Калі ты з дзяцінства абраў сабе правільную прафесію, то можаш замест хатніх спраў заваліцца пад плед з кніжкай не проста так сабе, а таму што заўтра на працу)
Калі я сустракаю сваіх былых вучняў, цяпер ужо дарослых, якія працуюць - божа, дзе толькі яны не працуюць! - у мяне адразу разліваецца ў душы мір і спакой за тую сферу, дзе яны цяпер. У гэтым пачуцці шмат нейкай самаўпэўненасці, шмат наіўнасці, ёсць і цэнтрапупія, канешне - кшталту таго што "ну не магла ж я вывучыць дрэнных людзей", але я вельмі люблю гэтае пачуццё і берагу яго ў сабе.
І трэба сказаць, што пакуль мне няма каго саромецца - з маіх дзяцей у публічных подлых учынках ніхто не заўважаны (а я сачу, і іншым разам перабіраю якія-небудзь спісы злодзеяў ці катаў, ці няма там прозвішчаў, якія я калісьці кожны дзень бачыла ў журнале).
Недзе з год таму ў кавярні да мяне падыйшоў лысаваты дзядзька, нагнуўся да вуха і сказаў сарамлівым шэптам: "Ганна Канстанцінаўна, а вы мяне не пазнаеце?"
У такія хвіліны перад маімі вачыма разгортваюцца бясконцыя журнальныя спісы, адразу з адзнакамі, і я пачынаю ліхаманкава іх гартаць. Магу ўспомніць твар, магу - прозвішча, магу - почырк нават, але магу і не згадаць, канешне.
Тут не ўспомніла, і дзядзька назваў мне імя і прозвішча. Не дапамагло. Ён згадаў нейкі выпадак - не ўспомніла. І тут ён неяк смешна засаромеўся і прыціснуўся да мяне плячом.
І я адразу ўспомніла! Такі лапавухі быў хлопчык, усмешлівы, вельмі ласкавы, ёсць такія дзеці, якія ўсё спрабуюць прыціснуцца, прыласкацца, падсунуцца пад руку, каб іх прыабнялі, пашкадавалі. Троешнік быў глухі, але старанны такі, прыемны чалавечак. Я вучыла яго даўным-даўно, напрыканцы дзевяностых.
Аказалася - цяпер ён працуе ў пракуратуры. Мне гзта зусім нічога, бо я ў іх бачу толькі тых дзяўчат і хлопчыкаў, якіх памятаю за партай, а ён відавочна саромеўся. Мы крыху пагутарылі за жыццё, ён моцна прасіў мяне берагчы сябе і быць асцярожнай, даў парады, праводзіў мяне да метро, і мы вельмі цёпла развіталіся.
Прыехаўшы дадому, я, канешне, праверыла па ўсіх магчымых крыніцах, ці не замешаны ён у чымсьці благім.
І не, не замешаны.
Я вельмі веру ў людзей, бо сярод іх ёсць мае вучні. І вельмі сумую па працы ў школе, канешне. Гэта найлепшая праца на зямлі.
…
Шчэ ўлетку яны не маглі адрозніць прыслоўе ад дзеяслова, а сёння кажуць мне гэтак звысака: сінтаксічную ролю інфінітыва я разумею, а вось у даданых частках складаназалежных сказаў крыху блытаюся. Калі б асноўнай мэтай настаўніка было ўсяго толькі навучыць дзяцей прадмету, якой бы лёгкай была б нашая справа.