НЕЦЯРПІМАСЦЬ: “НЕИЗМЕННО ПРАВИЛЬНО И СЛАВНО”

31.08.2021
У старым расейскамоўным падручніку для дзяцей «Законъ Божій» чытаем: «Мы называемся православными христианами потому, что веруем в Господа нашего Іисуса Христа (...) и принадлежим к основанной самим Спасителем (...) Церкви, которая (...) неизменно ПРАВИЛЬНО и славно сохраняет учение Іисуса Христа».
Канешне, ваенрукі, праваслаўныя святары ці настаўнікі (пасля пэўнага спецкурсу), якія прыйдуць сёлета ў беларускія школы паводле волі А. Лукашэнкі выкладаць асновы патрыятычнай этыкі, не будуць карыстацца старымі выданнямі, а падаваць усё ў сучаснай упакоўцы. Думаецца, што ў старэйшых класах вучням будуць тлумачыць, як разумеюць паняцце патрыятызм і абарона айчыны ў розных дзяржавах, што азначаюць паняцці “праваслаўныя”, “хрысціяне заходняга абраду”, “іудзеі”, “мусульмане” і г. д.
Пасля 8-гадзіннай прамовы А. Лукашэнкі і жнівеньскіх педагагічных нарадаў стала ясна, што сёння мы будзем вяртацца фактычна ў канец 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі падручнікамі ў гуманістычнай сферы займаўся галоўны ідэолаг Беларусі палкоўнік Замяталін. Цяпер гэтым будзе займацца міністар Карпенка, галоўны камуніст Беларусі. Цяпер толькі ўсё будзе, відавочна, праходзіць у адзінай інфармацыйнай прасторы з Расіяй і ў больш чорна-белым выглядзе.
У беларускім выпадку і ў наш час актуальнасьць праблемы будзе палягаць у самаідэнтыфікацыі на розных узроўнях: моўным, геапалітычным, дзяржаўным. Пры гэтым «цывілізаванасьць» будзе выяўляецца ў тым, каб пастарацца зразумець іншы бок. І сярод сваіх дома, і паміж суседзямі, -- далёкімі і блізкімі. Як кажуць: што для расейца добра, тое для немца смерць. Тут, аднак, існуюць розныя традыцыі талерантнасьці. У самой назве праваслаўе закладзены прынцып нецярпімасці.
Якімі тэкстамі кіраваліся выкладчыкі грамадазнаўства і гісторыі нашых школ ў канцы 90-х гадоў? Вось у брашурах мэтадычна-дыдактычнай сэрыі «Гісторыя. Праблемы выкладаньня» ў рубрыцы «Гістарычныя веды і дыдактыка» (вып. 3, 1997, с. 36) перавагі праваслаўя выкладаліся наступным чынам :
У каталіцызме пануе прынцып тэакратыі (...) Напрыклад, крыжакі ў сваіх паходах кіраваліся не Боскай воляй, а воляю папы Рымскага (...) Тут пануе аўтарытэт царквы як установы (...) Для пратэстантаў культ асобы з'яўляецца першасным (...) Поспех і богаабранасць ідуць побач. Для гэтага падыходзяць любыя сродкі (...) 3 прагматычных меркаваньняў можна забіваць прадстаўнікоў «прымітыўных» народаў (...) Гэтак, напрыклад, рабілі кальвінісцкія місіянеры (...) Юдаізм прапаведуе богаабранасьць сваіх вернікаў (...) У гэтай веры пануе крывадушнае стаўленне да мастацтва, да чалавека як да Боскай самакаштоўнасці (...) Жанчына ператвараецца ў прадмет куплі і продажу (...)
Цытую далей вялікімі літарамі: ТОЛЬКІ Ў ПРАВАСЛАЎІ МОЖНА ЗНАЙСЦІ ГАЛОЎНАЕ-- ПРЫНЦЫП УЗАЕМНАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ЛЮБОВІ ПАМІЖ ЛЮДЗЬМІ (...) Памыляюцца тыя, хто тлумачыць вучэнне Хрыста такім чынам, быццам ён ня ставіў перад сабою мэты зьмяніць палітычныя, сацыяльныя ды эканамічныя ўмовы людзкога існавання. Шукаючы ўласнае выратаваньне праз усеабдымную любоў да бліжняга, чалавек робіць гэтым самым свой унёсак ува ўдасканаленьне грамадзкага жыцця. “
А вось што прагучала ў 1998 г. па 1-й праграме Беларускага радыё ў перадачы «Возвышенное и земное» (паўтораная ў 1999 г.) у выкананьні заслужанай артысткі Беларусі Зоі Асмалоўскай. Артыстка прачула распавядала:
“Эўрапейскі парлямэнт, Рада Эўропы ды іншыя т.зв. дэмакратычныя арганізацыі – гэта зборышча масонаў ды сіяністаў, што кіруюцца «Пратаколамі сіёнскіх мудрацоў» ды ставяць сабе за мэту пакарыць праваслаўнае славянства і ператварыць нас у рабоў (...) Інтэрнэт, усялякія кодавыя ды банкаўскія карты ёсьць вынаходніцтва д'ябла, сатаны, спроба стварэння сучаснага татальнага кантролю над чалавекам…Міжнародны валютны фонд ды так званыя дабрачынныя арганізацыі плануюць ператварыць нас у сыравінны прыдатак заможнага Захаду і выкарыстоўваць як танную працоўную сілу...”
Ці так думалі бацькі дзяцей, якія хадзілі ў школу ў канцы 90-х гадоў? Што думаюць бацькі сёння?