Дзённік настаўніцы. 11-24 лютага

Ганна Севярынец
24.02.2024

Адзін добры чалавек (нізкі яму паклон) знайшоў сёння ў НГІАБ і даслаў мне рэвізскую казку (перапіс) 1795 года па вёсцы Унорыца. У мяне было сёння справаў па горла, але кінула ўсё і села яе расчытваць. 1795 год, апошні падзел Рэчы Паспалітай, імперскія чыноўнікі перапісваюць насельніцтва былога ВКЛ, а наша Унорыца так і ляжыць сабе на высокім беразе Дняпра, як і да таго, і пасля таго, і людзі там ходзяць у наш лес і дзеці боўтаюцца ў спёку ў нашай рацэ.

Пасля неабходнага, традыцыйнага для ўсіх рэвізскіх казак таго часу, ўступа, перад табліцай, у якой паіменаваныя ўсе тагачасныя жыхары Унорыцы (рускі ротмістр, які складаў перапіс, піша - Уноритса) першымі радкамі ідуць такія:

В деревне Уноритсе казенные поселяне коренные здешней страны уроженцы:

Оседлые:

1 двор:

Степан Григориев сын Северинеч вдов 100

100 - гэта ўзрост:) вдов - гэта "вдовец" (яно і зразумела, рэдкая жанчына ў вёсцы дажыве да ста год). Калі Сцяпан Рыгоравіч не дадумаў сабе крыху гадоў, дык атрымліваецца, што нарадзіўся ён у 1695:)

Хаджу цэлы вечар і думаю пра сябе: "здешняй страны ўраджэнцы":))

 

А вось калі ў цяперашняй моладзі ў іхных будучых сацсетках будзе флэшмоб пра 21, на гэтых фотках будуць эпідэміі, рэвалюцыі, эміграцыя і вайна.

 

Толькі туман і трывога на лёдзе,

Па волі альбо супраць волі багоў

Моўчадзь ускрылася. Моўчадзь выходзіць.

Моўчадзь выходзіць з сваіх берагоў.

Ціша. На снезе сцяжынка аленя.

Ціша. На купцы зчарнелы лісток.

Раптам вярба ў вадзе па калена,

Раптам у вадзе па парэнчы масток.

Моўчадзь паўзе і паўзе незаўважна,

Моўчадзь няўхільна, няўмольна паўзе,

Тое, што важыла, болей не важыць,

Тое, што ў небе, цяпер у вадзе,

Моўчадзь накрые дарогу і поле,

Пройдзе праз сцены калючых ажын,

Усё гаманкое і трапяткое

Моўчаддзю стане праз дзесяць хвілін.

Ты не ўглядайся, ты не ўсочыш.

Усе твае мары, і мроі, і сны

Гэта халодная стыглая Моўчадзь,

Весніца будучай нашай вясны.