Дзённік настаўніцы. 1-3 жніўня

Ганна Севярынец
04.08.2023

Пакупачкі) Як я рада гэтым кніжкам! Грыневіча ў Акадэмкнізе забрала АПОШНЯГА. Кажуць, калі шчэ дзе і ёсць, то ў Белкнізе толькі. То хто збіраўся набыць – спяшайцеся.

У нованабытай кніжцы пра Змітра Прышчэпава, нашага беларускага наркама земляробства, які насуперак агульнасавецкай калектывізацыі спрабаваў распачаць уласнабеларускую праграму развіцця сельскай гаспадаркі (яна мела на ўвазе хутары і асобныя гаспадаркі, што атрымлівалі б дзяржаўныя субсідыі і навуковую дапамогу), прыводзіцца такі кранальны расповед малодшага брата Прышчэпава (агулам іх у сям'і было 11 чалавек):

Малы Міця гвалт як любіў чытаць, а сям'я бедная, кніжак сваіх і няма. Увосень ехаў праз вёску гандляр, спыніўся ў хаце Прышчэпавых, былі сярод тавару і кніжкі, малы ажно затрымцеў, як іх пабачыў, дык гандляр паабяцаў Міцю кніжку казак за кошык баравікоў.

Восень позняя, цёмна, халодна, у малых ані абутку, ані вопраткі, але Міця шыбануў у лес. Блукаў да ночы – але прынёс кош баравікоў.

А гандляр забыўся пра абяцанне і з'ехаў.

Дык малы пабег за ім уначы з тымі грыбамі і нагнаў)

Вярнуўся з кніжкай – і моцна захварэў.

Ад сябе ўжо ведаю, што калі Прышчэпава за ягоную антыкалгасную прышчэпаўшчыну арыштавалі, ён сядзеў у адной камеры з Дударом, і калі пасля допытаў паспрабаваў уночы ў  камеры павесіцца –  Дудар яго выцягваў з пятлі. Яны сябравалі на волі.

Харошы дзядзька быў Прышчэпаў. Так прыемна пра яго чытаць.

 

О, гэты мілы майму сэрцу раптоўны беларускі гумар) Чытаю ў кнізе пра Прышчэпава: пад ягоным кіраўніцтвам быў узяты курс на паляпшэнне мясцовых парод жывёл. Пароды называліся так: беларуская чырвоная – гэта карова, і даўгарылы кракадзіл – гэта свіння)