Пётр Садоўскі, першы амбасадар РБ у ФРГ
Чарговая гістарычная руіна на Беларусі, якая была запачаткавана “прэзідэнцкай эпохай” у 1994 годзе, дасягнула свайго апагею напрыканцы 2010. Беларускі “падпал Рэйхстагу”, або “крывавая нядзеля” 19 снежня 2011 г., сталі знешняй вяхой пачатку канца авантурнага праекту рэстаўрацыі нэасавецкай дыктатуры на абшарах 10-мільённай постсавецкай тэрыторыі, што стала называцца Рэспубліка Беларусь. Не будзем спрачацца з аналітыкамі, якія сцвярджаюць, што ўзяцце Беларусі на “пракорм” Расіяй з мэтай прывязкі і пазнейшага паглынання на працягу паўтара дзясятка гадоў было спланаванай акцыяй. Хутчэй за ўсё гэта быў экспромт рознавагавых гульцоў. Атрымалася тое, што атрымалася.
Эканамічны калапс, суды над апанентамі рэжыму, небяспека арышту, звальнення з працы ці вучобы, прамыя і ўскосныя пагрозы іншадумцам, – усё гэта прывяло да значнай дэфармацыі і без таго няўстойлівага сацыяльна-палітычнага ландшафту, які склаўся за час панавання дыктатуры. Разбураныя кааліцыі, зблытаныя вектары Усход-Захад, скампраметаваныя сімвалы і міфы, уцёкі ў індывідуалізм і “малыя справы”, спроба захавацца любой цаной, – вось знешняя карціна беларускай руіны-патопу пачатку 2011 года. Разарваны час, бясчассе…
Але ж усякае бясчассе ёсць пярэрва руху з адной кропкі гісторыі ў далейшую. Дзе ён, наш пачатак руху ў новым часе? Мы зноў, як купалаўскі жаўнер, “задумляемся, у які край наша сцежка сцелецца”. Думаю, трэба аглянуцца ў 1918 год, калі была абвешчана БНР. Тады і Плошча 2011 года набудзе гістарычны сэнс. Варта звярнуцца да некаторых гістарычных аксіёмаў.
Рэспубліка Беларусь: выпадзенне з тыпалогіі старых і новых міфаў
У сённяшняй Беларусі ёсць два міфы пра БНР – афіцыйна-дзяржаўны (з перавагай негатыўнага) і нацыянальна-патрыятычны (абсалютна станоўчы). Для здаровага розуму нонсэнс, калі гістарычны кантынуум нацыі абсякаецца на стагоддзі, але для нас – факт. Дзень Рэспублікі святкуецца 3 ліпеня. Сімвал свята – танк Т-34 на пастаменце каля Дома афіцэраў у Мінску. Як вядома, у бетоннага пастамента няма каранёў. Пад ім – асфальт.
У афіцыйнай трактоўцы сённяшняга рэжыму феномен БНР, які наследаваны з савецкага часу, адмоўны: нацыяналісты, прыдумаўшы міф пра “залаты век” часу ВКЛ, адмаўлялі дабратворны ўплыў Расіі на гістарычны лёс Беларусі, у 1918 годзе падчас нямецкай акупацыі прасіліся пад парасон кайзэраўскай Германіі, хацелі разарваць повязі з рускім народам. Іхную сімволіку выкарыстоўвалі нават калабаранты пры Гітлеру. З мэтай дасягнення адзінства нацыі за “не-нацыянальную”, чыста “грамадзянскую” дзяржаву выступаюць нават некаторыя шчырыя прыхільнікі беларускай незалежнасці, якія не лічаць прынцыповым выбар паміж БНРаўскімі каштоўнасцямі і БССРаўскай рэзервацыйнай традыцыяй. Але з гэтага вынікала б, што выбар “Нашай Нівы”, Коласа, Купалы, дзеячаў БНР быў гістарычнай памылкай. Тое ж ВКЛ не было монанацыянальным утварэннем. Адгэтуль, маўляў, нашыя мукі сёння. Пачытайце і паслухайце таго ж Валянціна Акудовіча. Больш за тое, прыхільнікам традыцыі несавецкай нацыянальнай дзяржаўнасці прыпісваюць лозунгі тыпу “Беларусь для беларусаў!”, чаго не знойдзеш дэ-факта ні ў праграмах БНР, ні ў партыйных дакументах “арыгінальнага” БНФ, ні ў праграмах сацыял-дэмакратаў, ні ў іншага апанента сённяшняга рэжыму. У свядомасці неасвечанага абывацеля прапаганда ўяўнага русафобства з боку нацыянальна арыентаванай апазіцыі спрыяе стварэнню адмоўнага стаўлення да БНР.
Аргументы нацыянальна-патрыятычных гісторыкаў спрабуюць злучыць мінулае і сучаснае: БНР стала пераемніцай нашай сярэдневечнай гісторыі, запачаткавала нашу дзяржаўнасць новага часу (без яе не было б і БССР) як дэмакратычнае ўтварэнне з правамі на ўсе формы ўласнасці і правамі нацыянальных мяншыняў, зрабіла спробу выйсці на міжнародную арэну як самастойная дзяржава. Генатып расійскай дзяржаўнасці, эканамічная экспансія і этнічна-моўная блізкасць, лічаць аўтары, – небяспечныя фактары для захавання паўнакроўнага беларускага суверэнітэту.
Кажуць, што нацыю ў значнай ступені ствараюць падручнікі гісторыі. У 1991 95 гг. на школьных уроках гісторыі ў нас ужо гаварылі пра “папярэднікаў” і “бацькоў БНР”: Вацлава Іваноўскага, братоў Луцкевічаў, Язэпа Лёсіка, Язэпа Варонку ды інш., як гэта робяць, напрыклад, амерыканцы, узгадваючы “бацькоў Канстытуцыі” 1791 г. Джэймса Мэдысана і Томаса Джэфэрсана. Потым усё зноў вярнулася на савецкія рэйкі, нават горш: за выкарыстанне БНР-аўскай сімволікі цяпер могуць аштрафаваць, арыштаваць, выгнаць з працы ці вучобы.
Адзін мой знаёмы нямецкі гісторык, з якім давялося на працягу трох гадоў супрацоўнічаць у праекце Інстытута імя Георга Экерта (Браўншвайг, ФРГ) “Гісторыя дзяржаўнасці балцкіх краінаў”, ніяк не мог зразумець, чаму нашы ўлады не любяць БНР, чаму ўвесь час узгадваюць кайзэра ды немцаў, хаця нават беларускія афіцыйныя гісторыкі зрабілі некалькі крокаў наперад у ацэнцы заснавальнікаў БНР: “Дзіўныя людзі вашы цяперашнія кіраўнікі. СССР даўно няма, афіцыйна вы адарваліся ад рускіх, пра які жупел нацыяналізму можа ісці гаворка? Вы ж паглядзіце на літоўцаў… Немцам, якія акупавалі Літву ў 1918 годзе, спачатку не спадабалася пракламацыя Тарыбы ад 16 лютага 1918 г., дзе гаварылася пра суверэнітэт, але ж ужо праз месяц немцы прызналі Тарыбу, прапанавалі літоўцам вайсковыя ды эканамічныя ўмовы, пасля якіх у ліпені таго ж года Тарыба выбрала герцага Вільгельма фон Ураха, графа Вюртэмбэрскага, літоўскім каралём і прапанавала канстытуцыйную манархію як форму дзяржаўнага кіравання. Цяпер ніхто не папракае Тарыбу за тую гульню з немцамі. Гэта быў пачатак, трэба было лавіраваць, шукаць хаўруснікаў. І эстонцы, і латышы адбіліся ад бальшавікоў пры падтрымцы немцаў, англічанаў, шведаў… Германія, натуральна, мела свае геапалітычныя інтарэсы (на час абвяшчэння БНР частку беларускай тэрыторыі немцы прызнавалі за Літвой). Сёння літоўцы моляцца на Тарыбу, святкуюць тыя даты…”
Цяжка не пагадзіцца з нямецкім гісторыкам. Сапраўды, і ўкраінцы, і грузіны, і азербайджанцы, і армяне ды іншыя народы былой Расійскай імперыі, карыстаючыся “Дэкларацыяй правоў народаў Расіі”, якую фармальна падтрымлівалі бальшавікі, пасля 1917 і да пачатку 20-х гадоў пачалі ўтвараць свае нацыянальныя дзяржавы. Яны, праўда, былі пазней раздушаныя ў часе “трыумфальнага шэсця савецкай улады”, як тое называлася ў школьных падручніках. Пасля развалу СССР на пачатку 90-х адбыўся той вядомы “парад суверэнітэтаў”, у выніку якога былыя савецкія рэспублікі вярнуліся да гістарычных здабыткаў пачатку стагоддзя, рэабілітаваўшы старыя сярэднявечныя нацыянальныя міфы, нацыянальную сімволіку, нацыянальных герояў, – адным словам, пачалі “дабудоўваць” сучасныя нацыянальныя дзяржавы. Гэта зрабілі ўсе, за выключэннем Беларусі. Мы цяпер з зайздрасцю глядзім на расійскі трыкалор ды ўкраінскі жоўта-блакітны прапар.
“Постнацыянальная” Еўропа не разумее “запозненых нацыяналістаў”
Навошта зараз, выбудоўваючы вонкавыя стасункі з суседзямі на Усходзе і Захадзе, узгадваць БНР? Ці не ёсць гэта нейкая сантыментальная гістарычна-патрыятычная рамантыка постнацыянальнай эпохі? Вунь на высокатэхналагічных прадуктах, што прадаюцца ў Турцыі, можна сустрэць лэйбл, дзе значыцца, што рэч “Made by Siemens”, а не „Made in Germany”, а наша моладзь забаўляецца камп’ютэрнымі гульнямі, дзе вікінгі кахаюцца з гейшамі. Краіны, фірмы, брэнды, Поўнач, Усход, – усё змяшалася... У “постнацыянальных” немцаў, напрыклад, непаліткарэктна гаварыць пра “патрыятызм”. Карэктна гаварыць пра “канстытуцыйны патрыятызм” (Verfassungspatriotismus). Сказаць публічна “Я люблю Германію” – значыць павесіць сабе кляймо правага радыкала, а то і неафашыста, амаль як не прызнаючы ўголас гістарычнай выключнасці халакосту. “Навошта вам у 21-м стагоддзі нацыянальная буржуазія?”[1], – пытаецца ў мяне дэпутат Бундэстага ад сацыял-дэмакратаў. – Вы ж не ў канцы 19-га стагоддзя жывяце! Мы жывем у век глабальнай эканомікі. Вам трэба высокія тэхналогіі. У Расіі ёсць рэсурсы. Развівайце хай-тэк. Жывіце разам. У вас вышэйшая хрысціянская мараль. Навошта вам Еўропа з яе ўседазваляльнай паліткарэктнасцю, бязлітасным эканамічным лібералізмам?”.
Каб адказаць на гэтую заўвагу, трэба закрануць гуманістычны аспект, што выцякае з небяспекі паглынання меншага блізкароднаснага этнасу суседнім большым, асабліва праз мову. “Постнацыянальныя” еўрапейцы з лёгкай рукі Фрэнсіса Фукуямы, што напісаў “Канец Гісторыі”, пачалі забывацца, як паўтара стагоддзя таму змагаліся за свае нацыянальныя дзяржавы, як пісалі гімны сваім мовам, жанчынам, вінам, спевам, складалі легенды, пісалі оперы… Яны прайшлі шлях, які нам перашкодзілі прайсці пэўныя гістарычныя абставіны, створаныя больш “пасіянарнымі” суседзямі.
Гаворачы пра “новае суседства” і “ўсходнееўрапейскае партнёрства”, усе еўрапейскія палітыкі падкрэсліваюць, што хацелі б мець Беларусь як стабільнага суседа, і называюць два галоўныя складнікі – дэмакратыю і ўстойлівую эканоміку. Яны не хочуць бачыць, што наша краіна не можа пакуль быць стабільнай, з’яднанай, бо наша нацыя не дабудаваная, яна раздзеленая на паралельныя грамады: прыхільнікаў нацыянальнай дзяржаўнасці (з мовай і астатнімі атрыбутамі) і апалагетаў “грамадзянскай”, “крэольскай” дзяржаўнасці. Дэнацыяналізаваныя ліберал-дэмакраты даводзяць: што тая гуманістыка ды мова! Родную мову не з’ясі на сняданак і ў печ замест паліва не пакладзеш…
Але ж не ўсе людзі хочуць вырабляць нейкі тавар ды гандляваць! Нехта хоча пісаць вершы, нехта хоча спяваць тыя песні, якія спявала маці, нехта хоча вывучаць нацыянальную гуманістыку. Ірландзец чуе, што певень спявае “гу-гу-эл-ду!”, немец падзывае котку “міц-міц-міц!”. Мы гэта чуем і робім інакш. Забываючы сваю мову, мы не можам узгадаць, як называюцца дрэвы, травы, рыба, зоркі…Мы становімся глухаватымі, слепаватымі. Нават калі пакінуць рамантычны “трэнас” па гуманістыцы, – што застаецца?
На сёння – лагодная меланхолія чакання расійскага крэдыту, стварэння “падушкі эканамічнай бяспекі”. З расійскімі традыцыямі асіміляцыі меншых народаў (ці то ў адзіным рынку, ці то ў адной дзяржаве) шансаў захавацца у нас мала. Узгадваецца Адам Сміт (заснавальнік англійскай класічнай палітэканоміі) з ягонай застольнай прамовай “Пахвала англійскай шпільцы”, сказанай у 1778 г. у Глазга у гонар прэм’ер-міністра лорда Норта, калі А. Сміт быў галоўным мытным кантралёрам Шатландыі: “Шчаслівым будзе свет, які аднойчы стане адзіным кірмашом, поўным гоману гандляроў і пакупнікоў! У тым свеце вытворцы шпілек будуць даваць філосафам і мыслярам указанні, у якім кірунку ім скіроўваць свае думкі…”. (Цытуецца паводле P. Sloterdijk: Im Weltinnenraum des Kapitals, Suhrkamp, Fr./M, 2005, S. 309. Пераклад П. С.).
“Еўропа Радзімаў” – наша адзіна магчымае выратаванне
Не закранаючы эканамічны аспект магчымага ўваходу Беларусі ў Еўрапейскі Звяз, заўважу толькі, што нават зараз паводле аб’ектыўных паказнікаў мы б не былі для Еўропы большым баластам, чым Румынія, Балгарыя або нават Грэцыя ці Партугалія. Гэта – асобная тэма. Што да захавання беларусаў як сучаснай “грамадзянскай” дзяржавы з культурна-нацыянальнымі адметнасцямі, то ўваход у Еўразвяз – наша адзінае выратаванне. Тыя рамачныя ўмовы, у якіх мы апынуліся на пачатку 2011 года, абяцаюць нам статус расійскай перыферыі кшталту Невеля, Вялікіх Лукаў, Смаленшчыны, Браншчыны пад парасонам расійскіх алігархаў і сваіх дэнацыяналізаваных паслугачоў з асяродку драбнейшага бізнэсу.
Эканамічныя законы дзейнічаюць ва ўсе эпохі, і нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы і эгаізмы не знікаюць і ў аб’яднанай Еўропе. Аднак статутныя умовы існавання краінаў-членаў (пры ўступленні кожны кандыдат павінен быў адпавядаць адпаведным умовам, што называлася дыпламатычна-французскім тэрмінам “акі комюнотэр”) гарантуюць ім захаванне нацыянальна-культурных адметнасцяў. Паўтарамільённая Эстонія ў гэтым сэнсе карыстаецца роўнымі правамі з Германіяй ці Францыяй. У ЕЗ няма “еўрапейскай мовы”, што гарантуе малым краінам права мець сістэму нацыянальнай адукацыі з перавагай нацыянальнай мовы. Англійская мова як “лінгва франка” грунтоўна вывучаецца і шырока ўжываецца ў еўраструктурах, аднак ніяк не падаўляе функцыянаванне родных моваў ў гуманістычнай сферы.
Гадоў 20–30 таму некаторыя аналітыкі, што захапляліся “постнацыянальным феноменам” Еўропы, малявалі “мультыкультурную” дэнацыяналізаваную тэрыторыю ад Ла-Манша да Буга, якая сцвердзіць сябе ў трэцім тысячагодздзі.
Петэр Сьлётэрдайк (нар. 1947), найбольш папулярны сёньня нямецкі публіцыст і філосаф, рэктар Універсітэта дызайну ў Карлсруэ і прафэсар Венскага універсітэту, у эсэ “Развагі пра сваю краіну” (1990) напісаў: “Нацыі – гэта феномены, што нясуць на сабе адбітак гістарычнага паходжання. У зменлівым свеце, аднак, усё гістарычна сваё адыходзіць на другі плян, каб аддаць першы шэраг узаемаабмену з сучасным і чужым. Такая пячатка кону будзе пастаўлена на лёс нацыяў у трэцім тысячагодзьдзі. Прадстаўнікі нацыяў павінны будуць прыжыцца ў такім сьвеце, дзе чужыя жывыя будуць важней, чым уласныя мёртвыя.”
Аднак за апошнія гады, калі Еўропу пачала непакоіць мусульманізацыя “старога свету”, аўтар пачаў раз-пораз вяртацца да развагаў пра дабратворны ўплыў умеркаванага нацыяналізму, пра які ён калісьці пісаў у эсэ “Нагода быць разам”. Там ён папулярна, як у свой час Эрнэст Рэнан, лапідарна характарызаваў феномен нацыі як “штодзённы плебісцыт”. Ад сябе дадаў, што пра тое, што ён нацыя, народ узгадвае, “калі на дварэ нешта здарылася”. “У нашыя дні, – напісаў Слотэрдайк у 2010 годзе, – на нашым еўрапейскім двары нешта здарылася. Мы пытаем сябе: Ці належыць іслам да Еўропы і Германіі?. Шукаючы адказ на гэтае пытанне, мы зноў адчуваем, што мы павінны зноў узгадаць, што мы – нацыя…”. Пра гэта ж загаварылі і кіраўнікі Францыі, Германіі ды Вялікабрытаніі.
Думаецца, што ў нас у Беларусі на пачатку 2011 года таксама “нешта здарылася”. Нам трэба быць разам. Думаць разам і дзейнічаць разам. Трэба працягваць той шлях, які нам паказалі “айцы БНР” у 1918 годзе. Нават тыя дзеячы БНР, што выступалі за шырокую аўтаномію ў складзе Расіі, прымаючы культурніцкі міф пра ВКЛ, Статут, магдэбурскае права, старабеларускую мову і г. д., станавіліся аўтаматычна на дыялектычнае самаадмаўленне: гэтыя складнікі ніяк не сумяшчаліся з генатыпам Расійскай імперыі і тагачаснай расійскай ментальнасцю.
Наша эвалюцыя з элементамі рэвалюцыі працягваецца. Плошча, суды – гэта працяг нашай гісторыі, гісторыі нацыянальнага і дэмакратычнага самавызначэння, не завершанага ў 1918 і 1991 гадах.
[1] Практыка паказвае, што еўрапейскія спонсары хутчэй, чым расійскія, адгукаюцца на беларускія культурныя праекты. Красамоўным сведчаннем гэтага была адмова старшыні канцэрна “Росвооружение” генерала Кацёлкіна (быў на пачатку 90-х гг. 2-м сакратаром у Беларускай місіі ААН у Генадзя Бураўкіна!) падтрымаць па магчымасці беларускамоўны дэмакратычны Саюз пісьменнікаў: “Геннадий Николаевич, на это не проси… На что другое – будем думать…” (З вусных успамінаў Г. Бураўкіна).
У які край наша сцежка сцелецца?
22.06.2011