Дзённік настаўніцы. 4 лютага

Ганна Севярынец
04.02.2024

У вучэбнай камунікацыі з дзецьмі я стараюся выкарыстоўваць нейкія простыя і ўстойлівыя формулы, якія, па маіх разліках, мусяць стаць для іх нейкімі ўмоўнымі рэфлексамі пры разважаннях.

Прыкладам, калі я бачу, што чалавек відавочна тупіць, заўсёды прапаную: "разважай услых". Калі трэба спыніць дзіця ад падзення ў чорную бездань энтрапіі, так і камандую: "стоп". Але калі я бачу, што вучань можа самастойна выблытацца са сваіх няпэўных і памылковых разважанняў, то чакаю, пакуль ён дабярэцца да неправільнага адказа і прашу: "дакажыце". Ён пачне даказваць - і сам зразумее, дзе памыліўся. Магу папрасіць даказаць і тады, калі адказ правільны - каб не ўспрымалі гэтае слова як сігнал памылкі. 

Учора адна дзяўчынка цяжка ўздыхнула, глянула з-пад ілба і кажа мне: "Ведаеце што, ў мяне ўжо кожны раз, калі я нешта хачу сказаць, у галаве вашым голасам гаворыцца: дакажыце". 

Тут за кадрам дэманічны смех)

Спатрэбілася мне запісаць пару файлаў голасам у добрай якасці. Прашу Іллю дапамагчы мне, бо ён на свае грошы набыў днямі добры мікрафон і ўвогуле разбіраецца.

Прыйшоў Ілля, падключае правады, тэстуе гук, а я тым часам думаю: трэба, пэўна, заплаціць чалавеку за арэнду і тэхнічнае суправаджэнне, няхай рыхтуецца да дарослага жыцця.

- Іллюха, – кажу яму, – я табе заплачу па пяць рублёў за файл.

Ілля маўчыць, але адчуваю – прысабраўся, ссунуў бровы на нос, рухі сталі такія больш парывістыя. Пасунуў да мяне мікрафон і кажа:

- Ну давайце, дзевушка, час не гумовы, тэхніка прастойвае.

Да дарослага жыцця цалкам падрыхтаваны, я лічу)

 

Гзта такі класічны харошы хлопчык, з "батанікаў", тых, хто ў любую эпідэмію грыпа сядзіць у класе, не ідзе на вуліцу, пакуль не вывучыць урокі, перажывае за кожную "васьмёрку" і ніколі не ўдзельнічае ў хлапечых шкодах. Раней яны сядзелі разам, але цяпер Іллюха перасеў ад яго, бо той сядзіць толькі на першай парце, а наш таварыш любіць пераважна заднія.

Я, канешне, люблю такога сябручка для свайго бандыта, і люблю, калі ён прыходзіць: нібы павеў ветрыка, даносіцца да мяне з калідора ягонае ледзь чутнае "здрасце", потым далікатна шуміць вада ў ваннай, дзе ён без напаміну мые рукі, шолах, шчаўчок - і ён ужо ў пакоі Іллі. Сядзяць яны там вельмі ціха, а потым ён незаўважна знікае. Мяркуючы па ягоных ботах, пастаўленых роўненька па лінеечцы, і верхняй вопратцы, якая чынна-благародна вісіць на вольным месцы побач з баявымі, паскубанымі ў баях і футбольных матчах Іллюхавым курткамі,  ён высокі, хударлявы і надзвычай акуратны чалавек.

Іншы раз яны нешта перакусваюць у нас: Ілля забірае з кухні талеркі, заносіць у пакой, вяртае пустымі.

Я, канешне, не сунуся да іх, памятаючы, як пужалі мяне ў дзяцінстве чужыя настойлівыя дарослыя. Але, ясная справа, пабачыць хочацца.

Сёння прынесла ім марозіва і крычу: Ілля! Тут вам тое-сёе ляжыць у лядоўні!

Інтрыга! І хлопчык губляе кантроль! Раз - і выскокваюць абодва з пакоя з тым самым аднолькавым выразам твару, з якім усе дзеці свету бягуць сустракаць маму з крамы)

- Прывет! - кажу яму.

- Здрасце! - шэпча ён разгублена, і спінай адступае ў Іллюхаў пакой.

Але я ўжо паспела намётаным настаўніцкім вокам схапіць усё, што трэба, і думаю, недзе праз год яны з Іллём будуць зноў сядзець за адной партай) задняй)