дэталямі кшталту рук, скрыжаваных на грудзях бледных паўстанцаў, залатых валасоў іхных каханак, прыгожых коней, леса з абавязковымі зараснікамі крушыны і бузіны, таямнічых прысад старых маёнткаў – ну вось гэтага ўсяго. Не скажу таксама, што гэтыя навэлы – самае моцнае, што напісала Ажэшка, бачна, як ёй баліць і як ёй цяжка рэфлексаваць, так, што ўвесь час яна баіцца ісці глыбей.

Але між тым – ад таго чытанне гэтае вельмі тэрапеўтычнае, хоць і горкае. Шмат трапных псіхалагічных назіранняў, шмат ёмістых фраз, сказаных героямі – і паўтораных ужо ў сённяшні час.

Так што раю, калі хто хоча прайсціся па класіцы і акуратна, са шкадаваннем, адрэфлексаваць цяперашняе.

 

...

 

Учора на шляху з дачы заехалі мы з Іллюхам на Кальварыю прыбрацца ў Дайлідовічаў. Была я ў іх вельмі даўно, мінулай восенню ажно, болей ніхто туды цяпер не ходзіць, і, канешне, утварыўся страшны вэрхал: горы сухога лісця, вецця, смецця і травы.

Ілля моцна ўзрадаваўся, кажа, вельмі люблю на Кальварыю хадзіць! І на Вайсковыя люблю, і ў Курапаты, але на Кальварыю - болей за ўсё. Я маўчу, канешне, але сама сабе думаю: от жа я маці-ехідна, сын у мяне не кіно ці атракцыёны любіць, а во што.

Я прыбіраю, Ілля носіць пакеты ў смеццевы кантэйнер. І вось ён пайшоў, а я пераступала цераз невысокую загарадку, зачапілася - і як паляцела на зямлю!

А гэта ж могілкі, справа помнік, злева вострыя пікі старой агароджы, наперадзе хмызняк, з якога я наламала венік, і адтуль тырчыць небяспечнае восце, ззаду гранітны кветнік, карацей, упала я роўненька паміж гэтым усім на гору лісця, нібыта ў чыісьці ручкі. Цэленькая і непабітая.

Хіба толькі на назе страшэнны сіняк. Муж сёння пабачыў і здзівіўся: што гэта ў цябе?

Ай, кажу, на могілках упала.

Ён толькі брыво падняў і болей нічога не пытаў. Бо я не толькі маці-ехідна, але і жонка не вельмі нармальная)

 

Думаю ўсю раніцу пра тое, як змянілася ў мяне за апошнія часы агульнае светаўспрыманне. Калі раней любыя праявы тупасці, жорсткасці, непавагі, быдлапаводзін знешняга свету ўспрымаліся як парушэнне нормы - цяпер гэта ўспрымаецца нормай. Гэтага чакаеш, на гзта нават разлічваеш. А любое дабро - нават самае маленькае, крохкае – выглядае настолькі не-нормай, што адзначаеш любыя ягоныя праявы, і потым люляеш у галаве днямі, росціш у сабе, гадуеш.

Я хачу сказаць тым, хто вымушана з'ехаў, каго звольнілі, хто мыкаецца цяпер па свеце – вашая адсутнасць вельмі адчуваецца. Ва ўсім: у сферы абслугоўвання, у культуры, на вуліцах, у кабінетах. Вас моцна не хапае, праўда.

Я хачу сказаць тым, хто застаўся тут, пад нашым бетонам: як жа моцна заўважна цяпер вашае маленькае дабро, якое вы працягваеце рабіць. Самае маленькае: у слове, і позірку, у руху насустрач. Кожнае. Вельмі высокі кошт цяпер у дабра.

Мы ўсё чакаем лепшых часоў, спрыяльных для дабра. А можа быць, гэта яны і ёсць.

 

Простая жыццёвая гісторыя. Спатрэбіўся нам майстар па рамонце камп'ютараў, каб прыехаў на дом. Свайго няма, давялося шукаць у сеціве, шмат званкоў, то тое, то іншае, то не ў краіне, то сёння не можа, карацей, такая тэлефонная мітусня. Усе хлопцы ветлівыя, харошыя, нічога ня можна благога сказаць, але адзін сярод іх сказаў так: "Я пад'ехаць не магу, але што ў вас здарылася?" Ну я караценька распавяла, без ахвоты: што час глуміць, і сабе, і чалавеку. А ён паслухаў —і сказаў, што зрабіць. Таксама хуценька сказаў, скарагаворкай, але падрабязна, з алгарытмамі: калі гэта то зрабіце так, калі тое —то гэтак.

І ўсё запрацавала)) А я пасярод гэтых бясконцых тэлефонаў не ведаю нават, на які з іх словы ўдзячнасці даслаць) Таму дасылаю ў свет) Харошы чалавек, хай у цябе ўсё будзе добра –  як і ва ўсіх харошых людзей)