02.05.2024
Гэта прыгаворка маёй маці. Яна хоць і вучыла нас не памінаць марна імя Госпада, але сама гэта рабіла даволі часта: “Казаў Бог, каб сам сабе памог”, “Толькі пачні, а там – Бог бацька”, “Баболя святы, але не Бог” …
БáЛМАЧ – наша ветрынска-вушацкае слоўца. У “Вушацкім словазборы” Рыгора Барадуліна тлумачыцца як БЕСКЛАПОТНАСЦЬ, БЯЗДУМ’Е, АБЛУДА. Ілюстрацыя: “Так і пражыў век балмаччу”.
Я не бачыў аўтограф нататнікаў Барадуліна. Ці гэтае слова ён сам тлумачыў, ці тут прыклала руку ўкладальніца Наталля Давыдзенка, якая не была носьбіткай гаворкі? Шмат якія словы ў алфавітным рэестры (асабліва балтызмы) патрабуюць дадатковага абмеркавання. Апошняе значэнне (аблуда) выклікае ў мяне сумнеў: і самы разважлівы і адукаваны чалавек не можа быць гарантаваны пэўны час ад сумніўных стэрэатыпаў.
У другога вушацкага “мальца”, Уладзіміра Свяжынскага, яно набліжаецца да майго разумення, што сфармавалася, калі я яшчэ быў “паўшабэлкам”: БАЛМАЧЧУ значыць ПА-МАХЛЯРСКУ. . Прыклад: “Ён балмаччу сабе пенсію дайшоў”. Тут і “дайсці” ужыта вельмі па-нашаму. Апісанае Свяжынскім слова “балмаччу” паходзіць з вёскі Тураспалле Вушацкага р-ну. Гэта ў зборніку “Народная лексіка” (1977), надрукаваным у выдавецтве “Народная асвета”.
Ён быў тады супрацоўнікам сектара гісторыі мовы Ін-та мовазнаўства АН БССР, даследаваў вядомы “Дзённік” падсудка Фёдара Еўлашоўскага (16-17 ст.).
У нас гэтае слова мела агулам больш шырокі сэнс: ПРЫХАПКАМ, АБЫ-ЯК, ПА-МАХЛЯРСКУ, ГВАЛТАМ, З МЭТАЙ ЗАЙМЕЦЬ ВЫГАДУ, БЕЗ НАЛЕЖНАГА ВЫНІКУ, З ШУМАМ ….
Памятаю яшчэ адно выказванне з гэтым словам: БАЛМАЧЧУ СВЕТ ПРОЙДЗЕШ, ДЫ НАЗАД НЕ ВЕРНЕШСЯ. Тут “свет” набліжаецца да значэння “шмат”: “Ён свет-чаго нагаварыў, -- тры бочкі рыштантаў”.
Узгадвае гэтае слова и Даль: сумазбродства, бесталковасць, паспешлівасць ... . Рабіць нешта на-балмач.
ЧАМУ Я ЎЗГАДАЎ ГЭТАЕ СЛОВА І ПРЫГАВОРКУ?
Пасля таго, як я апублікаваў у ФБ два апошнія запісы пра беларускае публічнае вымаўленне (ключавое слова “шапялявасць”), мне патэлефанаваў мой даўні сябра і паўшчуваў мяне за лішнюю занудлівасць і дробязнасць, нават папракнуў у самаедстве: трэба падтрымліваць усё сваё і не быць занадта крытычным.
Я толькі і знайшоў адказаць: я не магу сабе ўявіць, каб нямецкі ці польскі кіраўнік грамадскага аб’яднання з гуманістычнай універсітэцкай адукацыяй або топавы вядоўца крытычнай праграмы гаварыў публічна з граматычнымі і арфаэпічнымі памылкамі.
Усе астатнія – на здароўе, хай пераходзяць на родную мову і гавораць, як хто ўмее. Няхай пакуль блытаюць “сабе” і “сябе”, не ўмеюць ужываць “абедзве” і “абодва”, блытаюць “дзяўчыны” і “дзяўчаты”, не умеюць утвараць формы прыналежных прыметнікаў (“скарынінскі” замест правільнага “скарынаўскі”) і г. д. Тут усё зразумела. У школе мову толкам не выкладаюць, у нацыяцэнтрычныя журналісты пайшлі больш рухавыя -- матэматыкі, аграномы ды эканамісты… Такі наш лёс. Але нельга пасрэднае называць выбітным і пляскаць у ладкі.
Я некалі нажыў сабе нямала незычліўцаў, калі напісаў у “АРХЭ” нарыс “Перакладніцкі Алімп без рэдактара”. Рэдакцыя паправіла на “перакладчыцкі”. У краіне, дзе значная колькасць асобаў да 30 гадоў валодае хаця б адной замежнай мовай, перакладнік не павінен брацца за пераклад тэксту, які не разумее яго зместава. А калі карыстаецца фрагментарна перакладам іншамаўных “перастваральнікаў”, то павінен рабіць спасылкі.
МАЕ МАЛЕНЬКІЯ БЕЛАРУСКАМОЎНЫЯ ПЕРАМОГІ ДЗЯКУЮЧЫ ЮРЫДЫЧНАМУ І МОЎНАМУ ПЭРФЭКЦЫЯНІЗМУ
Я ўжо заўважаў аднойчы, што, камунікуючы кваліфікавана з дзяржаўнымі ўстановамі на дзяржаўнай беларускай мове і тым самым ПАЗНАЧАЮЧЫ СВАЮ ПРЫСУТНАСЦЬ у дзяржаўна-юрыдычнай прасторы, мы адначасова павялічваем свой шанец атрымаць грунтоўны станоўчы адказ.
Я ўзгадваў прэцэдэнты з РУП “Выдавецтва БЕЛАРУСЬ” (прызналі факт плагіяту ў купалаўскай энцыклапедыі і выплацілі ганарар паводле пераробленай па-беларуску дамовы ў 10-разовым памеры з дастаўкай дадому), з УП “Мінская жыллёвая гаспадарка” (вымусіў прызнаць незаконным спагнанне 14 000 беларускіх рублёў з жыхароў пад’езду, за рамонт пад’езда не плацілі), з ТАА “Мінскія цепласеткі” (пры карэктным пераразліку скарацілася аплата за ацяпленне ў снежні-лютым у 2 разы).
У дадатку да сённяшняга запісу – фота новага стэнду для вязання і шыцця ў гіпермаркеце КАРОНА (філіял манапольнага ТАБАК ІНВЕСТ). З’явіўся пасля маёй беларускамоўнай заявы на імя загадчыка філіяла наконт адсутнасці ў 2-павярховым будынку прыладаў для шыцця, на якую быў дадзены СПАЧАТКУ адмоўны адказ па-беларуску.
Праз тыдзень з’явіўся стэнд з ніткамі, іголкамі ды іншым начыннем. Юрыдычна добра напісаная заява падзейнічала. Той адмоўны беларускамоўны адказ напісаны ўсяго з дзвюма памылкамі: у нас “чарніла” не мае мужчынскага роду, і “загадчык” ужываецца з сінтаксічным кіраваннем “загадчык ЧАГО”, -- “філіялу”, не “філіялам.
Беларускі адказ юрыста КАРОНЫ зроблены даволі зграбна стылістычна. Прыкладаецца.
PS. Пры любым раскладзе далейшых падзей дбанне пра жыццё нашай мовы застанецца на гады нашым святым абавязкам. Будзённае карыстанне роднай мовай у краме ці ў грамадскім транспарце– акцыя, больш дзейсная, чым вопратка з фрагментамі кантраснага насычэння белымі і чырвонымі колерамі.