Натрапіла на дзённік Удзяку Акіта, японскага пісьменніка, які ў 1928 годзе прыязджаў у БССР і сустракаўся тут з маладымі пісьменнікамі. Ён быў адэптам камуністычнай ідэі, а яшчэ – эсперантыстам, таму яго вельмі цікавіў і СССР, і БССР, у якой тады быў надзвычай моцны эсперантысцкі рух.
Нечакана над дзённікам шмат смяялася:)
Акіта стараўся запісваць каротка ўвесь дзень, ад раніцы да вечара. Даты, якія мяне цікавілі, пачынаюцца з маскоўскай гасцініцы, потым Акіта едзе на вакзал, садзіцца ў цягнік, некалькі дзён праводзіць у Беларусі, потым едзе назад, і вось ён зноў у Маскве.
Першы вечар, маскоўскі: "Увечары не падымаўся, вучыў рускую мову". Другі вечар, у цягніку: "Ноч. Спалося дрэнна. У цягніку душна". Трэці вечар, у Менску: "Глядзеў спектакль". Карацей, вельмі прыстойны японскі пісьменнік.
А праз тры дні нарэшце яго акупавалі беларускія літаратары.
Вечар першага дня: "Напіўся... На рамізніку позна ўночы вярнуўся ў гатэль..."
Вечар другога дня: "Пачалося застолле. Стаміўся".
Вечар трэцяга дня: "На пачатку пятай лёг спаць. Крыху перапіў, таму было блага".
Нарэшце бедны Акіта сядае ў цягнік і едзе назад у Маскву.
Запіс вечаровы маскоўскі: "Пасля вячэры гарбата з цукрам".