Калі я спрабую паглядзець на даступны мне сусвет адчужана, збоку, ён уяўляецца мне сістэмай жалезных скрыняў, у якіх адчайна і роспачна мітусяцца людзі, спрабуючы выбрацца вонкі. Жалезная скрыня маёй краіны, з якой і ў якую немагчыма прабрацца, жалезная скрыня майго свету, якую я спрабую зберагчы ад гэтай бясконцай энтрапіі зла, што ўвесь час гудзе за тонкімі сценамі маёй скрыні, жалезныя скрыні турмаў, дзе пакутуюць знаёмыя, прыяцелі, сябры і родныя, і, нарэшце, самая, напэўна, балючая пасярод усіх балючых – дарагая мне Лідзія Маркаўна, пляменніца Алеся Дудара, якая ўжо год пасля інсульту захоўвае светлы розум і чыстае сэрца, увязненная ў турме свайго нерухомага, скурчанага цела.
Я рэдка бываю ў яе, варта было б часцей. Яна вельмі блага размаўляе, але я патроху навучылася разумець яе няясную гаворку. Іншы раз яна кажа пранізлівыя рэчы.
Сёння яна сама стала пытацца пра АіФа, маўляў, як ён пажывае. Акуратна расказала, што ведаю. Мы чакаем, што нешта добрае адбудзецца, кажу я ёй.
А яна, гледзячы ў столь, бо не можа павярнуць галаву, адказвае:
- Усё ужо адбылося. Усё ўвесь час адбываецца, проста мы ўсё свае жыццё сядзім пад табурэткай і нічога не бачым.
Калі я сыходзіла, ЛМ вельмі выразна сказала:
- І перадайце прывітанне ад мяне асабіста.
- Каму, Лідзія Маркаўна?
І яна так строга, гучна сказала:
- Усім.
То перадаю)
…
Калі здаровыя людзі доўга жывуць унутры вар'ятні, яны пачынаюць думаць і дзейнічаць, прымаючы вар'ятню за аб'ектыўную рэальнасць. Сыходзіць у сваіх высновах і ўчынках не з нармальных умоў, а з вар'яцкіх. Такім чынам, у вар'ятнях не бывае здаровых людзей.
Я заўсёды пра гэта ўспамінаю, напрыклад, калі слухаю ці чытаю даўнія тэксты сумленных гісторыкаў пра пачатак першай сусветнай вайны. У тэкстах гэтых спакойна, з вельмі сур'ёзным выглядам нібыта пра адэкватных актараў расказваецца пра натуральна звар'яцелы сусвет.
Нешта падобнае мне бачыцца ў навінах, артыкулах, аналітыцы апошніх дзён. Дзясяткі і сотні адукаваных людзей з сур'ёзным выглядам каментуюць рэчы, якія шчэ чатыры гады таму прасіліся б у гісторыю хваробы.
Колькасць тупых і ненармальных учынкаў навокал небяспечна перавысіла крытычную рыску.
Калі такое здаралася ў класе, можна было рэзка змоўкнуць, стаць пасярод, зрабіць што-небудзь вельмі нечаканае, ну, мяўкнуць, напрыклад, ці сесці на падлогу, і калі ўсе павернуць галовы, сказаць ледзь чутна вусцішным голасам: а ну-ка, ціха ўсе.
А пра сябе дадаць: дуракі, блін.