МІХАСЬ БУЛАВАЦКІ: АБ АДНЫМ АСПЕКЦЕ МОЎНАЙ НЯРОЎНАСЦІ Ў СІСТЭМЕ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

12.04.2010

Рэспубліка Беларусь мае дзве дзяржаўныя мовы, па Канстытуцыі роўныя. Натуральна, што іх выкладанне ў любой школе краіны павінна быць уроўненым і па часе, і па аб’ёме праграмы, і па ўзроўні патрабавальнасці. Сёння, на жаль, школа вельмі далёкая ад такой роўнасці. Асабліва гэта кідаецца ў вочы тым, хто працуе непасрэдна з беларускай мовай у моладзевым асяродку.
З 2001 года на базе Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.Куляшова праводзіцца “Беларускае пяціборства” – спаборніцтва навучэнцаў старшых класаў Магілёўшчыны на шырыню і глыбіню іх агульнай адукацыі. Праводзіцца гэтае спаборніцтва тады, калі лепшыя вучні вобласці збіраюцца на абласныя прадметныя алімпіяды. Па заканчэнні алімпіяд іх удзельнікаў запрашаюць па¬змагацца і за прызы “Беларускага пяціборства”. Адгукаюцца на гэтае запрашэнне звычайна тры-чатыры дзясяткі навучэнцаў. На пяціборстве ім прапануецца паказаць свае веды і ўменні па шырокім спектры школьных дысцыплін – мове, літаратуры, гісторыі, прыродазнаўстве і матэматыцы.
Пра цікавыя вынікі пяціборства і некаторыя высновы шмат пісалася ў беларускай прэсе. Найбольш значныя публікацыі ўказаны ніжэй.
Як ужо адзначана вышэй, на “Беларускае пяціборства” прыходзяць леп¬шыя з лепшых, прыходзяць юнакі і дзяўчаты з высокімі адзнакамі па ўсіх дысцыплінах, у тым ліку па роднай мове. Маючы высокія адзнакі па мове, яны лічаць, што гэтую мову ведаюць і ўмеюць карыстацца. Аднак, калі ім даводзіцца выказаць на гэтай мове свае думкі ў развязванні матэматычнай ці фізічнай задачы, адказаць на пытанне з біялогіі ці астраноміі, яны (даволі нечакана для іх саміх!) адчуваюць недастатковасць гэтых ведаў (падрабязней пра гэта – 1–4). Выяўляецца тут вельмі істотны недахоп школьнай адукацыі: беларускай мове навучаюць так, як мове замежнай. Калі чалавек больш-менш ведае моўныя правілы і валодае нейкім даволі абмежаваным наборам слоў, каб пабудаваць сказы пра сям’ю, прыроду ды іншыя тэмы “шырокага ўжытку”, настаўнікі мовы лічаць гэта дастатковым і ставяць самыя высокія адзнакі. Настаўнікаў мовы, на наш (аргкамітэта і журы пяціборства) погляд, папракаць тут не трэба. Не іх справа даводзіць да вучня тое, як гучаць на роднай мове адмысловыя тэрміны з матэматыкі, геаграфіі, хіміі ды інш. Гэтую працу, як нам думаецца, павінны выконваць настаўнікі адпаведных прадметаў.
Вось настаўнік матэматыкі вядзе ўрок на тэму “Акружына” ў рускамоў¬най беларускай школе. Ён расказвае пра диаметр, хорду, сектор, касательную, секущую, пра вписанные і описанные треугольники. Цалкам натуральным і вельмі дарэчным было, калі б ён паведаміў вучням, як гучаць новыя для іх словы на беларускай мове: дыяметр, хорда, сектар, датычная, сечная і г.д. Часу на гэтую карысную і патрэбную справу страціцца няшмат і вучням запомніць няцяжка, бо пераважная большасць матэматычных тэрмінаў на беларускай і рускай мовах гучаць амаль аднолькава. Але вельмі рэдка які настаўнік робіць гэта (радуе, што такія настаўнікі ўсё ж ёсць). І вучні прыходзяць на пяціборства, не ведаючы адпаведнай беларускамоўнай тэрміналогіі. І, каб выказаць сваю думку, ім даводзіцца займацца словатворчасцю. Трывугольнік, высата, лічыцель (гэта так перакладаюць числитель), часнае, разварочаны вугал (разгорнуты), праізводная… А новых адпаведнікаў слова датычная я сабраў з вучнёўскіх прац ужо цэлую калекцыю: касальная, касацельная, даткнутая, кранальная, дакранальная, кранацельная, датыкальная, зачэпная, чапацельная, датыкацельная, дакранутая… (гл. яшчэ 1).
Што ж перашкаджае настаўніку матэматыкі проста паведаміць сваім вучням, як гучыць гэты тэрмін на іншай дзяржаўнай мове? Настаўнікі беларускамоўных школ амаль заўсёды гэта робяць. А настаўнікі рускамоўных школ чамусьці не лічаць такое патрэбным. Няма адпаведнай дырэктывы міністэрства? Магчыма, такая дырэктыва часткова праблему вырашыла б. Але галоўнае ў саміх настаўніках, значная частка якіх займаюць агрэсіўную пазіцыю нацыяналь¬нага нігілізму.
Аднойчы аўтар гэтых радкоў выказаў прапанову паведамляць вучням бе¬ларускамоўныя назвы матэматычных тэрмінаў на сходзе настаўнікаў, якія прывезлі сваіх вучняў на абласныя алімпіяды. І некалькі настаўнікаў актыўна абурыліся: “Зачем это? У нас же русская школа!” На жаль, гэтых настаўнікаў лёс тытульнай мовы нашай дзяржавы ўжо не хвалюе. Існуе рызыка, што бацыламі нацыянальнага нігілізму будуць заражаны і іх вучні.
Потым гэтыя юнакі і дзяўчаты закончаць школу і ВНУ і пачнуць працаваць на дзяржаўных пасадах, грэбуючы мовай гэтай дзяржавы і ствараючы немалыя праблемы для беларускамоўнай часткі яе насельніцтва. Аўтар гэтых радкоў адносіць сябе да гэтай часткі. Як індывідуальны прадпрымальнік я павінен весці пэўную дакументацыю, кантактуючы з банкамі, падатковай інспекцыяй, сацыяльнымі службамі ды іншымі дзяржаўнымі інстанцыямі
. Натуральна, што я, як беларус, абраў беларускамоўны варыянт свайго справаводства. І амаль кожны раз узнікаюць праблемы. Пасведчанне прадпрымальніка пасля настойлівых патрабаванняў мне выдалі на беларускай мове, але на рускамоўным бланку. Паперку аб уліковым нумары плацельшчыка выдалі на беларускай мове толькі пасля трэцяга наведвання падатковай інспекцыі.
Чатырохстаронкавы бланк па¬датковай дэкларацыі, якую я павінен запаўняць штомесяц, давялося самому перакладаць на беларускую мову; тое ж – з банкаўскімі квітанцыямі. Беларускамоўныя бланкі ўвогуле не друкуюцца. Кожны індывідуальны прадпрымальнік павінен мець “Кнігу заўваг і прапаноў” і “Кнігу праверак і рэвізій”. На беларус¬кай мове гэтыя кнігі чамусьці не выдаюцца. Я катэгарычна адмовіўся набываць іх на рускай мове і мне падатковае міністэрства пагражае штрафамі. Тут пералічана толькі маленькая частка праблем беларускамоўнага прадпрымальніка.
Выяўляецца, што жыццё беларуса ў роднай Беларусі, калі ён хоча актыўна карыстацца роднай мовай, значна абцяжарана. І ўсё гэта “дзякуючы” ў тым ліку і настаўнікам сярэдніх навучальных устаноў, якія не лічаць патрэбным навучаць школьнікаў роднай мове ў поўным аб’ёме.
Некалькі год назад актывісты Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы зрабілі апытанне сярод настаўнікаў горада Магілёва і вобласці аб адносінах да беларускай мовы. Найбольшы негатыў выказалі настаўнікі фізічнай культуры (тут ні адзін з апытаных 22 чалавек не выказаў прыхільнасці да мовы), за імі настаўнікі хіміі і біялогіі, крыху меншы – настаўнікі іншых негуманітарных дысцыплін. Не пацвердзілася меркаванне, што сярод “лідэраў” тут будуць настаўнікі рускай мовы і літаратуры. Значная частка гэтых настаўнікаў усё ж адчуваюць каштоўнасць не толькі рускай мовы. Мы не называем лічбы, паколькі апытанне было недастаткова масавым, каб рабіць нейкія абагульненні.
Тым не менш, выкажам некаторыя пажаданні Міністэрству адукацыі. Няблага было б распрацаваць рэкамендацыі настаўнікам-прадметнікам, адпаведна якім яны павінны знаёміць сваіх вучняў з беларускімі варыянтамі ўжываных тэрмінаў. У ідэале (калі для настаўніка такое пасільна) пажадана правесці адзін-два ўрокі новага раздзелу на беларускай мове. Нам думаецца, што вучні зразумеюць тое правільна і ўспрымуць без негатыву, бо, напрыклад, у Магілёве, дзе няма ні воднай беларускамоўнай школы, прыблізна палова абітурыентаў абірае на цэнтралізаваным тэставанні беларускую мову. Мова жыве, а таму і ставіцца да яе трэба як да з’явы рэальнай і неабходнай адукаванаму чалавеку.

Скарыстаныя тэксты:
1. Булавацкі М.П. “Беларускае пяціборства” у Магілёве, альбо Як алімпіяды дапамагаюць засвойваць родную мову” (рубрыка “Рэформа школы”) // “Настаўніцкая газета” 22.04.2003.
2. Булавацкі М.П. Пра мову для матэматыкаў – кранальна... // “Наша слова” 7.05.2003.
3. Булавацкі М.П. Вярнуць інтэлекту радзіму // “Звязда” 28.02.2004.
4. Булавацкі М.П. “Праізводная” ці “вытворная” // “Советская Белоруссия” 6.02.2008.