Якая ўсё ж цяжкая зямля ў нас за Вязынкай. Рудая, сухая, як што – адразу пераўтвараецца ў камень. Шмат вады – камянее, шмат сонца – камянее, мала таго ці іншага —зноў камянее. Толькі разграбеш, раздзяўбеш яе капаніцай, а тое і рыдлёўкай, засыпеш якой даламіткі, попелу, гною, каб хаця троху працерці вочы няшчасным прыстойным раслінам – тут жа пачынае лезці розная трасца, снытка, крапіва, пырнік, якім толькі дай сігнал, адкуль што бярэцца. Капусту тут можна толькі вылюляць, бульбу – толькі выпеставаць, ўбіўшыся ўшчэнт, памідоры – толькі станцаваўшы ўвесь магчымы рэпертуар агратанцаў, улучна з пратыканнем сцяблін меднай провалачкай, бо фітафтора нават у парніку. І то спёка, то холад, то навальніца, то град, то туманы, то тля, то дразды.
І ўсё адно. Крышачку любові, самую крышачку – і падымаюцца гуркі, і гераічна адбіваецца ад цветаеда яблыня, ратуе будучыя яблыкі, і з апошніх сіл выбіваецца вішня, скручаная ракам, пабітая лішайнікам, але ж паднацісне, і ў ягадах. Кожны год, кожны год, ведаючы ўсё і пра град, і пра тлю, і пра халодныя сырыя ночы. І ладна шматгадовыя расліны, яны хаця б зрэдку бачылі то лагодны чэрвень, то пяшчотны жнівень, а тыя, якія жывуць адзін год? Нарадзіліся ў шэрані, выбіваліся з сіл, стрэлілі кабачкамі, каб парадаваць свет сваёй заўсёды залішняй дабрынёй, і зжаўцелі ў халодную жнівеньскую ноч. Усяго і жыцця.
Адны часнак і цыбуля тут спачуваюцца добра. Тыя, ад каторых альбо дых захопіць, альбо слёзы цякуць.
А шчэ вельмі прыгожыя півоні. І бэз. І ружы. І каліна. А ўжо жыта з васількамі, што і казаць, няма прыгажэй.
Якая зямля, такія і людзі.
…
Два гады таму – крыху менш – я клала Лідзію Маркаўну ў бальніцу. Так атрымалася, што інсульт у яе адбыўся фактычна на маіх вачах, я спазнілася літаральна на пару гадзін, каб дапамагчы своечасова. Ехала з дачы, з пакетам кабачкоў, сустрэлася з дзяўчатамі, якія былі гатовыя дзяжурыць пры ёй пасменна, мы пайшлі да ЛМ, а там – непапраўнае.
У бальніцы мне сказалі зняць з яе гадзіннік. Паклала яго ў сумку. Так ён там і ляжыць. З большага я забывалася на яго, а калі знаходзіла, думала, што аддам, калі яна зможа ім карыстацца, будзе такі як бы рытуал.
Сёння ўспомніла, дастала з сумкі. А ён ідзе. І час на ім правільны, мой.
Людзі часта мне кажуць, што я – містычна настроеная асоба. А я абсалютна цвярозы розумам чалавек, матэрыяліст і ўсякае такое. Проста я сёння з раніцы чарговы раз моцна сумую па ўсіх, з кім зараз не магу пагаварыць, і па мёртвых, і па жывых, і ў мяне ў сумцы ціхенька і няўхільна жыве сабе яе гадзіннік.