27 – 30 студзеня
Наша бабуля па кудзелі, баба Галя, у дзяцінстве перажыла дэпартацыю: усю сям'ю, маці і трох малых дзяцей, вывезлі ў 1941 у Сібір з Заходняй Беларусі. Бабуля ніколі не ўспамінала пры нас ніякіх абставін гэтай справы, не расказвала нам, як яны там жылі, увогуле з унукамі такой размовы не было ніколі, акрамя аднаго тэзіса, які бабуля часта паўтарала: "Калі б не добрыя людзі, мы б у жыцці не выжылі". У дзевяностыя ў Лунінцы выходзіла кніга "Памяць", бабуля для яе пісала ўспаміны, і там ужо мы прачыталі, як простыя вяскоўцы сяла Краснагорскае, самі паўгалодныя, дзяліліся з дэпартаванымі беларусамі і бульбай, і яйкамі, і нават некалі марожаным мясам.
Яшчэ нешта ўспомнілася мне, як у адзін з чорных дзён (хаця яны цяпер усе такія, што можна і не ўдакладняць) мы сядзелі ў нейкай выпадковай кавярні з адной дзяўчынкай, і было нам так блага, што мы нават і выглядалі так: шэрыя, ускудлачаныя, у нешта не надта зразумелае апранутыя. І яна ўсё казала: "Трэба быць каля людзей, трэба быць каля людзей".
Увогуле я глядзела днямі нейкае дакументальнае кіно пра Homo sapiens, і там доказна распавядалася пра тое, што гэты від перамог у эвалюцыйнай барацьбе менавіта таму, што ўмеў утвараць вялікія групы і ствараць трывалыя сувязі. Неандэртальцы, прыкладам, былі значна мацнейшыя і больш паспяховыя фізічна, але яны жылі невялікімі групамі і таму любая згуба, любая бяда была для іх фатальнай: калі з трох паляўнічых адзін гіне, двое блага спраўляюцца.
Яшчэ там прыводзіўся такі просты, але яскравы прыклад: шымпанзэ, прыкладам, выказваюць адзін да аднаго павагу праз вычосванне, кантакт з поўсцю. Адна малпа ў пэўны адрэзак часу можа вычасаць толькі адну іншую малпу. А чалавек можа праз слова выказаць любоў і павагу адразу да вялікай колькасці супляменнікаў, і гэта – ягоная эвалюцыйная перавага:)
Што я і раблю, хай сабе і такім складаным чынам:) Што называецца, sapienti sat)
…
Ёсць такі знакаміты кароткі верш, здаецца, хоку альбо танка, я не памятаю яго даслоўна, але прыблізна такі:
Позняя восень. Апошнія лісты.
Ніколі не бачыў
Столькі зялёных.
Ён пра тое, што летам мы не заўважаем зялёных лістоў, а ўвосень кожны з іх, зялёных, бачыцца асабліва выразна.
Дык вось ніколі раней я не думала, што навокал столькі дабра. Ведала, што шмат, але каб столькі. Дзякуй кожнаму, хто не дае дабру памерці.