Уражанне дня: хек.
Рыбу гэтую я вельмі люблю і вылучаю яе сярод іншых за яе душэўнасць. Вядома ж, душэўнасць тая вызначаецца мной на смак. Калі я спажываю хек (а я смачна яе гатую), то мне заўсёды не тое каб уяўляецца, але мроіцца, што гэтая вясёлая рыбка не мае ані кагнітыўных дысанансаў, ані экзістэнцыяльных пакут, гужуе сабе ў марскіх хвалях, нарошчвае мяса, не атручанае бясконцымі перажываннямі, потым нешта такое адбываецца (як кожны махровы гуманіст, я аб гэтым стараюся не думаць) - і вось яна на маім стале, і мне вельмі смачна.
А насамрэч, аказваецца, рыбу гэтую прадаюць без галавы таму, што яна (галава) надзвычай страшная. Нават вусцішная. Такая жудасная, што ў продаж не пусціш. І жаруць тыя хекі іншую рыбу, і нават уласных дзяцей.
І бываюць на свеце і людзі-хек, і часы-хек, і гістарычныя з'явы-хек, і кнігі-хек.
І ўвогуле, падазраю, у некаторым сэнсе і жыццё – хек.