Такая бяда для чалавека, які спасцігае свет праз словы - тое, што цяпер робіцца са словам. Я ўжо даўно не магу ані чытаць, ані слухаць навіны і тым больш аналітыку, бо бачу толькі прапаганду, прапаганду, прапаганду, не важна, чыю і з якога боку, і нават не важная тэма. Людзі маніпулююць, маняць, перакручваюць, апублічваюць уласныя рэальнасці без спробы нават улічыць рэальнасці іншыя, і ладна б, калі б так рабілі проста нейкія "яны", баюся, я і сама так рабіла і раблю.
У мяне ўнутры ідуць цяпер нейкія цяжкія для мяне працэсы пераасэнсавання, адкрыцця наноў - не людзей, ніякіх адкрыццяў у гэтай вобласці цяперашні час мне не нясе - а поглядаў, канцэпцый, нейкіх акцэнтаў, якія я калісьці расстаўляла. Я зусім па-іншаму бачу цяпер той час, пра які я пісала "Бельгію", і я зноў шчаслівая, што напісала яе тады, бо зараз я разумею, што ніколі б не дазволіла сабе яе пісаць са сваім цяперашнім разуменнем, што "ўсё не так". Не так - танчэй, страшней, бальней.
Стала вельмі балюча ўспрымаць катэгарычныя, рэзкія ацэнкі, што цяперашніх падзей, што тагачасных. Заглядваю па патрэбе ў нейкія артыкулы, манаграфіі, мемуары па сваёй тэме – і бачу адну толькі прапаганду, прапаганду, прапаганду, спробу спрасціць, пабудаваць міф, перайначыць час. Канешне, працуючы з тэкстамі 1920х, я разумела, што трэба аддзяляць лінію партыі ад чалавечага, але цяпер я не хачу аддзяляць, я хачу выкідаць, выкідаю, а там нічога не застаецца. І я не толькі партыю бальшавікоў маю на ўвазе – любую, любую партыю. Мяне ванітуе ад любых ідэй.
Пры гэтым некаторае разуменне тых часоў дае мне вялікую перавагу ў часах гэтых – мяне нічога не дзівіць і не расчароўвае, і мне, пэўна, меней баліць, чым іншым, бо ўсё гэта ўжо было, і я ў гэтым ужо нібыта жыла.
Самае важнае, што раней я не бачыла, не звяртала ўвагі на тое, як людзі слова тых дваццатых спраўляліся менавіта з гэтым адчуваннем немачы і немасці, якое і я цяпер перажываю, і яны перажывалі. І мне цяпер зусім па-іншаму чытаюцца тыя вершы, у якіх нічога няма, акрамя рытма, проста рытм, нейкая хваравітая скарагаворка, нейкі пошук немаведама чаго, што ты называеш нейкімі словамі проста таму, што рытм патрабуе ўвасаблення, а ты – чалавек слова, і не можаш нагрукаць рытм на барабане альбо правыць.
І ў нязнанай цьмянай далі словаў новых мы шукалі,
Словаў новых мы шукалі і ня здолелі знайсьці,
А ў жытнёвым у прасторы рассыпалі песьні зоры,
Рассыпалі песьні зоры каля возера ў трысьці.
І ня думалі ніколі, што ў нашай моцы доля.
Што ў нашай моцы доля і ня вырвецца ад нас;
Не магло нам і прысьніцца – нашых думак калясьніца,
Нашых думак калясьніца – гэта сьвету апаяс.
Хто-ж казаў, што ў цьмянай далі словаў новых мы шукалі,
Словаў новых мы шукалі і не здолелі знайсьці?
Новы дзень не за гарамі. Наша доля будзе з намі,
Наша доля будзе з намі днямі новымі цьвісьці.
Алесь Дудар.
Калісьці я бачыла чужы сон. Бачыла і разумела, што ён не мой. Сон быў вельмі просты. Шэрая дарога праз поле і паміж каляінамі - высокі куст нейкай травы. Я яго сніла ўсю ноч і памятаю да сёння ў падрабязнасцях.
Я думаю, што гэта і ёсць тое, пра што я не напісала ў "Бельгіі". Гэта і ёсць тое, што ніхто і ніколі не раскажа пра час.