Дзённік настаўніцы. 29 снежня

Ганна Севярынец
29.12.2023

Раней я вельмі любіла падводзіць вынікі года, і чым часцей у стужцы сустракаліся мне пасты кшталту "як жа вы дасталі са сваімі вынікамі", тым мацней была матывацыя дзяліцца:)

А цяпер любыя вынікі падаюцца мне мізэрнымі: якая розніца, што зроблена за год, калі гэта не дапамагае ў галоўным.

Але такі тупы адчай мне добра знаёмы. Ён бывае і ў цалкам спакойныя і мірныя часы, калі, прыкладам, твой самы найлепшы клас, у які ты з года ў год укладаешся ўсёй сваёй душой, раптам бярэ – і робіць нешта подлае. Альбо вучань, на якім ты сто разоў сарвала горла, тлумачыўшы правілы, піша дыктоўку на двойку. Ці імпрэза, якой ты жыў некалькі месяцаў, правальваецца. Рознае бывае, з чаго нараджаецца адчай. Маштабы падзей непараўнальныя, канешне, а вось адчай, у якім яднаюцца марнасць і бяссэнсіца, заўсёды аднолькавы, цяжкі, як свінец. Так што я ведаю, як з ім быць.

З ім трэба проста ўпёрціся – і працягваць.

Таму ўсё працягваецца, нават і насуперак. У гэтым годзе ў мяне цалкам нечакана выйшла кніжка вершаў, і я афіцыйна магу называцца паэткай (радасці мала ад гэтага, але тата быў бы задаволены). Пайшла ў выдавецтва харошая і вельмі любімая мая кніга пра Чарота і ягоную газету. Вельмі чакаю яе выхаду. Яшчэ я пачала працу над новай кнігай – яна будзе пра Зосю Шамардзіну, і я радуюся гэтай сваёй ідэі, мне прыемна думаць, як я здзіўлю чытачоў, мне ўжо ёсць чым здзіўляць, і гэта я толькі пачала:)

Ёсць і непублічныя вынікі, якімі я дзяліцца не буду, але калі-некалі і гэта таксама будзе агульным набыткам, і мне будзе нясорамна за тое, як я пражыла гэты год.

І ёсць адно невялікае асабістае адкрыццё.

Амаль увесь гэты год я спрабавала ўсталяваць унутраную раўнавагу паміж будзённым жыццём – і пачуццём страху перад раніцай, бо кожную раніцу тут ты, канешне, чакаеш непрыемнасцяў. І гэтае чаканне сапраўды не дае табе ані планаваць, ані рухацца, бо як пачынаць нешта, калі яно можа проста так абарвацца.

І мне стала значна лягчэй, калі я падумала, што насамрэч гэта падобна на тое, як усе мы жывем, ведаючы, што памром. Наяўнасць смерці ніяк не адмяняе каштоўнасці жыцця. Гэтаксама і наяўнасць магчымых ранішніх неспадзяванак ніяк не адмяняе асэнсаванасці дня. Я і так рэдка адкладала нешта на заўтра, а цяпер не адкладаю нічога: усё, што трэба рабіць, я раблю сёння. Магу дапамагаць – дапамагаю. Магу пісаць – пішу. Магу некуды пайсці ці паехаць – іду і еду. Проста ў тую самую хвіліну, калі магу.

Калі не бачыш мэты, важна захоўваць рух. Усе банальныя ісціны мы мусім пераадкрыць самі для сябе, у гэтым годзе я адкрыла гэтую.