Дзённік настаўніцы. 17-19 лістапада

Ганна Севярынец
18.11.2023

Ехалі мы днямі з мужам па кальцавой, і міналі Рошчу – там стаіць  інтэрнат БДУ, у якім мы калісьці выбілі аспіранцкі сямейны пакой і дзе пражыла першы год свайго жыцця наша старэйшая, Жэня.

І ўспомнілі, як аднойчы Юра пад Новы год згубіў пачак масла.

Мы тады жылі вельмі бедна, калі не сказаць – у галечы. Грошай не было зусім, а тыя, што былі, сыходзілі на малую. Фрыланс тады не быў так моцна развіты, але я фрылансіла: рэдагавала раманы Сцівена Кінга для нейкага расейскага выдавецтва. Сядзела ў фатэлі, на жываце ў мяне спала Жэня, і я правіла памылкі, абдымаючы яе рукапісам і чырвоным алоўкам.

І вось на Новы год назбіралі мы нейкіх грошай, каб ужо накрыць нейкі стол і паставіць першую ў Жэнькіным жыцці ялінку. Са страў у нас было нешта зусім простае і таннае, кшталту "гарошка", фаршыраваных яек і буцераў са шпротамі, от на гэтыя буцеры нам і спатрэбілася масла. А мы яго ў першыя гады сямейнага жыцця не набывалі зусім – непатрэбная раскоша.

І вось Юра бярэ каляску, Жэню, грошы – і едзе ў завіруху ў далёкую краму, каб вызваліць мне крыху часу на кухню. І на зваротным шляху губляе ў нейкім сумёце тое масла.

Тыдні са два ён перажываў, убіваўся, праклінаў сябе, мне ўжо тое нез'едзенае масла стала ўпоперак горла, але Юра ў нас чалавек грунтоўны, і пакуль не адгаруе напоўніцу, не спыніцца. Карацей, мы абодва памятаем гэты выпадак, як учора было.

І вось мы едзем. тая ж самая Рошча, той самы інтэрнат, тая самая дарога і тая самая крама. Мяне заўсёды хвалюе вось гэтая невытлумачальная ўласцівасць нашых каардынат: непахіснасць прасторы – і зменілвасць часу. Усё тое самае, і мы тыя самыя – але не тыя самыя. Ведалі б вы, як мяне гэта бесіць:)

- Уяві сабе, – кажу я Юры, – от зараз узяць, пад'ехаць да увахода, падняцца на дзявяты паверх і даць самім сабе якую тысячу рублёў. І сказаць: блін, рабяты, наце вам, набярыце сабе масла столькі, колькі не зможаце з'есці, і не бойцеся, усё у вас будзе добра.

Пасмяяліся, канешне, але прыемна было ўявіць сабе такія госці.

Гэта я проста думаю пра тое, што мы цяпер не жывем у канцы часоў. І абавязкова будзе час, у які мы зможам падысці да саміх сабе і сказаць: эй, рабяты, не вешайце нос. Неяк яно будзе.

 

Штоноч сніцца, што мае дзяўчаты вярнуліся дадому. То сніцца, што яны такія, як ёсць, студэнткі. А то сніцца, што вярнуліся маленькімі, дашкалятамі. І я бегаю па хаце вельмі шчаслівая, дакранаюся да іх, жмякаю за шчочкі і за плечыкі, але заўсёды напрыканцы да мяне даходзіць, куды яны вярнуліся, і вядром халоднай вады з неба на мяне абрынаецца жах.