Дзённік настаўніцы. 7 чэрвеня

Ганна Севярынец
07.06.2023

А я сёння якраз у Лідзіі Маркаўны была. Бездапаможны чалавек, год ляжыць у ложку, на другім паверсе катэджа з вузкімі лесвіцамі. Калі б пайшла вада, калі б яна падымалася ў будынку, спачатку да столі першага паверха, а потым на другі, і там стала б падымацца, па санціметры, усё вышэй і вышэй, яе б і не вынес ніхто.

У яе сёння быў вельмі горкі настрой, яна шмат гаварыла - у асноўным пра тое, чаго шкадуе. Яна шмат важных словаў сказала мне раней - і пра тое, што ўсё трэба рабіць з апошніх сіл і не спыняцца ані на хвіліну, і пра тое, што справядлівасці няма, але гэта не прычына, і я слухала яе сёння, як і заўсёды - ува ўсе вушы, хоць і кажа яна цяпер блытана.

Шкадавала, што ў яе не было сваёй дачы і яна ўсё жыццё ела куплёныя клубніцы. Шкадавала, што мала размаўляла з бабуляй і мамай. Шкадавала нейкую дзяўчыну, якую ў вайну спалілі немцы. Шкадавала, што шмат даравала людзям хлусні. Сказала, шмат што можна людзям дараваць, але не хлусню.