Я ўсё чакала, калі ж тут у Беларусі пачнуць прыходзіць да пісьменнікаў і патрабаваць, каб мы адназначна і публічна выказаліся наконт улады, напрыклад. Як гэта было ў трыццатыя: не адседзешся ва ўнутранай эміграцыі, выказвайся, вызначайся, альбо – ну ясна, што. Ніхто (пакуль) так і не прыйшоў, а калі прыйдзе, я, канешне, ведаю, што рабіць.
Сёння каментатары з ліку "сваіх", дачапіўшыся да майго даволі спакойнага і ветлівага каментара ў апошняй дыскусіі, патрабуюць, каб я больш адназначна і больш падрабязна выказалася наконт нашумелага паста. Я не была гатовая да такіх кандзібобераў соцыюма, сказаць па праўдзе.
"І коміссары в пыльных шлемах склонятся молча надо мной".
Памятаю, як калісьці даўно я адмовілася пісаць пост пра Даната Скакуна, хлопчыка, які парэзаў настаўніцу ў школе. Адмовілася па вельмі простай і, на мой погляд, вычарпальнай прычыне: я не разумела сутнасці справы, не мела інфармацыі і не мела магчымасці аналізаваць анічога ў ёй. Чалавек, які прасіў мяне напісаць гэта, доўга крычаў мне ў слухаўку, што гэта з-за такіх, як я, пачынаецца трыццаць сёмы год.
Калі гэта з-за такіх, як я, квітнее хатні гвалт і пачынаецца трыццаць сёмы год, то я, дарагія таварышы, проста не ведаю, што вам сказаць у сваё апраўданне.
…
У кнізе загадаў па міжваеннай "Савецкай Беларусі" у мяне ёсць любімы герой – таварыш Брацішка.
Увогуле гэтая кніга загадаў, якую я амаль год перадрукоўвала ў архіве – сама па сабе цягне на цэлы раман, а можа, і не адзін. Праз сухую канцыляршчыну там праглядаюць захапляльныя і драматычныя сюжэты, трэба толькі крышачку дадаць фантазіі і ўласнага жыццёвага досведу.
Дык вось таварыш Брацішка – гэта тэхнічны рэдактар Саўбеліі. Звалі таварыша Брацішку Таццянай. Мяняліся рэдактары, мільгалі як прывіды рэпарцёры, загадчыкі аддзелаў, карэспандэнты, кур'еры і агенты па падпісцы, а таварыш Брацішка спраўна выходзіла з адпачынку на працу, сыходзіла ў адпачынак, выходзіла, сыходзіла, роўна па графіку – то бок проста рабіла сваю працу і іншы раз пераводзіла дух. Паколькі сярод загадаў сустракаюцца загады аб падвышэнні аклада таварышу Брацішка, працавала яна добра, і рэдактар Чарот яе цаніў.
І вось Чарот на тры месяцы сыходзіць у творчы адпачынак. Першы загад, які выдае ягоны намеснік Ліманоўскі – загад аб паніжэнні па службе таварыша Брацішка ў сувязі з неадпаведнасцю займаемай пасадзе. Наступны загад – аб звальненні таварыша Брацішка па ўласным жаданні. Тут нечакана на працу вяртаецца Чарот. Выдае загад аб прыняцці на работу таварыша Брацішка. І сыходзіць зноў у адпачынак.
І далей таварыш Брацішка працуе сабе, як і працавала раней. А потым сляды яе губляюцца – бо кніга загадаў запоўнена да апошняй старонкі, а другая - не захавалася.