Дзённік настаўніцы. 7-13 студзеня

Ганна Севярынец
13.01.2024

 

У сувязі з затрыманнем нашай мамы я вельмі прашу не раздзьмуваць паніку і вэрхал, а таксама не дзёргаць нас у прываце з пытаннямі і ўстрымацца ад любых каментароў. Як толькі нешта будзе вядома ці ўвогуле зразумела, я паведамлю. Дзякуй за паразуменне.

 

Мама затрыманая да суда за нейкія падпіскі ў фэйсбуку, якіх у яе даўно не было. Калі суд, невядома. Яшчэ раз прашу, асабліва СМІ, ўстрымацца ад любых каментароў, панікі, пераліку любых маміных спраў і рашэнняў, захоўваць цвярозы розум і разуменне сітуацыі. Праверце яшчэ раз свае сацыяльныя сеткі. Дзякуй.

 

Мы шчыра дзякуем  ўсім за падтрымку, добрыя словы і клопат, я паспела маме перадаць, колькі людзей за яе хвалююцца. Буду паведамляць па меры з'яўлення навінаў, калі гэта будзе для яе бяспечна. Мы шчаслівыя, што вы ў нас ёсць.

 

Мама ў бальніцы з ціскам. Ну, прынамсі, ночыла на матрасе, і на тым, сусвеце, дзякуй.

 

Нешта я вось знаходжуся зараз у той кропцы свайго жыцця, калі я, нічога дрэннага па жыцці нікому, здаецца, не зрабіўшы, па волі нейкіх іншых, цалкам чужых і непрыемных мне людзей, не магу абняць ані сваіх дачок, ані свайго брата, ані сваю маму.

І маю я ў сэрцы з гэтай нагоды ў асноўным вялікае здзіўленне.

 

Мама дома да суда. Перадае ўсім добрым людзям дзякуй за клопат і падтрымку.

У кожнай незразумелай сітуацыі – павялічвай гарызонты планавання)

 

Маме штраф 130 базавых) Яна ўжо дома. З улікам апошніх падзей моцна просім не аб'яўляць ніякіх публічных збораў. Беражыце сябе. І праверце яшчэ раз свае сацсеткі)