Ганна Севярынец
08.06.2024
Сёння пасядзелі з сяброўкамі Лідзіі Маркаўны, справілі саракавіны. Як жа я люблю гэтых жанчын трыццатых гадоў нараджэння! Усе, з кім мне давялося перасякацца, усе гэтыя дзеці ваеннага ліхалецця і паваеннага голада, усе яны скрозь прасякнутыя такой любоўю да жыцця, такой невераемнай моцай, такім унутраным святлом, што хочацца верыць і ў сваё такое ж прыгожае будучае жыццё. Я даўно заўважыла: людзі, што перажылі цяжкія часы, неяк па-асабліваму вітальныя, у іх жыццё ажно пералівае цераз край.
Паказалі мне фотаздымак маладой Ліды. Як сказала мая дачушка, яна нясцерпна прыгожая.
Дзіўна было б,
Калі б не было
Страшна, пакутна і больна,
І каб вось гэтае крохкае
Ацалець бы магло
У жорнах гісторыі,
Што мелюць
Павольна.