Марыла я трапіць на Ноч музеяў да Багдановіча, на канцэрт Іллі Шынкарэнкі. Але не трапіла. Тады я стала марыць, каб нехта мне зняў адтуль відэа, хаця б крышачку. Але пасаромелася прасіць, абцяжарваць людзей. І вось сяджу, раз-пораз вазьму ды й засумую: калі шчэ такое будзе, калі я патраплю, калі пагляджу.
А тут – опа) Піша мне адна мая вучаніца) Маўляў, глядзіце, дзе я зараз) І дасылае відэа) Акурат адтуль)
А потым і яшчэ, і яшчэ)
Хто-хто, а ўжо дзеці – дзеці ніколі не падвядуць)
…
Дачушка даслала верш Алеся Разанава дзеля апошняга сказу.
***
Мусім тлумачыць усім i сабе таксама, што азначаюць нашыя словы, i прыкладаць ix да нейкай, схаванай у памяці, меркі, каб ім вярнуць першаісны змест.
Мы на паверхні з’яваў: усё, чым былі мы істотныя, засталося ў пластах глыбіні, i хоць мы не вандроўнікі, мы ўсё адно ў выгнанні, i забароны кіруюць намі, з дня ў дзень прывучаючы нас зразумець ізасвоіць, што дазваляецца нам, што — не…
Цьмяныя нашы мэты, і, асягаючы ix, пярэчым шчырым сваім памкненням: усё-ткі мы трацім усякі раз болей, чым здольны набыць.
Мы ў спрэчцы з сабой.
Але, быццам багіня кранае рукой за касмык валасоў, незаўважна для ўсіх астатніх, угневанага Ахіла, нас раптам кранае спакой —
i мы пазіраем з надзеяй, якая не мае патрэбы ў абгрунтаванні, у тое, што мае быць.
…
Збіраю Іллю на лінейку. Абавязковая працэдура – пачысціць вопратку ад кацінай поўсці, бо яна ў нас паўсюль. Спецыяльны ролік раптоўна ламаецца, бягу бяру запасны, таксама без ручкі, спрабую неяк прыладзіцца, атрымліваецца блага, урэшце Ілля забірае ў мяне прыладу, хуценька пракочвае па штанах, глядзіць на мяне з жалем і кажа:
- Нават і не ведаю, як гэта мне цябе пакінуць.
- А куды гэта ты далёка сабраўся?
- Ну на лінейку ж. Як ты тут без мяне, загубленае пакаленне.