Рыбяты. Асабліва журналісты, якія пішуць пра расстраляных паэтаў і потым праганяюць артыкулы праз гугл-перакладчык, каб перакласці на рускую мову.
Няма ніякага беларускага паэта Міхася Камыша. Гэта вам так машына перакладае. Нашага паэта, класіка міжваеннай літаратуры, завуць Міхась Чарот.
Няма ў нас таксама Юлія Тавбіна. Маладога генія дваццатых звалі Юлі Таўбін, ад нямецкага "taube", голуб.
Таксама не было у нас Адама Бабареко і Уладзіміра Жілко. Зваліся яны Бабарэка і Жылка. І гэта не графічнае альбо фанетычнае адрозненне, а прынцып утварэння беларускіх прозвішчаў.
Яшчэ адно. З года ў год, з тэкста ў тэкст паўтараецца адна і тая ж памылка, пра якую я ўжо згадвала: нібыта расстрэл 29 кастрычніка адбыўся ва ўнутраным дворыку НКВД. Уявіце сабе ўнутраны дворык - і сто трыццаць асуджаных. І потым працэс вывазу цел некуды за горад. Карэктна пісаць: "меркавана, ў Курапатах", бо і наконт Курапатаў мы дакладна не ведаем, але ў любым выпадку гэта больш імаверна, чым ва ўнутраным дворыку.
Гэтыя памылкі не проста памылкі, яны сведчаць пра жудасную непісьменнасць і адсутнасць адказнасці за тэкст.
Дзякуй Зьміцер Дзядзенка, які звярнуў увагу на з'яўленне Міхася Камыша ў вялікай колькасці артыкулаў на ўсіх рэсурсах, што падтрымліваюць двухмоўны кантэнт. Думаю, што гэта цалкам магчыма: от проста сёння ўзяць і паправіць у рускіх тэкстах прозвішчы загінулых. Не сорамна памыляцца - сорамна не выпраўляць.
І каб два разы не ўставаць, нагадаю таксама, што Алесь Дудар націскаецца на апошні склад і ў рускім варыянце ніколі не пішацца праз мяккі знак. Ніякага "Дударя" у нас таксама не было.
…
Ужо некалькі месяцаў боўталася ўва мне ідэя кнігі пра Соф'ю Шамардзіну, адну з найцікавейшых асобаў міжваеннага часу. Блукаючы па сайтах розных архіваў, натрапіла я і на скупы пералік дакументаў, ад якіх мне цягне халодным ветрыкам адкрыцця, і на грунтоўныя, раней не публікаваныя матэрыялы, ды і так за часы работы над папярэднімі кніжкамі тое-сёе назбіралася, але ўсё адно неяк не чапляўся кручочак. Наогул трэба вучыцца жыць і працаваць з гэтай адмарожанай псіхікай, якая не дае цяпер гараваць напоўніцу, але пры гэтым не дае і радавацца, і натхняцца, і захапляцца.
А сёння раптоўна выдалася ў мяне вольная часінка. Паблукала я па хаце, паперастаўляла рэчы з месца на месца, паляжала, пасядзела, дай-ка, думаю, пайду патыркаю якой палачкай сваю ідэю пра цудоўную нашу Зосю, як там тая ідэя, ці жывая.
І вось падыходжу да паліцы, дзе ляжыць у мяне адзін гістарычны часопіс. Велізарны стос, уся падшыўка. Нават не памятаю, у якім парадку, ці проста ўраздроб. Разгортваю гэты стос у рандомным месцы, дастаю. Гляджу змест. Ну так, гэта менавіта нумар з маім колішнім артыкулам пра Шамардзіну:)
Добра. Іду тады ў іншае месца, дзе ў мяне ляжаць старыя падшыўкі "Полымя", таксама стосам, і таксама не па гадах, а так, як склаліся. Вымаю нумар і адтуль.
Ну хто б сумняваўся. Якраз той нумар, дзе друкаваліся яе, Зосіны, ўспаміны пра мужа, Язэпа Адамовіча.
Соф'я Сяргееўна, дарагая Зося, ну я ўсё зразумела:) Дзякуй табе за знакі, не спыняйся, калі ласка:)
...
Дзяды