Учора позна ўвечары ў нас здарылася неспадзяванка: усе канфоркі газавай пліты раптам пачалі гарэць чырвоным вагнём. Я б і не заўважыла, а Ілля аднекуль ведаў, што гэта - благі знак.
Час блізка да апоўначы, але газа я баюся, таму стала набіраць аварыйку.
Патэліла 104, адтуль мяне спакойным голасам (я надта люблю галасы дыспетчараў аварыйных службаў - заўсёды вельмі спакойныя, такія прафесійна спакойныя, уважлівыя, крыху стомленыя) пераадрасавалі на Жодзінскі ўчастак, а там трубку падняў нейкі таксама вельмі спакойны стомлены дзядзька з цвёрдым і густым беларускім "ч".
Выслухаў мяне – і стаў са мной зноў жа спакойна, па-сяброўску размаўляць.
- Ведаеце што, гэта зараз паўсюд. Людзі звоняць і звоняць. Вы не валнуйцеся. Пліту мылі? Можа, гэта ваша срэдства прагарае. А можа, качэства газа. А можа, работы на газапровадзе. Шмат можа быць прычын, я вам іх абрысаваў. Не, вы не перажывайце. Што рабіць пакуль што? Памажыце вашай пліце: адкройце вакно, дайце ёй кісларода. Не, не бойцеся. Не, не ўзарвецца. Людзі звоняць і звоняць. Давайце пацерпім. Колькі пацярпець? Дні два. Не хвалюйцеся.
Так ён мяне сваёй гаворкай закалыхаў, што я адразу ж супакоілася і пайшла сабе спаць.
Прачнулася – а ў пліце ў нас нармальны сіні газ.
Хацела б я кожны раз, калі нешта мяне трывожыць, мець такога дзядзьку ў тэлефоне. Я б тэлефанавала яму часта-часта.
…
Сабраліся мы з мужам у дастаўку аднаго маркетплэйса. Снегу ў нас па калена, зімна, забіраем мы там габарытны тавар (пластыкавую граду на вёску), ісці нам далёка і праз сумёты, карацей, выглядаем мы так: высокія чуні на нагах, шапкі, рукавіцы, у Юры аблавух і кажух, узялі з сабой дачную сумку на калёсіках і старыя калготкі падвязаць тую граду - карацей, у Менску ў такім выглядзе вы нават у пад'езд не сунецеся, а ў Смалявічах дык і нічога, але ўсё адно каларытна.
Адчыняю дзверы ў Іллюхаў пакой і пачынаю заўныўным голасам, адпаведным нашаму выгляду:
- Ну, сынок, застаешся дома адзін. Каша ў печы, хлеб на стале, вада ў студні, дроваў нанасі, печ вытапі, і глядзі, каб гусі-лебедзі цябе не скралі, а мы з бацькам...
Думаю, як гэта скончыць, каб не парушыць стылістыку, а Юра такім жа заўныўным голасам працягвае:
- А мы, сынок, пайшлі на Вайлдберыз...