Дзённік настаўніцы. 23 верасня

Ганна Севярынец
24.09.2023

Ёсць вялікае заспакаенне ў рытуалах, якія ты бачыў і засвоіў калісьці ў дзяцінстве як непарушныя матрыцы адносін, нібыта не абавязковыя, але неадменныя.

Сёння запрашала сваякоў на будучы абед – два гады па бацьку. Я старэйшая дачка, гэта мой рытуальны абавязак. Абед для сям'і, просты, ніякі не банкет, здавалася б, і самі б усе падцягнуліся, але – рытуал.

Пішу "запрашала", але ва Унорыцы так не казалі. Баба Маруся казала: "Анька! Увечары пойдзеш да бабы Тані, прыглосіш яе на заўтра на абед". Яна б і сама магла схадзіць, канешне, ды і Таня магла б сама прыйсці, але рытуал – каб унучка паказалася, каб баба Таня паглядзела, нешта спыталася, нешта сказала б, неабавязковае, рытуальнае. А баба Таня, прыкладам, і не збіралася ні на які абед, таму давала шакаладку ці кубак ягад адсыпала з вядра, дзякавала і перадавала бабе Марусі прывет. Хаця бачыла яе на вёсцы сто разоў і да запрашэння, і пасля.

Такі ж вельмі просты, але важны рытуал – вітацца з усімі, каго ты сустрэў у межах вёскі. За межамі –  можна ўжо толькі са знаёмымі, а ў межах – з усімі. Я добра памятаю, як мяне гэтаму навучыў тата: мы, гарадзкія, супраціўляліся казаць "добры дзень" усім гэтым дзядам і бабкам, а тата вельмі строга сказаў: "У вёсцы так паложана".

Мяне ў дзяцінстве шмат што напружвала ў вясковых традыцыях. Цяпер усё выклікае ціхае замілаванне. Нават гэтае вось дзіўнае: выйдзеш раненька, прыкладам, збегаць у лес. Усё нібыта спіць, нават сабакі не брэшуць і пеўні шчэ не спявалі. Ціхенька па вёсцы лёгкім ветрыкам праляціш туды і назад. А ўдзень ідзеш – і абавязкова спытаюцца: "Анька! А куды гэта ты хадзіла з раніцы, хіба на Каменку? Ну я так і поняла, з ножыкам, то, пэўна, па грыбы". Ножык пры гэтым маленькі, і ляжаў у кішэні. Як яго ўгледзелі, аднаму Богу вядома.

Шчэ неяк суседка спыталася: "Анька, а ты што, на могілкі хадзіла?" – "Хадзіла, а адкуль вы ведаеце?" – "А сляды бачыла". Сляды! На пыльнай узбочыне, па якой усе ходзяць! Во людзі:))