Прыходзілі колішнія вучні – наведаць перад тым, як раз'ехацца на вучобу. Праседзелі з імі во ажно да апоўначы, і пасмяяліся, і пасумавалі, пра кніжкі пагутарылі: узгадалі Шэкспіра, паспрачаліся наконт Айн Рэнд, разабралі Стругацкіх – яны ў мяне вялікія кніжнікі, адзін – будучы медык, а двое – радыёфізікі.
І чамусьці ў такія працяглыя, харошыя госці прыходзяць толькі хлопчыкі. Дзяўчаты віншуюць са святамі альбо з новай кніжкай у сацсетках, а хлопчыкі – прыходзяць, то з кветкамі, то з цукеркамі, то з паштовачкамі.
Напэўна, таму, што хлопчыкі ў школе часцяком бываюць парасятамі, а кожны настаўнік ведае – самыя ўдзячныя дарослыя вырастаюць як раз з такіх.
…
Мама дарагая. Перакладаю па патрэбе адзін тэкст з беларускай на рускую. І мне не хапае слоў! Не таму не хапае, што я іх не ведаю – у мяне ўсё добра з лексічным запасам рускай мовы. Не хапае таму, што іх няма:)
Ну вось як перакласці нармальнае, чалавечнае слова "культурнік"? "Деятель культуры"?) А спакойнае слова "творца"? "Создатель"?? Як наогул назваць нармальна чалавека, які стварае культуру? Адзін пафас ці афіцыёз прапануе мне слоўнік.
Госпадзе божа ж ты мой, упацела, покуль выкруцілася.
…
Вось ужо тыдзень, як я заўважыла, што зноў магу ў нейкія імгненні адчуваць сябе шчаслівай. Як і раней калісьці, у мінулым жыцці, гэта не надта доўгія адчуванні. Сполахі, даволі нечаканыя, справакаваныя вельмі простымі рэчамі: вечаровае сонца, след ад аўтамабільных фар на столі ўночы, яблык на галінцы, вожык. Тры гады іх не было, а тут вярнуліся. Але вярнуліся іншымі: такімі пранізлівымі, шчымлівымі, ад макаўкі да самых пятак.
Калі я думала пісаць працяг "Бельгіі", я выразна ведала толькі адзін эпізод, які дакладна быў бы там. Гэта быў бы верасень 1937, камера ў "амерыканцы", вечар, і праз закратаванае акенца на столь кладзецца чырвоны водсвет сонца, і нехта – не ведаю, Дудар ці Зарэцкі, яны былі разам у камеры смертнікаў – раптоўна адчувае ўсім целам гэты сполах, такое вось шчасце, самае моцнае з магчымых.