От калі каціны Божанька выдаваў катам паложаныя ім ад нараджэння дзевяць дадатковых жыццяў, то на нашай Лізе ў яго перамкнула – і ён даў ёй двайны наборчык. І яшчэ адзін Ліза выцарапала ў кагосьці з сустрэтых на яе жыццёвым шляху катоў.
Звычайна, калі ў каго памірае кот (спакойна, Ліза яшчэ не памерла), то гаспадары з удзячнасцю пішуць, які гэта быў шляхетны, добры, разумны гадаванец, сапраўдны сябар і ўвогуле харошы чалавек.
Ліза не такая. Горшага ката не было ў мяне ў жыцці. Яна страшна ўрэдная, злюшчая, вельмі разумная, а ад таго шчэ больш ўрэдная і злая, бо наяўнасць розума гэтыя якасці павялічвае на парадкі. З яе бясконцых злых і помслівых учынкаў найбольш памятны мне адзін: калі яна, пакрыўдзіўшыся на мяне за тое, што я існую, пайшла – і так трапна насцала ў маю сумку, што сапсавала адзіны існы ў мяне экзэмпляр "Патрыка", які я несла ў падарунак. Не сумнявайцеся, яна ведала, што рабіла і куды сцала.
Адначасова з неверагоднай помслівасцю Ліза шчэ і вельмі злюшчая. Адну маю госцю, якая чымсьці не дагадзіла Лізе (хутчэй за ўсё – проста сваім існаваннем) Ліза ўпільнавала ў калідоры, накінулася на ногі і спаласавала так, у такую кроў, што мы былі вымушаны іх проста забінтаваць, бо пластыры не давалі рады. Шчэ адна дзяўчынка неяк засталася ў нас паглядзець за малой Жэняй – а Лізе гэта моцна не спадабалася, і яна стала кідацца на яе і раўсці, у выніку, калі я вярнулася дадому, то дзяўчынка і Жэня сядзелі, зачыніўшы дзверы на швабру, у адным пакоі, а па астатняй кватэры з крыкам і завываннямі хадзіла раз'юшаная Ліза.
У дадатак да гэтага яна валодала нейкай вар'яцкай жаноцкай энергіяй, і аднойчы мне давялося па-за ўласнымі планамі грузіць яе ў пераноску і вывозіць з дачы, бо мне было проста вельмі сорамна за яе перад суседзямі: назбіраўшы самых страшных, самых брутальных катоў з усяго наваколля, Ліза ўчыніла з імі ўсімі свальны грэх паўсюд, дзе магла: на газонах, на сталах у бяседках, на вуліцы, на даху, на плоце і на слупе. А вакол жа малыя дзеці і ўвогуле проста людзі, ўрэшце рэшт.
Мне, праўда, няма што добрага пра яе сказаць, акрамя таго, што яна, як бы тое не было, наш кот і жыве з намі ўжо 17 год (межаў майму цярпенню проста няма, думаю).
Калі Ліза ўвесну сабралася паміраць, мой муж прыдумаў ёй эпітафію: "Ліза, спі спакойна, мы ўсё табе даравалі".
Але смерць шчэ не ведала, за кім яна прыйшла.
Спачатку Ліза ўскрыла сабе пухліну, і мы доўга яе чысцілі і вымывалі, бо ветэрынары пакачалі галовамі і сумленна сказалі нам не марнаваць грошы на такога старога і хворага ката, а ўсыпіць яе ў нас не паднялася рука. Потым у яе стала выпадаць поўсць, аблыселі ногі, але яна да крові кусала нас, калі мы спрабавалі апрацаваць гэтыя месцы, і горда хадзіла па хаце ў такім аблыселым выглядзе.
А днямі яе разбіў інсульт. Зноў паўстала пытанне ўсыплення, але мы ўсе - людзі на такое не надта рашучыя, да таго ж яна не мяўкае і не плача, а проста адмовілі ногі, таму сталі пакуль што проста мяняць ёй посцілкі, паіць і карміць з лыжачкі, а Ілля - шчэ і насіць яе на ручках з кута ў кут, каб ёй было весялей ляжаць.
І вось учора я з раніцы, прачнуўшыся, пацягнулася найперш, канешне, паіць яе з лыжачкі вадзічкай.
Ліза паглядзела на мяне з нянавісцю. Выбіла з маіх рук тую вадзічку. Устала на свае скалечаныя лапы. Вывалілася з каробкі. Нейкім чынам – я так і не зразумела, якім менавіта – папаўзла на кухню. Там упёрлася ў сценку і падцягнула цела так, каб сесці, абапіраючыся на кут. І сказала мне каротка: малака давай.
Наліла ёй сподак вяршкоў. Яна іх за хвіліну высербала. Пачакала, пакуль я перасцялю ў ейнай пераносцы чыстыя анучкі. І пакалдэбала назад – лапы раз'язджаюцца, але ж ідуць.
І так ужо другі дзень гэты кот, напляваўшы на смерць і здаровы сэнс, ходзіць сам есці і піць, чакае чыстай пасцелі і кладзецца туды з горда паднятай галавой.
Сябры і блізкія, хто назірае за гэтым, кажуць у адзін голас: гаротны коцік! Але праўда ў тым, што яна не выглядае на гаротніцу. Гэта такая жалезабетонная істота, што перад ёй адступаюць нават біялагічныя законы.
Не магу сказаць, што я яе люблю, мы ўсе сямнаццаць год у контрах. Але паважаю – бязмежна.
…
Вось і ўсё, пабегла па вясёлцы наша Ліза. Змагалася да апошняга. Давай, коця, бяжы, задай ім там жару.Вось і ўсё, пабегла па вясёлцы наша Ліза. Змагалася да апошняга. Давай, коця, бяжы, задай ім там жару.
…
За тыя пару дзён, у якія мы сумуем па сваёй спачылай Лізе, кот Шкілет – да сёння гэта быў анёл з анёлаў – разбіў вазон з фікусам, абарваў штору і пачаў красці ежу са стала.
Я так разумею, што асноўная задача маіх катоў – захоўваць баланс дабра і зла ў хаце. Сцяг, які выпаў з аслабелых Лізіных лап, было каму падхапіць.