Бывае, так збрыдае бясконцая хатняя кулінарыя, што ажно зубы ломіць ад гэтага вечнага, дзесяцігоддзямі, прыдумляння, што б такога ядомага прапанаваць сям'і. Я тады ўпадаю ў кулінарную дэпрэсію, і мы тыднямі спажываем пельмені, макароны з сасіскамі і бульбу ў розных відах, ад чаго мне шчэ горш, бо сама люблю смачна паесці болей за ўсіх.
І бываюць такія рэцэпты, якія быццам інсайт, манна нябесная, мара кулінара: знайшоў – і бягом на кухню, нібы і не было чорнай кухоннай тугі)
От вам сёння такі.
Не памятаю, як канкрэтна называецца гэтая курыца, пабачыла на нейкім канале і ў момант забылася назву. Я назвала для сябе "азіяцкая кура".
Спатрэбіцца: мякаць курынага сцягна (штук 6-7), балгарскі перац, зялёная цыбуля пер'е, соевы соус, кунжутны соус (прадаецца ў крамах побач з соевым), вінны воцат ці іншы смачны, часнак, імбір молаты альбо цэлы, арэхі кеш'ю (у мяне было дзве прыгоршчы).
Мякаць рэжам палосачкамі, марынуем у соевым соўсе, плюс лыжачка воцату і лыжачка цукру. Я марынавала гадзіны дзве.
Выкладаем на патэльню, абсмажваем хвілін сем, заліваем соевым і кунжутным соусам. Ставім на маленькі агонь таміцца. Па чарзе туды закідваем нашынкаваны перац, потым імбір (я кінула пол-лыжачкі молатага, у арыгінальным рэцэпце наструганы корань), потым кеш'ю. Шчэ хвілін дзесяць. Напрыканцы – часнак і цыбуля, парэзаная буйнымі кавалкамі.
Гэта проста бомба) Ідэальна з рысам) Не выкідайце з рэцэпта кеш'ю – у іх самы смак)