Дзённік настаўніцы. 4 чэрвеня

Ганна Севярынец
04.06.2024

На вёсцы здарэнне: упала буслянка. Буслянка гэтая была тут столькі, колькі я магу памятаць, і столькі, колькі памятаў мой тата. Думаю, ёй было дакладна за сто гадоў, бо і бабуля, і дзед таксама памяталі гэтых буслоў столькі, колькі ўвогуле маглі памятаць углыб. Любы тэкст майго таты пра Унорыцу заўсёды ўтрымліваў гэтую буслянку як абавязковы кутны камень унорыцкага сусвета, і яна і была такім каменем. Тата, дарэчы, і пахаваны насупраць яе, бо і буслы, і могілкі ў нас – на пачатку вёскі.

Унорыца, канешне, перапалашылася. Перажываюць не толькі тыя, хто тутэйшы, але і дачнікі, і рыбакі. Толькі і гутаркі, што пра буслянку.

На агульным адрэналіне хуценька ўзнікла ініцыятыўная група, якая запрапанавала нечаканае рашэнне: сабралі грошай, дамовіліся з гарадской царквой – і будуць ставіць крыж, якога якраз ніколі перад вёскай не было. Цяпер гутараць пры сустрэчы пра буслянку і пра крыж. На маёй памяці за апошнія трыццаць гадоў гэта першая такая агульнавясковая талака, калі аб'ядналіся і мясцовыя, і прышлыя.

Я ўчора моцна перажывала па буслянцы. Гэтай вясной бацькі-буслы наважыліся ажно на чатыры бусляняткі, і дзе ж яны цяпер? Ды і ўвогуле. Як Унорыцы без гэтай векавечнай і векапомнай дэталі? Як бы і Унорыца ўжо не зусім яна. Бо ўсё было пераменлівым, а яна – канстантай.

Але гэта ж і ёсць праява таго, што вёска жыве. Буслянка ўпала, крыж паўстаў. Усё цячэ. Жыццё ёсць рух, перамена. Яго немагчыма прышпіліць да картонкі, як прышпільваюць энтамолагі матылька.

Хаця я па сваёй прыродзе з тых, хто якраз прышпільвае. Я люблю, калі дарагія мне рэчы застаюцца непахіснымі і нязменнымі. А тут, ва Унорыцы, усё смяецца з мяне: рака, падгрызены паводкай бераг, сухое дрэва, новы алешнік за вёскай, заняпалая ферма, лес, які таксама ўжо сто разоў змяніў  свае абрысы.

І з буслянкай жа якая справа. Нават калі выклікаць спецыяльныя службы, каб яны паклалі на той самы слуп новую аснову, дык усё адно буслянка будзе ўжо не тая. Для такіх, як я, гэта прам бяда:)

От для гэткіх во няшчасных і прыдуманы музеі, падручнікі гісторыі і старыя фоты:)

Унорыца. Іду па шашы, задумаўшыся. Раптам рэзка падлятае таксі. Адтуль высоўваецца дзядзька трошкі ў гадах і пытаецца:

-Дзевушка! Гдзе тут можна выпіць і закусіць?

Агледзелася я навокал, акінула вачыма палі, і лугі, і дняпроўскія берагі, і кажу:

- Ды паўсюль!

Ён пільна паглядзеў на мяне і кажа:

- Дзякуй табе, Ганна, за ўсё!

І так цёпла і хораша стала на сэрцы)

(ПыСы. Гзта, калі што, я з задавальненнем далучылася да флэшмобу)