Дзённік настаўніцы. 21 лістапада

Ганна Севярынец
21.11.2023

Няма ані эліна, ані іудзея,

Ні правіны, ні подзвігаў,

Ані расчаравання, ані надзеі,

Ані забыцця, ані водгулля,

Ёсць халодны вечар, і чорнае неба на горадам,

Ланцужок агнёў на далёкай трасе,

Нехта шчэ паліць лісце, і цягне куродымам,

І апошнія вокны свецяцца ў школьнай класе,

Нехта там дапісвае цяжкую кантрольную

На самым пачатку сваіх няпростых шляхоў.

Там матэматычка, змірыўшыся з непазбежнай тваёй няздольнасцю,

Глядзіць у вакно на ланцужкі аганькоў.

Яны выйдуць разам у лістападаўскі вецер,

І вахцёрка замкне за імі апусцелы дом.

Яго чакаюць бацькі, яе – дзеці,

Але спачатку горад, што дыхаў за чорным школьным вакном.

І толькі цяжкая стома, цяжкая стома,

І далёкая траса, і бязлітасны лістапад.

Ланцужок машынаў цягнецца са сталіцы дадому,

Каб заўтра ўранні гэтак жа сама паўзці назад.