Выпускнікі спадзяюцца на рэпетытараў, удачу і прыхільнасць настаўніка

17.03.2018

Агляд сацыялагічнага даследавання

У старшай школе да паслуг рэпетытараў звярталіся 81,4 % навучэнцаў. Найбольш крытычна ацэньваюць дастатковасць сваіх ведаў для паступлення ў ВНУ, як ні дзіўна, навучэнцы гімназій (сярод іх колькасць незадаволеных складае 62 %). Увогуле доля тых, хто займаецца з рэпетытарам і незадаволены сваімі ведамі, істотна ўзрастае разам з сярэднім балам. Такім чынам распаўсюджаная думка аб тым, што выдатнікі радзей звяртаюцца да дапамогі рэпетытараў, не знаходзіць свайго пацвярджэння. Гэту цікавую тэндэнцыю выявіла сацыялагічнае даследаванне «Вучаць у школе»: як, чаму і навошта?». Яго вынікі рэпрэзентаваў Даследчы цэнтр Інстытута прыватызацыі і менеджменту. Даследаваннем было ахоплена больш як тысяча маладых людзей ва ўзросце ад 17 да 21 года, якія скончылі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў апошнія гады, а таксама эксперты. У якасці апошніх выступілі настаўнікі гарадскіх і сельскіх школ, гімназій, ліцэяў і прыватных школ, а таксама выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў.


Калі не хапае ведаў...

Даследчыкі звярнулі ўвагу на наступную супярэчнасць: з аднаго боку, змест уступных экзаменаў цалкам адпавядае школьнай праграме, а з іншага — навучэнцы не спадзяюцца на школьныя веды і спрабуюць павысіць свае шанцы на паступленне, звяртаючыся да паслуг рэпетытараў. На думку экспертаў, гэта можа быць сведчаннем агульнай неэфектыўнасці навучальнага працэсу, выкліканай самымі рознымі фактарамі: асобаснымі характарыстыкамі вучняў ці настаўнікаў, асаблівасцямі арганізацыі навучання і іншымі. Многія з іх адзначаюць, што па дзеючых нормах асноўная вучэбная нагрузка павінна прыпадаць на школьныя ўрокі. Аднак у класах, дзе вучыцца адначасова як мінімум 20 чалавек, за час урока можна выдзеліць для кожнага вучня па дзве хвіліны ў найлепшым выпадку. Такім чынам атрымліваецца, што для кагосьці ўрок ідзе занадта хутка і аб'ём інфармацыі, якую трэба засвоіць, — празмерна вялікі, а для кагосьці наадварот — занадта павольна.

Увогуле вучэбная нагрузкa складаецца з некалькіх кампанентаў: непасрэдна на ўроках, пры выкананні дамашніх заданняў, а таксама пры падрыхтоўцы да іспытаў. Тэарэтычна нагрузка пры падрыхтоўцы да экзаменаў у ВНУ/ССНУ не павінна вылучацца ў асобную катэгорыю, аднак эксперты адзначаюць, што ў рэальнасці вучням даводзіцца папаўняць і аднаўляць веды па тых прадметах, якія яны выбралі ў якасці экзаменацыйных, і робяць яны гэта, як правіла, дадаткова. Ва ўсіх трох выпадках большасць рэспандэнтаў паведамілі, што лічаць нагрузку аптымальнай. Аднак варта звярнуць увагу на тое, што больш за чвэрць апытаных ацэньваюць яе як недастатковую пры падрыхтоўцы да іспытаў і адначасова з гэтым пятая частка рэспандэнтаў лічыць нагрузку пры выкананні дамашніх заданняў празмернай.

Крыху больш за 21 % рэспандэнтаў выдаткоўваюць на выкананне дамашніх заданняў менш за гадзіну, 44 % — ад гадзіны да дзвюх, 27 % — ад дзвюх да трох гадзін і 8 % — больш за тры гадзіны ў дзень. Гэта значыць, што рэальная нагрузка не перавышае патрабаванні Міністэрства аховы здароўя, але, на думку экспертаў, яна не дае таго аб'ёму ведаў і навыкаў, што патрабуюцца для эфектыўнага працягу навучання і выхаду на рынак працы.

Рэспандэнты з нізкімі адзнакамі выдаткоўваюць на дамашняе заданне значна менш часу, чым астатнія. Ва ўсіх групах, акрамя групы з нездавальняючымі ацэнкамі, большая частка апытаных траціць на іх ад гадзіны да дзвюх. Але чым вышэйшы ў навучэнца бал — тым больш часу ён адводзіць на дамашнюю работу.

Сярод прычын, па якіх навучэнцы звяртаюцца да рэпетытараў, фігуруюць наступныя: «не разумеў некаторыя школьныя прадметы і даводзілася разбірацца дадаткова», «хацеў ведаць прадмет лепш — не хапала ведаў, якія давалі ў школе», «неабходнасць да паступлення ў ВНУ/ССНУ, таму што ў школе ўзровень падрыхтоўкі быў слабы», «неабходнасць падрыхтавацца да паступлення ў ВНУ/ССНУ, таму што да апошняга класа паспеў усё забыць», «настаялі бацькі». І тут зноў прасочваецца тая ж тэндэнцыя: недахоп ведаў і жаданне ведаць прадмет глыбей часцей за ўсё згадваюць навучэнцы з высокім сярэднім балам.

 

39,5 % рэспандэнтаў прызналіся, што школьных ведаў для паступлення ў ВНУ ім аказалася недастаткова, яшчэ 10 % паведамілі, што іх зусім не дастаткова.

 

Не кантраляваць, а натхняць!

Настаўнікі, якія прымалі ўдзел у апытанні, адзначылі, што апошнім часам уцягнутасць бацькоў у адукацыйны працэс значна ўзрасла. Некаторыя лічаць гэта вынікам інфарматызацыі, паколькі з'явілася магчымасць больш актыўна кантактаваць з педагогамі ў сацыяльных сетках і месенджарах. Але эксперты па-рознаму ацэньваюць цяперашнія магчымасці. З аднаго боку, бацькі могуць своечасова атрымліваць інфармацыю аб актуальных праблемах, звязаных з навучаннем іх дзяцей, а з іншага — некаторыя настаўнікі ўжо скардзяцца на празмерную актыўнасць некаторых з іх.

Даследчыкі паспрабавалі ўстанавіць залежнасць паміж уцягнутасцю бацькоў у адукацыйны працэс і яго вынікамі. Па-першае, важна было высветліць меркаванне рэспандэнтаў пра тое, ці павінны бацькі ў прынцыпе дапамагаць сваім дзецям з выкананнем дамашніх заданняў. Большасць апытаных (64 %) лічаць, што павінны, калі дзеці іх аб гэтым папросяць. Пятая частка адказала, што для таго ёсць настаўнікі. А 15 % апытаных заявілі, што бацькі абавязаны гэта рабіць. Аднак вынікі апытання сведчаць, што ў большасці выпадкаў бацькі не часта дапамагаюць дзецям з выкананнем заданняў: больш чым у паловы рэспандэнтаў яны правяраліся рэдка ці вельмі рэдка. Настаўнікі ў інтэрв'ю адзначылі, што некаторыя бацькі лічаць кантроль найважнейшай матывацыяй для дзяцей. Аднак, на думку педагогаў, кантроль у некаторых выпадках адбіваецца негатыўна на зацікаўленасці дзяцей у атрыманні адукацыі, а пастаянная «апека» не дазваляе вучням адчуць поўную меру адказнасці за ўласнае навучанне.

Нягледзячы на ўмераную ступень уцягнутасці бацькоў у адукацыйныя працэсы, канфлікты з-за адзнак з імі ўзнікалі ў 72 % рэспандэнтаў. У 14 % удзельнікаў апытання такія канфлікты адбываліся часта або вельмі часта. Даследаванне ўстанавіла, што і выдатнікаў, і «двоечнікаў» караюць за ацэнкі з аднолькавай перыядычнасцю. І, як і ў выпадку з кантролем, гэта не аказвае значнага ўплыву на паспяховасць.

Большасць экспертаў сыходзяцца на думцы, што бацькі павінны прымаць удзел у працэсе адукацыі дзяцей, але не ў якасці кантрольнага або карнага органа (і кантролем, і санкцыямі займаецца школа), а ў якасці памочнікаў у выпадку неабходнасці, а таксама ў якасці натхняльнікаў. Вядома, зацікавіць вучня павінен найперш настаўнік, але эксперты мяркуюць, што ў гэтым выпадку першапачатковы ўнёсак маці і бацькі таксама можа адыграць значную ролю ў фарміраванні цікавасці да вучобы ў цэлым.

 

Адзнакі — для прыгожай статыстыкі?

Адной з задач даследавання было вызначыць стаўленне да дзеючай сістэмы ацэньвання як педагогаў, так і вучняў. У якасці асноўнай праблемы настаўнікі назвалі патрабаванне пастаяннага павышэння сярэдняга бала па класе і школе ў цэлым. Яны вымушаны рэгулярна праводзіць падлік сярэдніх балаў і адпраўляць адпаведныя звесткі ў кіруючыя органы.

Яшчэ адна «спецыфічная асаблівасць» — настаўнік не можа паставіць усяму класу аднолькава высокія або нізкія адзнакі, бо, як правіла, узровень вучняў адрозніваецца. Таму моцныя параўноўваюцца са слабымі, і менавіта па такім прынцыпе ўсім навучэнцам у класе выстаўляюцца адзнакі. Здараецца, што педагог параўноўвае бягучыя поспехі аднаго вучня з яго папярэднімі поспехамі і ў залежнасці ад гэтага выстаўляе яму вышэйшы або ніжэйшы бал. Таму адна і тая ж адзнака (лічба) можа стаяць у атэстаце двух вельмі розных па ўзроўні падрыхтоўкі вучняў.

Таксама эксперты адзначалі, што існуюць некаторыя складанасці пры выстаўленні адных і тых жа балаў за розныя віды работы. Напрыклад, 9 балаў за выкананне кантрольнай і 9 балаў за працу каля дошкі — гэта зусім розныя па змесце, але роўныя па значэнні адзнакі. Ацэньванне работы з новым матэрыялам і з ужо пройдзеным — таксама розныя рэчы. Многія лічаць, што часта адзнакі ўспрымаюцца не як аб'ектыўны інструмент, які дапамагае вызначыць узровень ведаў, а як карны або заахвочвальны. Атрыманне нездавальняючай адзнакі часта носіць эмацыянальную афарбоўку: яна можа як матываваць вучня на паляпшэнне паспяховасці, так і выклікаць у навакольных гнеў, пачуццё ўласнай перавагі, правакаваць канфлікты ці траўмаваць вучняў. У некаторых класах гэта працуе наадварот, і з неадабрэннем сустракаюцца добрыя адзнакі, атрыманыя аднакласнікам. Такім чынам у вучняў можа ўзнікаць страх перад здзяйсненнем памылак, хоць апошнія ў працэсе навучання проста непазбежныя. Падобная боязь правакуе аналагічныя сітуацыі ў будучыні: на рынак працы выходзіць вялікая колькасць неэфектыўных супрацоўнікаў, якія баяцца здзейсніць памылку і негатовыя ўзяць на сябе адказнасць.

А што думаюць пра школьныя адзнакі выпускнікі? Паколькі сярэдні бал улічваецца пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, многія з тых, хто збіраецца працягваць адукацыю, зацікаўлены ў атрыманні максімальна высокага сярэдняга бала атэстата аб сярэдняй адукацыі. Шчыра кажучы, зацікаўлены ў гэтым і настаўнікі (у тым ліку і для справаздачнасці). Заканамерна, што большасць рэспандэнтаў лічаць ацэнкі важнымі ці вельмі важнымі. Крайнюю ступень важнасці адзнак для сябе адзначаюць амаль 16 % рэспандэнтаў. Яны ўпэўнены, што ад іх залежыць будучыня! Гэтыя ўяўленні могуць быць у пэўным сэнсе ідэалістычнымі і здольныя справакаваць жаданне атрымаць добрую адзнаку любой цаной, замест таго каб сканцэнтравацца непасрэдна на вучобе.

Больш за палову рэспандэнтаў паведамілі, што ў найбольшай ступені на паспяховасць уплывае пастаянная работа з вучэбным матэрыялам у школе і дома. Наступны за ім па частаце выбару адказ — «уменне запамінаць вялікія аб'ёмы інфармацыі» (так лічаць больш як 40 %).

На думку экспертаў, высокая папулярнасць гэтага варыянту адказу можа быць індыкатарам таго, што сістэма адукацыі працуе ў напрамку завучвання, а не разумення і ўмення рэфлексаваць і выбудоўваць прычынна-выніковыя сувязі. Некаторыя з іх адзначаюць, што ў пэўным сэнсе завучванне — шлях найменшага супраціўлення як для вучняў, так і для настаўнікаў. Тым не менш выніковасць такога навучання застаецца сумнеўнай, паколькі падобны падыход не дазваляе развіць ні кагнітыўныя, ні прыкладныя навыкі ў вучняў і фарміруе малаэфектыўных удзельнікаў рынку працы ў будучыні.

Варта звярнуць увагу і на тое, што рэспандэнты часцей выбіралі ў якасці фактару паспяховасці шанцаванне, чым дапамогу рэпетытараў. 23 % заявілі, што істотны ўплыў на адзнакі аказвае ўменне спісваць, а 21 % згадалі добрыя адносіны з настаўнікам і яго асабістае стаўленне да вучня. Эксперты адзначаюць, што культура спісвання, уласцівая беларускім школьнікам і студэнтам, у доўгатэрміновай перспектыве таксама прыводзіць да негатыўных наступстваў: раней ці пазней тыя сутыкаюцца з цяжкасцямі, калі працягваюць навучанне на больш высокай ступені ці выходзяць на працу.

 

Пустое марнаванне часу?

На пытанне «Чым павінна займацца школа?» 82,5 % рэспандэнтаў адказалі, што яе задача — перадача ведаў. Астатнія пункты (развіццё асобы, творчых здольнасцяў, выхаванне) выбіраюць значна радзей, што, на думку педагогаў, некалькі супярэчыць сапраўднаму прадвызначэнню школы, якая павінна займацца ўсімі пералічанымі аспектамі, хоць і не ў роўнай ступені. Некаторыя з іх завастрылі ўвагу на тым, што развіццё творчых здольнасцяў вучняў выбірае не так шмат рэспандэнтаў, як яны чакалі, хоць, на іх погляд, гэта задача школы не менш важная, чым перадача ведаў.

Для таго, каб яшчэ лепш зразумець, як ставяцца да праведзеных у школе адзінаццаці гадоў выпускнікі, ім задалі пытанне «Чым, найперш для вас, з'яўляецца школьная адукацыя?». Найбольшая колькасць рэспандэнтаў лічаць яе магчымасцю для атрымання патрэбных ведаў і навыкаў. Як магчымасць адукацыю часцей за ўсіх разглядаюць выпускнікі ліцэяў і каледжаў, а як неабходнасць — вучні агульнаадукацыйных школ і гімназічных класаў. Найбольшая колькасць тых, хто разглядае адукацыю як аснову для асобаснага развіцця, належаць да сем'яў з зусім невялікім даходам.

Больш за траціну апытаных называюць школу неабходнай умовай для паступлення ў ВНУ. «Для гэтай групы людзей сярэдняя адукацыя з'яўляецца толькі доўгай падрыхтоўкай да чагосьці насамрэч важнага і не мае каштоўнасці сама па сабе», — робяць выснову эксперты. А 8 % удзельнікаў апытання і ўвогуле лічаць сваё навучанне ў школе пустым марнаваннем часу.

Найбольш важнымі прадметамі рэспандэнты назвалі замежную і рускую мовы, матэматыку, медыцынскую падрыхтоўку і інфарматыку. Але, адказваючы на пытанне, якія прадметы спатрэбіліся ім пасля школы, 53 % назвалі рускую мову, 16 % — беларускую, 7,6 % — матэматыку, 4,4 % — замежную мову. Актуальнасць жа іншых школьных дысцыплін выпускнікі ацанілі яшчэ ніжэй — ад 0 % (як, напрыклад, астраномію) да 3,4 % (як інфарматыку).

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда