28 кастрычніка
Два дні круціла сваю стужку ад канца і да самага пачатку па зразумелай беларускай патрэбе (людзі, гартайце свае стужкі, нават калі думаеце, што ўжо прагарталі, там шмат нечаканага). І пакуль гартала – паглядзела на апошнія дзесяць гадоў свайго культурнага жыцця ў рэтраспектыве.
Так дзіўна! Былі, аказваецца, часы, калі імёны Дудара і Вольнага, Чарота і Таўбіна гучалі як навіна.
Былі, аказваецца часы, калі мне трэба было не тое што самой на эмоцыях, а з экспертамі і доказамі пераконваць сур'ёзных спецыялістаў у тым, што Дудар мог перакладаць з нямецкай і французскай сам, а не праз расейскі пераклад.
Былі, аказваецца, часы, калі я чамусьці пісала пра Дубоўку і Дудара па-руску.
Былі нават часы, калі я нічогенька не ведала ані пра Дубоўку, ані пра Дудара, а свет мой вычэрпваўся Пушкіным, Пастэрнакам і Ясеніным.
Былі часы, у якія я думала – і не саромелася аб гэтым пісаць – што беларуская культура бяднейшая за суседнія.
Чалавека з малпы зрабіла праца, а нармальнага філолага з мяне – беларуская літаратура:)
…
Зноў нараджаецца гэты дзень
Чырвоным ля сцен турмы.
А хто там ідзе, хто там ідзе?
А гэта ідзем – мы.
Мы – недабітыя, недазабытыя,
Недачытаныя, недакаханыя,
І па імёнах неданазваныя,
Нерасстраляныя.
Горад, застыглы ў цяжкім сне,
Ты помніш нашу хаду.
Мы не сыходзілі з вуліц і не
Збылі сваю бяду
Вось табе спадчына з моваю матчынай,
Коштам апошнім так шчодра аплачана,
Ну выбачай, але нельга іначай,
Значыць.
Ціха нясуцца праз горад мой
здані ў серабры,
І зноўку знікаюць за той гарой,
у тым самым бары.
Сцежкі крыжовыя, шэрыя пожні,
Лісце апошняе, словы апошнія,
Самыя важныя. Кожнае.