Дзённік настаўніцы. 16-25 жніўня

Ганна Севярынец
31.08.2023

 

Парадуйцеся са мной: мая птушачка Жэнька сдала кембрыджскі іспыт па ангельскай на С2: з 210 магчымых – 206 балаў) Йу-ху, гэта так крута, што я не магу спаць))

Як я ўмудрылася нарадзіць і выхаваць такіх пупсікаў, ніяк не магу зразумець)

– Мама, – Ілля стаіць задуменна каля люстэрка і ўважліва разглядае сябе, - ты не заўважаеш, што я пасвятлеў? Што ў мяне стаў белы твар?

– Хм. Ну, слухай, і праўда, твар нейкі светлы.

–  Ведаеш, мама ... Падаецца, я ўсё лета забываўся яго мыць...

Школа шчэ не пачалася, а пазітыўныя вынікі ужо "на ліцо"))

Прыехаў муж з дачы і кажа:

– Слухай, так дзіўна, але не было ніводнай асы. Так ціха на ўчастку, спакойна...

А ён ведае, што кажа, бо два тыдні таму земляныя восы яго так угрызлі, рука разбухла, як падушка.

– І вінаград цэлы, і наогул так добра...

– А, – кажу я яму, – дык гэта ж я іх атруціла борнай кіслатой. Яны два тыдні яе з лавушак п'юць, а потым паміраюць.

– Анечка, – кажа мне Юра са шчырым захапленнем у голасе, – ты такая добрая і чуйная гаспадыня!

–  Гэта што, ты так жартуеш з чалавека, які забіў цэлае гняздо вос?

– Не, я не жартую. Ты ж магла іх спаліць бензінам, ці там палкамі забіць, кіпнем заліць. А ты іх так ціха, спакойна вывела.. Такі ты харошы чалавек...

Адразу ўспомніла анекдот пра Леніна: "А мог бы і ножычкам паласнуць"

...

Ведаеш, мама, – кажа мая Жэня, – я сёння моцна за вамі сумавала, і па-гэтаму села слухаць "Беларусіцу". Слухала і думала: вось іншыя дзеці, якія сумуюць па бацьках, што яны робяць? Разглядаюць фоткі, перабіраюць нейкія рэчы з дому. А я слухаю ў юцюбе рэп, які чытае мая мама.

Што тут можна сказаць, апрача як "йоу".