Калі ўзрушэнне нараджае рух …

26.11.2019

Спяшаюся напісаць гэтыя радкі і далучыцца да галасоў тых, хто спадзяецца, што наша супольная энергія, назапашаная напружаным чаканнем Дня пахавання герояў паўстання 1863-1864 гг. і тым феерычным шматлюдным удзелам у гэтай урачыстай трагічна-сцвярджальнай цырымоніі сотняў беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі ў дзень 22-га лістапада ў Вільні, не сыдзе ў нябыт, не акрыецца мокрым восеньскім туманам і не застанецца на гістарычным віленскім бруку. Спадзяюся, што гэтыя тысячы і яшчэ больш тых, хто сачыў у інтэрнэце за  гістарычным актам ушанавання паўстанцаў, стануць “гістарычнымі мультыплікатарамі” гэтай гістарычнай падзеі.

“Народная Воля” змясціла выдатны рэдакцыйны рэпартаж Міхала Карневіча ў выпуску за 26 лістапада, дзе аўтар у адрозненне ад шматлікіх карэспандэнтаў і каметатараў слушна гаворыць пра “пахаванне” а не пра “перапахаванне": там жа 155 гадоў таму па-бандыцку закапалі забітых, звязаўшы за спіной рукі і схаваўшы ад людзей за сценамі акупацыйнай расійскай фартэцыі.

  Што ж адбылося?

Што гэта за дзень для нас цяперашніх, напрыканцы 2019 года, для нашых мужчын ва ўзросце 19-27 гадоў, -- студэнтаў, фермераў, айцішнікаў, цесляроў, дзяржаўных службоўцаў?

У капліцы на віленскіх Росах цяпер годна ўшанаваныя спачываюць парэшткі маладых дзецюкоў такога ўзросту, якія адышлі з жыцця, не зведаўшы радасці бацькоўства. Наш 26-гадовы Кастусь перадаў апошнюю вестачку сваёй нарачонай Марыі Ямант на мове свайго сэрца, беларускай: ”Марыська чарнабрэва, галубка мая, // Гдзе ж ты ся падзела шчасце і ясне доля твая? // Усё прайшло, як бы не бывала, // Адна страшэнна горыч у грудзях застала. // Не наракай, Марыся, на тваю бяздолю, // Но прыймі цяжкую кару -- Прадвечнага волю. // А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся, // Тоя з таго свету табе адазвуся “. Гучыць, як  голас Хрыста перад аліўнай Галгофай: “Войча мой! Калі не можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне не піць з яе, хай станецца воля Твая …”

Былі ў нашай найноўшай гісторыі ўзрушэнні, што далі пачатак Адраджэнню 80-х гадоў: мітынг на Дзяды каля Усходніх могілак, калі ўпершыню перад шматтысячным натоўпам залунаў бел-чырвона-белы сцяг, было адкрыццё Курапатаў, быў першы з’езд БНФ у Вільні, быў стадыён Дынама перад першымі адносна дэмакратычнымі выбарамі,  было 25 жніўня 1991 года – наданне Дэкларацыі пра дзяржаўны суверэнітэт статусу канстутыцыйнага закону. Тады плошча спявала: “Выбіраў жаўнер трэцю сцежачку, бо вяла яна ў родну межачку …”. Мы былі тады гістарычна шчаслівыя.

Былі вялікія мітынгі, былі няўдалыя плошчы. Сённяшні дзень трывожны. Пасля выбарчага фарсу, перад схаваным ад народу торгам з Крамлём ды прэзідэнцкімі выбарамі 2020 году людзі па закліку сэрца прыехалі зноў ў нашу гістарычную Вільню з’яднацца і набрацца сіл.

         Гледзячы 7-гадзінны стрым з Вільні у інтэрнэце,  ў лагоднай меланхоліі, як герой Максіма Гарэцкага, я ўзгадаў  статыстычныя звесткі пра Вільню розных гадоў. Некалі Арнольд Тойнбі, узгадваючы Вільню 1922 года, заўважыў: “Вільня – дзіўны горад: тут жывуць пераважна беларусы ды яўрэі, а прэтэндуюць на яго літоўцы і палякі”. Цяпер ўсё інакш. На дзяржаўным узроўні ўсё сфармулявана. У нас агульная гістарычная спадчына. У простай штодзённай свядомасці не ўсё так гладка. Шмат хто прачытаў публікацыі некаторых неафіцыйных расійскіх друкаваных выданняў ды аднаго польскага грамадскага канала пра акцыю 22 лістапада, дзе беларусы з бел-чырвона-белымі сцягамі называюцца віленскімі палякамі.  Пры ўсім пры тым – гэта маргінальная з’ява. Нашы афіцыйныя медыя і цырымонію пахавання, і рэфлексіі расійскага боку і польскага канала фактычна праігнаравалі. 

Пэўна, нашым гісторыкам ды парламентарам трэба брацца за працу, якую даўно зрабілі немцы і французы – напісалі агульную 4-тамовую (слова ў слова аднолькавую!) гісторыю для гімназій і ліцэяў. З палякамі немцы ўжо выпусцілі тры сумесныя часткі, якія называюцца “Наша гісторыя”. Усяго будзе чатыры. Тут спяшацца не трэба, але і не трэба абмяжоўвацца ўзаемнымі публіцыстычнымі нападкамі. Я пісаў пра гэта даволі падрабязна ў часопісе АРХЭ ў артыкуле “Сумесныя падручнікі гісторыі: замежны досвед і беларускія перспектывы” (2017, №4).

Падводзячы вынікі

 Пасля 22-га лістапада Каліноўскі стаў нам нават афіцыйна яшчэ больш нашым, родным. Цытаты з “Мужыцкай праўды”, “Лістоў з-пад шыбеніцы”, дакументальная дэманстрацыя гісторыі паўстанцкага паролю “Каго любіш? – Беларусь! – То ўзаемна”, нават публічная ўзгадка пра ліст Каліноўскага  да сваёй нарачонай перад смерцю на беларускай мове, пералік імёнаў паўстанцаў, якія нарадзіліся на нашай зямлі і магутная прысутнасць сённяшніх беларускіх дзецюкоў, сівых дзядоў, дзяўчатак і маладзіц зрабілі сваю справу. Выступы нашых экспертаў на вечаровым ток-шоў Глеба Лабадзенкі, асабліва маладога гісторыка Васіля Герасімчыка, высвецілі нікчымнасць нашых “апалячвальнікаў” постаці Кастуся Каліноўскага. Каліноўскі не быў русафобам. Калі сп. Марзалюк канстатуе не вельмі сяброўскія эпітэты Каліноўскага на адрас праваслаўнай расійскай царквы, ён не хоча зразумець, што кіраўнік паўстання скіроўваў сваю крытыку не на расійскага Бога, а на цэзарапапізм Масковіі. 

Я не выключаю, што ў хуткім часе падчас прэзідэнцкай кампаніі, якая будзе кантралявацца “жэстачайшэ”, Аляксандр Лукашэнка публічна абзаве сотні беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі ў Вільні маргіналамі-няўдачнікамі. Аднак, мне думаецца, што гэтых людцаў ён будзе трымаць у кішэні сваёй памяці як станоўчы запасны дыскусійны інструмент. Навошта? Каб пры чарговай інтэграцыйнай сустрэчы ў пэўны момант разам з элегантным "красно-зелёным носовым платком" у кіраўніка нашай дзяржавы выпадкова,  як у “чалавека ў шэрым сурдуце” нямецкага натурфілосафа і паэта ХVIII-XIX стг. Адальберта фон Шаміса, з рукава мог высунуцца і кончык бел-чырвона-белай насоўкі. У моўнай дыпламатыі цынізм часам бывае вельмі дарэчы, каб прагматычна дасягнуць мэту, абараняючы нацыянальныя і дзяржаўныя эгаізмы. Ды і ўласныя, як лідэра.

Выступ нашага афіцыйнага прадстаўніка віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі я не лічу няўдалым. Хіба што апошні пасаж можна было сфармуляваць трошкі далікатней, як гэта зрабіў, напрыклад, Тадэвуш Кандрусевіч, гаворачы пра сыпанне солі на раны.  Крыкі на плошчы “Ганьба!” былі неадэкватнымі, калі не сказаць  -- па-вулічнаму дурнаватыя.  Зразумела, што тэкст быў вывераны. Пісаў яго разумны чалавек. Наш бок зрабіў максімум магчымага з улікам усяго кантэксту падзей. Канешне, наш спікер перабольшыў, гаворачы пра ўшанаванне Каліноўскага у нас у Беларусі. Але фармальна гэта гучала здавальняюча. За пасаж пра пароль паўстанцаў аўтару тэкста трэба сказаць дзякуй. Трэба ж разумець кіраўніка нашай дзяржавы, калі ён публічна крытыкуючы інтэграцыю, фактычна звяртаецца не да нашага насельніцтва, а да расійскага прэзідэнта. Я б не заўсёды крытыкааваў публічныя, нечакана недыпламатычныя выразы Аляксандра Лукашэнкі. Узгадайце, як ён некалі агучыў як бы меўшую месца гутарку з Дзмітрыем Мядзведзевым: “Мы можам прызнаць Абхазію ды  Паўднёвую Асецію, але ж вы тады кампенсуйце нам страты, якія мы панясем ад санкцый”.

Агульнае ўражанне: радасць, вера, што нас шмат. У інтэрнэце ўбачыў шмат знаёмых твараў, можа з паўсотні. Галоўная радасць – маладыя незнаёмыя твары. Гавораць па-беларуску, з сваіх невялікіх сродкаў робяць карысную справу, ведаюць гісторыю, прыехалі сем’ямі ў маразяна-ветраны дзень, у працоўны час. Цешыўся, слухаючы ток-шоў Глеба Лабадзенкі і ягоныя інтэрв’ю. Бездакорны ўзровень і паводле зместу і журналісцкага майстэрства. Я б зрабіў яго нейкім героям пяцігодкі, – і за  “Мову нанова”, і за  помнік Касцюшку.

Мне здалося, што вядоўцам стрыма трэба было нешта сказаць пра Станіслава Шушкевіча. Ён не толькі быў першай асобай нашай дзяржавы, але падчас прэзідэнцтва Далі Грыбаўскайтэ быў узнагаоджаны найвышэйшай узнагародай Літвы – ордэнам Вітаўта Вялікага. Не бачыў я яго сярод ганаровых гасцей і падчас імшы у галоўнай катэдры. Хіба што ён пачуваў сябе не найлепшым чынам. Мы некалі ездзілі з Шушкевічам з афіцыйным візітам у Вільню. У неафіцыйнай частцы Вітаўтас Ландзбергіс узгадваў, як студэнтам кансерваторыі спяваў “Крамбамбулі” па-літоўску, нямецку  і нават на ідыш. А прэм’ерша Казіміра Прунскене частавала нас вэнджаным угорачам, што налавіў яе сын.

З Літвой  мяне звязае шмат успамінаў і сэнтыментаў: першы з’езд БНФ, першы з’езд Саюдзіса, выступ-зварот  да літоўскіх беларусаў у прамым эфіры  па-беларуску ў імправізаванай тэлестудыі ў парламенце, абкладзеным мяшкамі з пяском і бетоннымі блокамі. Вакол танкі і чырвоны сцяг за агароджай. Літоўскія абаронцы са спартыўнымі малакілібернымі вінтоўкамі… Літоўскі Лявон-Лявонас, які падараваў мне Евангелле на літоўскай мове, гісторыю Літвы выдання 1934 года і Літоўска-расійскі слоўнік Барыса Сярэйскага (Коўна, 1933) з рэдактарскімі ўклейкамі і дапісанымі глосамі, зробленымі алоўкам. Я, праўда, дагэтуль літоўскую мову не вывучыў. Сяк-так магу прачытаць просты тэкст з слоўнікам.         

Літоўцам за Дзень ушанавання герояў дзякуй. Зрабілі ўсё годна, прыгожа. Мы б так не змаглі, нават афіцыйна. Я так думаю. Акрамя ганаровай варты я не бачыў там людзей у вайсковай форме.  

Хацелася б і верыцца, што хрысціянскае пахаванне герояў паўстання 1863-64 гг. перапыніць, нарэшце, нашу шматгадовую традыцыю найноўшай гісторыі сімвалічна-рашуча яднацца на могілках: на  Росах, у Курапатах, у Лошыцы, на Дзяды ў Ласях і Плябані, на трагічных чарнобыльскіх шэсцях 26 красавіка і разбудзіць, як некалі ў мінулай гісторыі, паспалітае рушэнне пад сцягам Пагоні.  

26.11.2019