Вучні 10-х кл. вывучаюць нямала гуманітарных (некаторыя прапануюць нарэшце выправіць тэрміналёгію – гуманістычных, бо гуманітарная бывае толькі дапамога) прадметаў. У дзяржавах, якія адбудоўваюцца пасьля чужынскай улады або ствараюцца наноў, гэтыя прадметы – нацыятворчыя, яны маюць спрыяць укладаньню каштоўнаснай ярархіі, закладаць у сьвядомасьць вучняў спосабы й стэрэатыпы ўспрыманьня культуры і гісторыі на ўсё жыцьцё. У 10 х кл. гэта дзьве літаратуры, грамадазнаўства, дзьве гісторыі (усясьветная і Беларусі) паводле трох падручнікаў (трэці – Другая ўсясьветная вайна).
Я іх перагледзеў і некаторымі рэчамі быў зьдзіўлены. Уявіў, а таксама пачуў пытаньні ад дапытлівай моладзі. На жаль, мае звароты да навукоўцаў-гісторыкаў ня мелі наступстваў. Таму натую свае дылетанцкія – у якасьці бацькі школьніцы, а таксама маючы досьвед працы з тэкстам – уражаньні ад дзейнага дапаможніка з гісторыі Беларусі для 10 кл. Гэта не рэцэнзія, а пабежны агляд кнігі (пераважна цераз прызму моўных стэрэатыпаў ды ідэалягічных клішэ) на фоне яшчэ трох падручнікаў.
Такім чынам, гаворка найперш пра кнігу:
Новік, Я. К. Гісторыя Беларусі, 1917—1945 гг. : вучэбны дапаможнік для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання / аўтар метадычнага апарату В. В. Гінчук. — Мінск : Народная асвета, 2012. (а таксама: Космач, Г. А., Кошалеў, У. С., Краснова, М. А. Сусветная гісторыя Навейшага часу, 1918—1945 гг. : вучэбны дапаможнік для 10-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання / пад рэд. Г. А. Космача ; пер. з рус. мовы Г. А. Космача [і інш.]. — Мінск : Народная асвета, 2012; ] Грамадазнаўства : вучэбны дапаможнік для 10-га класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання / [М. І. Вішнеўскі і інш.] ; пад рэдакцыяй М. І. Вішнеўскага ; [пераклад з рускай мовы Т. А. Світы, М. В. Супрунчука] Вішнеўскі М. І., Гірына В. Н., Алянькова Ю. В., Мурашка Л. А. — Мiнск : Адукацыя i выхаванне, 2009; Вялiкая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны) : Вучэб. дапам. для 11 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання з 11-гадовым тэрмiнам навучання / А. А. Каваленя, М. А. Краснова, У. I. Лемяшонак i iнш.; Пад рэд. А. А. Каваленi, М. С. Сташкевiча. — Мiнск : БДУ, 2004). |
Пачну з таго, ці адстойвае аўтар пэўную ідэалягічную парадыгму.
Я. Новік адказвае на пытаньне ў самым пачатку дапаможніка. Там дэфініцыя Кастрычніцкага перавароту, для аўтара прынцыповая:
Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. у савецкай навуковай і вучэбнай літаратуры называлася Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяй. Вялікай — таму што гэтак жа, як Вялікая французская буржуазная рэвалюцыя канца XVIII ст. засведчыла пераход ад феадалізму да капіталізму ў сусветным маштабе, так Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак пераходу ад капіталізму да сацыялізму ў свеце. Сацыялістычнай — бо па сваіх мэтах і задачах (пабудова сацыялістычнага грамадства) яна мела сацыялістычны характар. Аднак з пачатку 1990-х гг. словы „вялікая“ і „сацыялістычная“ без навуковых абмеркаванняў па палітыка-ідэалагічных матывах з назвы рэвалюцыі былі выключаны. Цяпер гэтая гістарычная падзея называецца Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 г. (с. 12) |
Так на галовы сучасных падлеткаў абрынулася непрыхаваная крыўда Я. Новіка на 1990 я гады. Для яго нават тэрмін зь дзейнай міністэрскай праграмы Кастрычніцкая рэвалюцыя [1] непрымальны, пагатоў азначэньне „кастрычніцкі пераварот“. (А вось падручнік „Сусветная гісторыя“ нагадвае, што апошні тэрмін ужывалі самі бальшавікі, і толькі ў адыёзным 1937 годзе ўведзеная назва Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя). На апанэнтаў у справе назвы падзеі (ці ўваходзіць у іхны шэраг аўтарскі калектыў „Сусветнай гісторыі“?) Яўген Новік клеіць ярлык: бальшавіцкую назву скасавалі „без навуковых абмеркаванняў“. Такім чынам, ідэалягічная каштоўнасная шкала, пункт адліку і мернік ісьціны ў падручніку ёсьць. Ён пазнавальны для людзей, якія вучыліся 30, 40 і 50 год таму.
Адпаведна і пасьлядоўна ўжываецца тэрміналёгія клясавага падыходу: памешчыкі і капіталісты (працэнт беларусаў сярод якіх „быў нязначны“; § 1) – хаця такой тэрміналягічнай парадыгмы зноў жа няма ў навучальнай праграме. Нацыянальна-дэмакратычных дзеячоў ды створаныя імі інстытуцыі (скажам, Вялікую беларускую раду 1917 г., а пазьней – нацыянальна-адраджэнцкія партыі ад БХД да БПНС) Я. Новік ушуфлядкаваў у „лібэральна-буржуазнай“ нішы. Яны „адлюстроўвалі інтарэсы сярэдняй і дробнай буржуазіі, духавенства, чыноўніцтва, інтэлігенцыі, падтрымлівалі Часовы ўрад“, а потым „марылі аб стварэнні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на буржуазнай аснове“ (с. 7, 22). Пры гэтым тэрмін „буржуазны“, а таксама яго шматлікія ўжытыя тут дэрываты не фігуруюць ані ў пачатку выкладу, ані ў „Слоўніку гістарычных паняццяў“ у канцы кнігі, напісанай для школьнікаў 2-га дзесяцігодзьдзя XXI ст., ані зноў жа ў праграме.
Але калі вярнуцца да § 1, с. 5—6, дзе характарызуецца этнасацыяльная стратыфікацыя беларускага грамадзтва у першым дзесяцігодзьдзі ХХ ст., то памешчыкамі, паводле Новіка, былі расейцы і палякі, буржуазіяй – габрэі, а „беларусамі па нацыянальнасці былі сельскія жыхары і невялікая колькасць гараджан“. Так Новік не пакідае нішы і грунту для беларускага нацыянальнага руху.
Падвойныя стандарты
Ключавая для лёсаў беларускай дзяржаўнасьці падзея – Першы Ўсебеларускі зьезд, гвалтам разагнаны бальшавікамі. Я. Новік прысьвячае Зьезду немалы пасаж (с. 23—24):
Чаму так жорстка аднесліся органы савецкай улады да I Усебеларускага з’езда? Ці была забарона далейшай працы з’езда памылкай бальшавікоў? Такія погляды ёсць у гістарычнай навуцы.
Па-першае, Усебеларускі з’езд быў распушчаны не за спробу рэалізаваць права беларускага народа на самавызначэнне, як пішуць некаторыя гісторыкі, а за спробу ліквідаваць савецкую ўладу і адхіліць бальшавікоў ад кіраўніцтва краем. Кожная ўлада павінна ўмець сябе абараняць. У снежні 1917 г. у бальшавікоў Беларусі былі сілы і магчымасці, каб абараніць савецкую ўладу ад контррэвалюцыйных спроб яе ліквідацыі. Па-другое, прысутныя на з’ездзе 1872 дэлегаты не прадстаўлялі ўвесь беларускі народ. Ён не толькі іх не выбіраў, але і мала ведаў пра гэты з’езд. На з’ездзе былі прадстаўнікі палітычных партый і арганізацый, прафсаюзаў, органаў улады і кіравання. Таму нельга сцвярджаць пра „небывала прадстаўнічы Усебеларускі з’езд“, як гэта сустракаецца на старонках некаторых публікацый. Па-трэцяе, улада бальшавікоў у Расіі і ўрад У. Леніна ў Петраградзе ўдзельнікамі Усебеларускага з’езда прызнаваліся, а на тэрыторыі Беларусі павінна была існаваць буржуазная ўлада, незалежная ад СНК РСФСР і ад Савецкай Расіі. 3 гэтым не маглі пагадзіцца бальшавікі Беларусі. Па-чацвёртае, падзеі на з’ездзе і пасля яго сведчаць пра тое, што магчымасцей для супрацоўніцтва розных партый і арганізацый на савецкай аснове не існавала. Ішла барацьба паміж прыхільнікамі буржуазна-рэфармісцкага і рэвалюцыйна-сацыялістычнага кірункаў развіцця Беларусі. У такой сітуацыі ў розных палітычных плыняў не было іншага выбару ў барацьбе за ўладу, акрамя канфрантацыі. [Вылучэньні тлустым шрыфтам нашыя. – В. В.] |
Ізноў „буржуазная ўлада“ і „буржуазна-рэфармісцкі кірунак“ Усебеларускага зьезду – ярлык, узяты жыўцом з савецкай гістарыяграфіі. Нібыта і не было прынамсі двух з паловай дзесяцігодзьдзяў нарэшце аб’ектывізаваных дасьледаваньняў і ацэнак падзеяў 1917—1920 гадоў. Ізноў апалёгія бальшавікоў, ізноў палеміка зь „некаторымі гісторыкамі“ (відавочна, „буржуазнымі“?), прынамсі тройчы ў цытаваным фрагмэнце, прычым аргумэнтацыя іншых поглядаў не прыводзіцца.
Аўтар не абцяжарвае сябе доказамі, чаму Ўсебеларускі зьезд сьнежня 1917 году, зь якога вынікае легітымнасьць БНР, і ягоныя 1872 дэлегаты „не прадстаўлялі ўвесь беларускі народ“. Адпаведна апраўдваюцца гвалтоўныя дзеяньні бальшавікоў.
Затое VI Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя РКП(б), якая 30 сьнежня 1918 г. – 1 студзеня 1919 г. стварала ССРБ (с. 27), або 274 дэлегаты І Усебеларускага зьезду Саветаў, што фармальна зацьвярджалі тыя бальшавіцкія рашэньні (с. 29), або сходка „прадстаўнікоў партый і грамадскіх арганізацый“ 31 ліпеня 1920 г. у Менску, якая абвясьціла ССРБ паўторна (с. 39), у Новіка не выклікаюць сумневаў наконт іхнага права гаварыць ад імя беларускага народу.
Вось такія падвойныя стандарты.
Што такое добра і што такое дрэнна
Нельга не зьвярнуць увагі на канатацыі (ацэначную афарбоўку) у апісаньні Я. Новікам розных гістарычных падзеяў.
Так, уведзены бальшавіцкай уладай ваенны камунізм – нацыяналізацыя, харчразьвёрстка, усеагульная працоўная павіннасьць – апісваецца і тлумачыцца пазытыўна-апраўдальна: „забіранне ў сялян лішкаў прадукцыі“, „захаванне заваяванняў Кастрычніцкай рэвалюцыі“ (с. 15). Але такія самыя захады (рэквізыцыі ды пад.) нямецкай улады ў 1918 г. характарызуюцца вельмі нэгатыўна: „жорсткі акупацыйны рэжым“ (с. 18).
Беларуская Народная Рэспубліка, з гледзішча аўтара, „дзяржавай не з’яўлялася“ (с. 25). Пры гэтым няма згадак пра прызнаньне БНР рознымі дзяржавамі Эўропы, пра яе самастойную дзейнасьць у галіне вайсковага будаўніцтва, адукацыі. У лепшым выпадку, паводле Новіка, БНР – гэта „спроба стварэньня беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на буржуазнай [зноў жа!] аснове“ (с. 25) – дарэчы, пры відавочнай левізьне і сацыялістычнасьці праграмных дакумэнтаў БНР, за што іх пазьней крытыкавалі гісторыкі беларускага нацыянальнага руху. Г. зн. для Я. Новіка „буржуазнае“ ўсё, што не бальшавіцкае. Зрэшты, паколькі ў падручніку няма тлумачэньня тэрміну „буржуазны“, апошні выконвае ролю не тэрміналягічную, але адмоўнага эпітэта. Так у вучняў замацоўваюцца каштоўнасныя клішэ.
А вось Іосіф Сталін і яго палітыка апісваюцца іншаю лексікаю ды канатацыямі. „Палітычная лінія большасці кіраўнікоў ЦК ВКП(б) і СНК СССР, якія групаваліся вакол І. Сталіна, была накіравана на тое, што індустрыя павінна базіравацца на паступовым культурным пад’ёме матэрыяльнага і культурнага ўзроўню працоўных горада і вёскі“ (с. 47). Зразумела, у падручніку не абысьціся бяз эліпсісаў, скаротаў думкі, але не да такой жа ступені. Такі суцэльны пазытыў лягічна завяршаецца „перамогай лініі Сталіна і яго прыхільнікаў“ (с. 48). Гэта пра ягоную барацьбу зь Зіноўевым-Каменевым. Так клішэ „лінія Сталіна“ нечакана выварочваецца ў новую псэўдарэальнасьць, задняй датай абгрунтоўваецца стары-новы набор ідэалягічных сымбаляў.
Прадказальна, што ў піку БНР „рэальнае і дзейснае нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва“ зьвязваецца з БССР (с. 25).
Я. Новік прызнае: у сталінскім ладзе былі і дэфармацыі. Але яны „аб’ектыўна абумоўліваліся як складанасцю і маштабнасцю ўпершыню вырашаемых задачаў, так і наяўнасцю варожага СССР капіталістычнага акружэння, яго жаданнем знішчыць першую ў свеце краіну сацыялізму“ (с. 49). І далей віртуозна (ці ўсё ж нязграбна?) перакладае віну з камуністычнай дыктатуры на людзей, якія роспачна спрабавалі ёй супраціўляцца і бараніць сваё: „Нельга агульна называць усіх багатых сялян людзьмі, якіх савецкая ўлада незаслужана карала, крыўдзіла. Толькі са студзеня па красавік 1930 г. у БССР было зафіксавана 519 антысавецкіх кулацкіх выступленняў“ (с. 78).
Так, аўтар глядзіць на гісторыю Беларусі вачыма бальшавіка і не хавае гэтага. Ён асуджае спробу наркама земляробства БССР Зьмітра Прышчэпава адстаяць інтарэсы працавітых беларускіх сялянаў праз хутарызацыю (якая, дарэчы, дала добрыя вынікі ў суседняй некамуністычнай Літве), бо гэта, бач, умацаваньне капіталізму:
…Курс на перасяленне сялян на хутары і выдзяленне ім адрубаў сведчыў аб неразуменні Д. Прышчэпавым таго, што хутарызацыя — гэта шлях умацавання капіталістычных адносін у вёсцы, падтрымкі яе заможных жыхароў пад лозунгам „Багацей, беларускі селянін!“. Таму палітыка хутарызацыі Д. Прышчэпава (на хутары ў 1920 я гг. было выселена крыху больш за 12% сялянскіх гаспадарак Беларусі) супярэчыла палітыцы бальшавікоў, якія стваралі ў вёсцы сацыялістычныя калектыўныя гаспадаркі — калгасы, саўгасы, камуны, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі і іншыя кааператыўныя аб’яднанні, што паспяхова вырашалі задачу ліквідацыі цераспалосіцы і далёказямелля (с. 52). |
З пачаткам дыскурсу БССР з тэксту дапаможніка надоўга зьнікае тэрмінаспалучэньне „беларускі народ“ (яно зьяўляецца ў канцы, у кантэксьце „ўкладу беларускага народа ў Перамогу“, с. 157). Жыхары міжваеннай Савецкай Беларусі ў кнізе – частка „савецкага народу“:
„Найдзiўны мы народ і дзiўная дзяржава…“ (З. Сідаровіч)
„Цаной велізарных намаганняў савецкага, у тым ліку беларускага, народа, выкарыстання яго працоўнага энтузіязму … да канца 30-х гг. у СССР і БССР было створана сацыялістычнае грамадства“ (с. 48).
Калі ўсё ж трэба вылучыць насельніцтва Беларусі, Я. Новік ужывае выразы „беларускае грамадства“, „беларускі этнас“. Але „мы“ для аўтара – гэта ўсё ж „савецкі народ“, які „карыстаўся павагай з боку мільёнаў людзей у розных краінах свету“, быў аб’яднаны ідэяй патрыятызму і прасякнуты „пафасам стваральнай працы“ (с. 49).
Дэфініцыі „савецкага народу“ ў дапаможніку няма. Дарэчы, як мы памятаем, паняцьце „савецкага народу як новай гістарычнай супольнасьці“ было сфармуляванае ад імя М. Хрушчова толькі ў 1961 годзе, а датуль часьцей ужываўся тэрмін „народы СССР“. Зрэшты, выраз „савецкі народ“ у выкладаньні школьнай гісторыі замацоўваецца і праграмна, у тым ліку праз назву дапаможніка 2004 г. „Вялiкая Айчынная вайна савецкага народа“. Так прапагандысцкія клішэ праграмуюць самаідэнтыфікацыю аб’ектаў індактрынацыі – вучняў.
Паводле Новіка, „савецкі народ“ – гэта сынонім беларускага народу на адпаведнай тэрыторыі. Таму здымаецца вядомая калізія акупацыяў: ці мянялі цягам ХХ стагодзьдзя акупанты адзін другога, ці адны прыхадні былі чужыя, а другія – свае, бо савецкія. Але ў дапытлівага юнака ўзьнікне пытаньне: а як жа вызначаць ідэнтычнасьць народу міжваеннай Заходняй Беларусі – а гэта 4,6 млн. чалавек, якія ніяк не былі савецкімі, нават нешматлікія камуністы (за што пазьней і паплаціліся)?
Несавецкая Беларусь – кагнітыўны дысананс?
Ярархія заходнебеларускіх арганізацыяў у Новіка пачынаецца з КПЗБ, хаця ў дзейнай навучальнай праграме такой абрэвіятуры зусім няма. Аўтар упэўнена сьцьвярджае, што пад кіраўніцтвам падпольнай КПЗБ дзейнічаў ня толькі падпольны камсамол, але і Беларуская сялянска-работніцкая (у тэксьце „рабочая“) грамада, і Таварыства беларускай школы (старшынём якога, дарэчы, адзін час быў каталіцкі сьвятар і антыкамуніст Адам Станкевіч). Мноства мэмуарных і навуковых публікацыяў пасьлясавецкага часу, дзе паказана, як хацелі камуністы ўзначаліць ня імі створаны магутны і шматлюдны беларускі нацыянальна-вызвольны рух, як ім гэта не ўдавалася і як яны шкодзілі беларускай справе, прайшло міма ўвагі аўтара дапаможніка.
Дапытлівы юнак прачытае ў адпаведным разьдзеле: „Да захопу Польшчай Заходняй Беларусі тут працавала 359 беларускіх школаў, настаўніцкія семінарыі…, беларускія гімназіі“ – і спытае, адкуль была зьявілася такая салідная інстытуцыянальная база для нацыянальнага будаўніцтва. Але ў падручніку адказу няма – бо няма нічога пра нацыятворчую, у тым адукацыйную, дзейнасьць БНР; няма Сярэдняй Літвы і беларускай працы ў яе інстытуцыях (дарэчы, няма і дачыненьняў беларусаў з новастворанаю Літоўскаю дзяржаваю, няма праскай эміграцыі ды шмат чаго несавецкага яшчэ).
Наагул Заходняй Беларусі – а гэта палова нашай краіны і палова яе міжваеннай гісторыі – адводзіцца ўсяго два параграфы (§§ 18, 19). Такой істотнай сіле, як Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, разам зь Беларускім сялянскім саюзам ды іншымі цэнтрысцкімі групамі двума сказамі адводзіцца маргінальна-нэгатыўная ніша: „Яны адмоўна адносіліся да СССР, выступалі супраць рэвалюцыйнага руху працоўных, а некаторыя з іх падтрымлівалі палітыку польскіх улад“. Гэта пра БХД, мноства актывістаў якой цярпелі ад перасьледу тых самых польскіх уладаў.
Праглядаецца антыкаталіцкая пазыцыя аўтара: зусім няма згадак пра такія знакавыя постаці заходнебеларускага грамадзкага і палітычнага жыцьця, як сьвятары (ужо згаданы вышэй) Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Станіслаў Глякоўскі. У падпункце „Праваслаўная царква і каталіцкі касьцёл. Неаунія ў Заходняй Беларусі“ станоўча гаворыцца пра маскоўскае праваслаўе, пра аўтакефалію Польскай праваслаўнай царквы, але крайне адмоўна пра унію, зусім нічога – пра барацьбу беларускіх каталіцкіх сьвятароў за нацыянальныя і моўныя правы беларусаў. Зрэшты, і праваслаўнага беларускага актывіста, аўтара лемантара лацінкай „Zasieŭki“ Сяргея Паўловіча таксама няма.
„Праваслаўная царква, як і ншыя канфесіі, падтрымала гераічную барацьбу беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў“ (с. 146) – зноў жа неадназначна: бывалі сярод „калябарантаў“ праваслаўныя сьвятары, а канкрэтызаваць неправаслаўныя канфэсіі было б тут па-людзку: сярод тых жа каталікоў былі сёстры назарацянкі з Наваградку, быў а. В. Гадлеўскі, што пайшлі на сьмерць ад рук акупантаў.
Censorship by omission
Некалі мне патрапіла амэрыканская рэцэнзія на беларускую савецкую літаратуразнаўчую кнігу, а ў ёй гэтыя словы: цэнзура праз адсутнасьць.
Дапаможнік ахоплівае ўсяго 28 гадоў гісторыі Беларусі. У ім вельмі шмат ідэалягічных пасажаў. Але ў асноўным тэксьце кнігі няма Слуцкага збройнага чыну 1920 году, хай сабе ў бальшавіцкай „кулацкай“ інтэрпрэтацыі. Толькі ў разьдзеле „Дадатковы матэрыял“ згадваецца „аб спробе антысавецкіх сіл яго [антыбальшавіцкае паўстаньне] арганізаваць“ і сьцьвярджаецца, што сур’ёзных сутыкненьняў паўстанцаў з савецкімі войскамі не было. Ня надта зразумела, як настаўнік, паводле Я. Новіка, мусіць адказваць на пытаньні дапытлівага юнака, які прачытае дакумэнтальныя дасьледаваньні У. Ляхоўскага ды іншых [2]. Гэты гістарычны факт эфэктыўна зьняпраўджвае некалькі стэрэатыпаў, якія закладаюцца праз падручнік у галовы вучняў: уяўныя падтрымка сялянамі бальшавікоў, віртуальнасьць БНР, хуткае пашырэньне бальшавіцкай рэвалюцыі па тэрыторыі Беларусі.
Няма імя Станіслава Булак-Балаховіча – ані ў кантэксьце ягоных вайсковых чынаў у Эстоніі ды Дзьвіншчыне, ані ў зьвязку з палескім паходам, дарэчы, пад сьцягам БНР. Затое ёсьць 23 лютага 1918 г., дата, якая ня мае дачыненьня да беларускай гісторыі ды служыць прыкладам бальшавіцкай і сучаснай тутэйшай мітатворчасьці („Дзень абаронцаў айчыны“ – с. 18).
Анізваньня пра савецкія рэпрэсіі супраць беларускіх дзеячоў Заходняй Беларусі, зрэшты, як і наагул пра арышты і ссылкі пасьля 17 верасьня 1939 г. Браты Луцкевічы, а таксама В. Ластоўскі згадваюцца, але няма слова пра іхны лёс пад саветамі (толькі Іван Луцкевіч пасьпеў памерці сваёй сьмерцю).
У гаворцы пра камуністычныя рэпрэсіі бракуе пэрсаніфікацыі ды канкрэтызацыі. Няма Курапатаў. Справа „Саюзу вызваленьня Беларусі“ згаданая, але няма 29 кастрычніка 1937 году, калі паводле загаду Сталіна была расстраляная „нябесная сотня“ беларускіх творцаў – Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Тодар Кляшторны, Валеры Маракоў, Юлі Таўбін, Ізі Харык, Міхась Чарот… Ці не таму маўчыць пра гэта Я. Новік, каб ніхто не ўсумніўся ў наступнай ягонай тэзе:
…Пацярпела шмат зусім нявінных людзей — партыйных і дзяржаўных работнікаў, дзеячаў навукі, літаратуры і мастацтва, духавенства, працаўнікоў. 3 сярэдзіны 1950-х гг. да сярэдзіны 1990-х гг. у Беларусі было рэабілітавана больш за 160 тыс. грамадзян, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Разам з тым дзясяткі мільёнаў ахвяр палітычных рэпрэсій у СССР, пра якія расказваецца ў публікацыях апошніх дзесяцігоддзяў, не што іншае, як міф, запушчаны ў грамадскую свядомасць для дыскрэдытацыі сацыялістычнай сістэмы. (с. 85)
[Вылучэньні нашыя. – В. В.] |
Як быццам і не было хвалі праўды і грамадзкага катарсісу канца 80-х… Галоўнае – абараніць „сацыялістычную сыстэму“. Савецкі лад, паводле Я. Новіка, – фактычна ідэальны на свой час. Аказваецца, у СССР працьвітала грамадзянская супольнасьць (новага тыпу):
Камуністычны Саюз Моладзі Беларусі (КСМБ) удзельнічаў у рабоце па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва, увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей школьнага ўзросту, стварэнні і арганізацыі дзейнасці ўстаноў культуры. Камсамол працаваў пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі і разглядаўся як яе памочнік і рэзерв. Значную ролю ў грамадска-палітычным жыцці адыгрывалі шэфскія таварыствы па аказанні дапамогі вёсцы, абароннае таварыства Асаавіяхім, фізкультурныя арганізацыі і інш. Усё гэта сведчыла аб развіцці дэмакратычных пачаткаў у грамадска-палітычным жыцці БССР. (с. 56) [Вылучэньні нашыя. – В. В.] |
Вайна
Другая ўсясьветная вайна (пад назваю Вялікай айчыннай) выкладаецца на працягу васьмі параграфаў. Але ў такім немалым аб’ёме тэксту не знайшлося месца важным для асэнсаваньня беларускай ваеннай трагедыі момантам. Няма нацысцка-савецкага параду ў Берасьці 22 верасьня 1939 г. Няма глыбокай ацэнкі паводзінаў розных партызанскіх утварэньняў.
Затое ў адпаведных параграфах рассыпаныя клішэ, якія павінны спалучыць у сьвядомасьці вучняў беларускую нацыянальную сымболіку, беларускую лацінку, а нават саму беларускую мову – карацей, любую праяву беларускай культуры – з гітлерызмам і фашыстоўскай акупацыяй:
У якасці сімвалаў беларускія калабаранты выкарыстоўвалі гістарычны герб „Пагоня“ і бела-чырвона-белы сцяг, віталі адзін аднаго клічам „Жыве Беларусь!“ з выкідваннем па-фашысцку рукі наперад.
Настаўніку, уваходзячы ў клас, належала вітаць вучняў узнятай правай рукой з воклічам „Хайль Гітлер!“ або „Жыве Беларусь!“. На ўроках прыроды вучні мусілі засвойваць тэмы (…) „Арыйская раса як вышэйшая культурная і цывілізаваная раса чалавецтва“, на ўроках гісторыі — тэмы „Беларусь і Германія“, „Беларусь у будаўніцтве Новай Еўропы“, „Жыццё Адольфа Гітлера“ і інш. 3 канца 1941/1942 навучальнага года пачаў уводзіцца лацінскі алфавіт. Немцы нават выдалі загад, каб артысты Мінскага драматычнага тэатра здалі экзамен па беларускай мове, а таксама вывучылі нямецкі гімн, маршы, вершы, прысвечаныя А. Гітлеру. (с.128—130) [Вылучана намі. – В. В.] |
Карацей, тыя немцы настолькі азьвярэлі, што „нават выдалі загад“ пра экзамэн па-беларуску! Якую выснову павінны вынесьці з гэтага сёньняшнія вучні? Ці не ў такіх падручніках адна з прычынаў таго, што недалёкі, але дужы і з дубінкай, „праваахоўнік“ на беларускай вуліцы катуе беларускага падлетка за беларускае слова?
Так выхоўваецца нянавісьць да беларускага. Але ці нясе дыдактычнае слова Новіка міратворчы пасыл у дачыненьні да іншых народаў?
Аўтар ня мае ўяўленьня пра сучасны стан абмеркаваньня балючых пытаньняў другой усясьветнай вайны. На с. 129 падручніка Асьвенцім (у Новіка Асвенцым), Майданэк і Трэблінка называюцца „польскімі“ лягерамі сьмерці. Але ж польскае грамадзтва і польскі ўрад дамагаюцца ўхіленьня гэтага памылковага і абразьлівага для палякаў азначэньня. У прыватнасьці, Польшча дабілася таго, каб лягер сьмерці на тэрыторыі польскіх гарадоў Асьвенцім і Бжэзінка ў Сьпісе ўсясьветнай спадчыны ЮНЭСКО называўся „Былы нацысцкі нямецкі канцэнтрацыйны лягер Аўшвіц-Біркенаў (1940—1945)“. Польскае МЗС зьбіраецца, а прыватныя асобы ўжо пачалі падаваць у суд на тых, хто ўжывае выраз „польскія лягеры сьмерці“ – неістотна, памылкова ці сьвядома.
У падручніку няма тэрміну Галякаўст (Шоа, Катастрофа) у дачыненьні да беларускіх і эўрапейскіх габрэяў (як і няма згадкі пра генацыд цыганоў), хаця вучні мелі б разумець прычыну радыкальнай зьмены этнічнага складу краіны пасьля вайны. Пра зьнішчэньне габрэяў гаворыцца, але спэцыфічнымі моўнымі сродкамі:
На насельніцтва гета гітлераўцы накладвалі кантрыбуцыі, зборам якіх займаўся яўрэйскі камітэт і яўрэйская паліцыя. У гады акупацыі ў мінскім гета сістэматычна праводзіліся пагромы. У выніку тут было знішчана каля 100 тыс. чалавек. |
У выніку чаго і кім было зьнішчана 100 тыс. чалавек? Ці мне аднаму здаецца, што з гэтага пасажу вынікае прынамсі частка адказнасьці габрэяў за сваё ж зьнішчэньне?
Зрэшты, у бок габрэяў, як і сьвядомых беларусаў, аўтар няроўна дыхае праз увесь падручнік. Габрэі ў 1917 годзе пераважалі сярод буржуазіі (а буржуазія ў аўтара афарбаваная нэгатыўна); „Нэпманамі тут з’яўляліся пераважна яўрэі“ ў 20 я гады, што служыла асновай для „шавіністычнай ідэалогіі яўрэйскай буржуазіі – сіянізму“, а з другога боку – для антысэмітызму. І – як жа бязь іх – „у ходзе ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі (…) правакацыйна паводзілі сябе прадстаўнікі некаторых сіянісцкіх арганізацыяў. Яны беспадстаўна сцвярджалі, што яўрэяў у першую чаргу выкідваюць з кіруючых органаў улады“ і шкодзілі беларусізацыі (праўда, супраць пераходу на беларускую мову выступалі таксама чыноўнікі і дзеячы расейскай нацыянальнай меншыні) (с. 65). Так што ў спыненьні беларусізацыі вінаватыя ўсюдыісныя сіяністы (дарэчы, Новік, пэўна, ня ведае, што культура габрэяў Беларусі пацярпела ад бальшавіцкіх рэпрэсіяў і празь фізычнае зьнішчэньне яе стваральнікаў, і праз такія захады, як „рэформа“ мовы ідыш).
Станоўчае
Будучы аб’ектыўным, зазначу прагрэс кнігі Я. Новіка ў параўнаньні з культавай школьнай „Гісторыяй БССР“ Л. Абэцэдарскага [3].
Так, бальшавіцкія кіраўнікі Абліскамзапу А. Мясьнікоў і В. Кнорын „не прызнавалі існавання самастойнай беларускай нацыі“, а значыць, „не зусім правільна разумелі сутнасць беларускага нацыянальнага пытання“ (с. 26). Ёсьць прысьвечаны БНР падразьдзел з фатаграфіямі ды сымболікай. На с. 45 вучням прапаноўваецца прычынна-выніковая схемка „Кастрычніцкая рэвалюцыя –> Дэкларацыя правоў народаў Расіі –> Абвяшчэнне БНР –> Утварэнне ССРБ“, дзе лёгіка, мякка кажучы, спрэчная, але БНР прынамсі фігуруе як гістарычны факт. Дату 25 сакавіка 1918 году рэкамэндуецца ведаць.
У „ваенных“ параграфах нечакана аб’ектыўна, без прапагандысцкага трашчаньня, гучыць сказ „Аўнаўцы [трэба АУНаўцы], якіх у народзе называлі бандэраўцамі, змагаліся супраць гітлераўцаў і бальшавікоў за самастойную Украіну“ (с. 145).
Мэтадычны апарат
Новыя тэндэнцыі ажыўленьня школьнай гісторыі абмінулі гэты дапаможнік. Тут практычна няма пэрсаніфікацыі – няма лёсаў ані знаных, ані простых людзей, няма таксама „гісторыі штодзённасьці“. Бальшыня цытаваных дакумэнтаў у падручніку для беларускамоўных – па-расейску, нават перакладзеныя зь нямецкай. Краязнаўчыя заданьні аднабаковыя („Як … увекавечана памяць пра людзей, якія ўстанаўлівалі савецкую ўладу ў вашым краі?“).
Цяперашняму маладому чалавеку няма з чым супаставіць тэрміналягічную ды ідэалягічную парадыгму, прынятую ў дапаможніку. Хіба проста вызубрыць яе. Калі 40 гадоў таму быў Савецкі саюз, у якім не было так званай буржуазіі ды прыватнай уласнасьці, пэяратыўныя характарыстыкі апошніх былі прынамсі зразумелыя. Але цяпер, калі ёсьць Юры Чыж, лятыфундыі, гандлёвыя сеткі – і вакол Беларусі ніводнай камуністычнай дзяржавы (затое ёсьць імпэрскія)?..
Дапаможнік – крок назад у параўнаньні з падручнікам „Вялiкая Айчынная вайна савецкага народа“ 2004 году – і з гледзішча ўзважанасьці адпаведных параграфаў, і паводле мэтадычнага апарату, і нават паводле дызайну.
Пётра Садоўскі настойліва папулярызуе эўрапейскія прыклады стварэньня супольных для некалькіх народаў падручнікаў гісторыі, напрыклад, нямецка-францускага [4]. Гэта нялёгка, але магчыма – тады, калі абодва народы адчуваюць сваю прыналежнасьць да супольнага цывілізацыйна-каштоўнаснага поля.
Дык жа і Яўген Новік напісаў падручнік гісторыі, супольны для homo sovieticus зь Беларусі і Расеі, Данбасу, Крыму і Прыднястроўя. Камуністычна-праваслаўны, руска-славянскі. Адны каштоўнасьці, адно поле, адзін ідэал. Ул. Вайновіч у „Маскве-2042“ быў прадбачлівы.
І яшчэ. Нядаўна падчас круглага стала за мяжой мне давялося слухаць развагі публіцыста Валянціна Акудовіча пра тое, што нацыянальны праект пабудовы Беларусі не адбыўся, што пра БНР у 1918 годзе і пазьней ніхто ў Менску і ў Беларусі ня ведаў, акрамя саміх сяброў Рады БНР. Строга кажучы, такім высновам дае грунт менавіта дапаможнік Яўгена Новіка.
Іншыя падручнікі
На добры лад, кожная навучальная кніга для пэўнай клясы вымагае шматбаковага перакрыжаванага рэцэнзаваньня, а усе яны разам – сынхранізацыі падыходаў і тэрміналёгіі. Вось некалькі прыкладаў браку сынхранізацыі ў прагледжаных мною кнігах.
„Вялiкая Айчынная вайна савецкага народа“ ў цэлым някепскі падручнік, які заслужыў станоўчыя рэцэнзіі ў незалежным аналітычным друку [5]. Але і ў ім бываюць праколы, калі-нікалі анэкдатычныя. Так, у падручніку „Сусветная гісторыя Навейшага часу“ правільна сказана пра сталінска-молатаўскія ўльтыматумы балтыйскім краінам, каб фармавалі прасавецкія ўрады і пускалі на сваю тэрыторыю Чырвоную армію, а ў кнізе „Вялiкая Айчынная вайна…“ расказваецца пра нешта зусім адваротнае:
Прысутнасць Чырвонай Арміі ў прыбалтыйскіх дзяржавах выклікала распаўсюджанне там сацыялістычных ідэй. Напрыклад у Рызе, насельніцтва якой налічвала каля 350 тыс. чалавек, у антыўрадавых дэманстрацыях і мітынгах удзельнічала больш за 100 тыс. чалавек. У выбарах у Сейм у ліпені 1940 г. прыняло ўдзел 94,8% выбаршчыкаў. За кандыдатаў блока працоўнага народа прагаласавала 97,8%. Дэпутатамі Сейма сталі 52 камуністы і 48 беспартыйных. Чырвоная Армія захоўвала нейтралітэт у дачыненні ўнутраных спраў прыбалтыйскіх краінаў. Народ ствараў свае органы самакіравання ў гарадах, паветах і абласцях. Уваходжанне прыбалтыйскіх рэспублік у склад СССР адбылося ў жніўні 1940 г. паводле рашэння нацыянальных устаноўчых органаў, створаных на аснове выбараў. (с. 35) |
Або такая карысная для разьвіцьця ў нашага дапытлівага юнака крытычнага мысьленьня міжпрадметная задача. Падручнік „Грамадазнаўства“ правільна задае рытарычнае пытаньне:
Чаму ж у савецкі час яўка на выбарчыя ўчасткі была амаль стопрацэнтнай, а ў дэмакратычных грамадствах яўка бывае вельмі нізкай? (с. 158—159) |
А вось у вышэйпадазенай цытаце з кнігі „Сусветная гісторыя“ 95-працэнтная яўка і 98-працэнтная перавага галасоў „за“ ў Латвіі 1940 году разглядаецца як праява народаўладзьдзя. І Яўген Новік у дапаможніку гісторыі Беларусі кажа пра 97% яўкі на выбарах у Народны сход Заходняй Беларусі (22 кастрычніка 1939 г.). Высновы дапытлівы юнак лёгка зробіць.
Падручнік гісторыі Беларусі паводле сваёй сутнасьці павінен разглядаць беларускія гістарычныя падзеі ды зьявы. Праблема, праўда у тым, ці аўтар трактуе гэтыя падзеі зь беларускага гледзішча. Што да іншых падручнікаў, то роля пункту гледжаньня, самаідэнтыфікацыі іхных аўтараў ня меншая. Вось выказваньне ў падручніку ўсясьветнай гісторыі:
Ад Расіі адрываліся Літва, Латвія, частка Беларусі. Україна і Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавамі. (…) Брэсцкі мір быў адным з самых зневажальных за ўсю гісторыю Расіі. (с. 71—72) |
Інакш кажучы, перад намі расейскацэнтрычны погляд на гісторыю і на сьвет.
І ў падручніку грамадазнаўства пры ўсім насьледаваньні заходніх падручнікаў паліталёгіі нешматлікія звароты да беларускай рэальнасьці пакідаюць уражаньне рытуальных. Погляд на сьвет тут ня гэтулькі расейскацэнтрычны, колькі пазабеларускі. Аўтары застаюцца ў межах ляялізму і штампаў.
Тут і „старажытнаруская народнасьць“ як адзіны корань трох народаў (с. 13). І памылковае атаясамленьне нацыянальнай мовы і дзяржаўнай: „Як правіла, у кожнага народа свая мова. Але з гэтага правіла ёсць выключэнні. (…) У Рэспубліцы Беларусь 2 дзяржаўныя мовы – беларуская і руская“ (с. 26).
Прасоўваецца ідэя непрымальнасьці "заходняй" мадэлі дэмакратыі для шырокага сьвету: „у кожнага народа ўласныя ўяўленні пра дэмакратычную арганізацыю грамадскага жыцця“ (с. 123). У пераліку грамадзянскіх і палітычных правоў няма права выбіраць і адклікаць уладу (с. 140).
У клясыфікацыі партыяў фігуруе катэгорыя „нацыянал-патрыятычныя ці фашысцкія“ партыі (с. 142). Месца нацыянальна-дэмакратычнай, нацыянальна-незалежніцкай ідэалёгіі пры такім суровым шуфлядкаваньні няма. Хаця нават у дыскурсе Я. Новіка фігуруюць беларускія нацыянальна-дэмакратычныя партыі – як дастаткова сыстэмныя буржуазныя, а зусім не фашыстоўскія.
Грамадзтва без культуры няма. Але ў кнізе фактычна не прадстаўленыя беларуская культура, літаратура, філязофія. Практыкумы ўкладзеныя на падставе найперш расейскай сацыялягічнай думкі і літаратуры, часткова – эўрапейскай і амэрыканскай. Некрытычна падаецца эсэ Салжаніцына „Як нам уладкаваць Расію“, адказы на пытаньні якога беларус-незалежнік дае зусім інакш.
Парафразам цытаванаму вышэй хваласьпеву Я. Новіка ў адрас сталінскай грамадзянскай супольнасьці гучыць у падручніку грамадазнаўства наступная трактоўка моладзевых рухаў:
У нашай краіне функцыянуюць больш за 160 моладзевых грамадскіх аб’яднанняў. Сярод іх — 23 дзіцячыя грамадскія арганізацыі. Самыя буйныя — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Для наладжвання супрацоўніцтва моладзевых аб’яднанняў у выкананні сацыяльна значных праграм і праектаў быў створаны Беларускі камітэт моладзевых арганізацыяў. У яго склад уваходзяць каля 40 моладзевых і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў. Моладзевыя грамадскія аб’яднанні рэалізуюць праграмы па патрыятычным і грамадзянскім выхаванні, арганізацыі часовага працаўладкавання моладзі, развіцці дзіцячай і моладзевай творчасці, спорту, летняга адпачынку і аздараўлення, садзейнічаюць папярэджванню супрацьпраўных паводзін моладзі, прафілактыцы шкодных звычак. (с. 147) |
Недаравальная для грамадазнаўцаў хіба. У заканадаўстве Рэспублікі Беларусі прадугледжаны асаблівы статус дзяржаўна-грамадзкіх аб’яднаньняў, якія маюць зусім іншыя магчымасьці, чым аб’яднаньні проста грамадзкія. Названыя ў цытаце арганізацыі – менавіта дзяржаўна-грамадзкія, і аўтары мусілі б згадаць гэта. Я ўжо не вымагаю ад іх характарыстыкі ладу, пры якім дзяржава абапіраецца на арганізаваныя карпарацыі – моладзі, прафэсійных работнікаў, жанчын і г. д. Гэта мусалініеўскі карпаратывізм.
Лякалізацыя падручнікаў адбываецца галоўным чынам, незалежна ад нюансаў сьветапогляду аўтараў, праз партрэты кіраўніка дзяржавы і праз такія цытаты:
Уплыў палітычнага лідэра на вялікія масы людзей звязаны найперш з тым, што ён карыстаецца іх даверам, павагай і падтрымкай. Ён добра адчувае настрой людзей, ведае іх праблемы і клопаты і ставіць у якасці першачарговых такія задачы, рашэнне якіх можа з’яднаць людзей і вядзе да паляпшэння іх жыцця, умацавання становішча краіны на сусветнай арэне. У найноўшай гісторыі Францыі такім палітычным лідэрам быў генерал Шарль дэ Голь. Такімі якасцямі валодае і першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. (Грамадазнаўства, с. 158) |
* * *
Для справядлівасьці нагадаю: пакуль што ўсе гэтыя кнігі маюць статус дапаможнікаў, а не стабільных падручнікаў.
Назва майго тэксту – парафраз загалоўку вядомага артыкула гісторыка і літаратуразнаўцы Анатоля Сідарэвіча „Дапытлівы юнак спытае“, у якім ён папярэджваў аўтараў, што за пісанае слова трэба адказваць. Дадам: пагатоў калі слова зьвернутае да вучняў.Прашу лічыць гэты тэкст першым матэрыялам, пададзеным у Мэтадычную камісію ТБШ, і спадзяюся на чынны ўдзел галіновых спэцыялістаў у аналізе як агледжаных тут мною, гэтак і іншых падручнікаў і дапаможнікаў.
Спасылкі
1 Всемирная история. История Беларуси. Учебные программы для общеобразовательных учреждений с русским языком обучения. V—XI классы / Министерство образования Республики Беларусь. Минск: Национальный институт образования, 2009. С. 64. [Праграмы для беларускамоўных навучальных установаў на партале Міністэрства адукацыі няма.]
2 Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / Аляксандра Гесь, Уладзімер Ляхоўскі, Уладзімер Міхнюк – укладаньне, заўвагі, камэнтары, паказальнікі. Выд. 2-е. – Мінск: Медысонт, 2006. 400 с.
3 Гісторыя БССР. Вучэбны дапаможнік для вучняў сярэдняй школы. Пад рэд. Л.С.Абэцэдарскага. Выд. 13-е. –Мінск, 1974.
4 Садоўскі П. Як ствараюцца школьныя падручнікі ў ФРГ, https://nastaunik.eu/blogs/sadouski/13299
5 Корбут Віктар. Культура вайны / ARCHE № 2 (36), 2005.