Дзённік настаўніцы. Ліпень.

Ганна Севярынец
26.07.2024
А вось знайшоўся, здаецца, невядомы да сёння, не надта якасны, але харошы здымачак Уладзіміра Хадыкі, харошага міжваеннага нашага паэта. Па ім мала што засталося: сам загінуў у лагеры, жонку забілі ў гета, малога сына - у Трасцянцы, якія там маглі быць архівы. Успаміны пра яго вельмі скупыя, два-тры словы, бо асабліва не было каму ўспамінаць: ён сябраваў з Таўбіным і Дударом, якія там мемуары. Здымак захаваўся ў дыяспары.
А вось мой любімы ягоны верш:
Снапок аўса
Мне сказала маці: выжні
Ты цялятам асакі…
Калыхаўся ціха здрыжнік
Ля блакітнае ракі.
Мне сказала маці: туга
Натапчы і прынясі…
Гаманіла неба з лугам,
Гаманіла з лугам сінь.
Маці мне сказала: у хату
Ты астатняе ўсып…
Жалі ў полудзень дзяўчаты
Недажатыя аўсы.
Па балотах і аблонях
Я зялёнага шукаў…
Сенажаці збілі коні,
І пасохла асака.
Па дарозе невядомай
Беглі кветкі і раса…
І да матчынага дома
Я прынёс снапок аўса.
1927

Яшчэ знайшла вельмі прыгожы верш Уладзіміра Хадыкі. Як часта бывае з міжваеннымі паэтамі, самых прыгожых іхных вершаў у сеціве няма. Выпраўляю:)

На палянцы беленькай

паясок,

Пад сасонкай цененькай

верасок.

Чмарымі палоскамі

маладняк

Будзіць адгалоскамі

золак дня.

Пралятае раніца

па гаі,

Дзіўная, купаецца

ў ручаі.

Сінімі балотамі

сцеле дым...

Згіну за чаротамі

маладым!

Перап'юся соладам,

згіну там...

Дарма сваю моладасць

не аддам.

Беларусь дзяўчынаю

будзе мне -

Апяю рабінаю

пры гумне.

Прытулюся к тварыку

гонь любых -

Выйду без ліхтарыка,

без журбы.

Па паляне беленькай

Я пайду,

А сасонкі цененькай

не знайду.

Новазыбкаў, 1926