Няправільных думак не бывае: Эфектыўны ўрок літаратуры

11.11.2011

Галіна Анатольеўна СУХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска,
выдатнік адукацыі, лаўрэат конкурсу «Настаўнік года-2009».

Галіна Анатольеўна — педагог у трэцім пакаленні. Яе педагагічнае крэда: «Калі вы бераце людзей такімі, якія яны ёсць, з усімі характэрнымі ім недахопамі, вы ніколі не зробіце іх лепшымі. Калі вы звяртаецеся да людзей як да ідэальных, вы паднімеце іх на тую вышыню, на якой хацелі б іх бачыць».

Настаўніца лічыць, што вельмі важна ствараць для вучняў сітуацыі свабоднага выбару ў прыняцці рашэнняў і адказнасці за іх выкананне, а паважлівыя і гуманныя адносіны да дзяцей садзейнічаюць выхаванню творчай мэтанакіраванай асобы.

У рамках клуба «Крыштальны журавель» Галіна Анатольеўна актыўна праводзіць майстар-класы і адкрытыя ўрокі. Сваім вопытам настаўніца таксама дзеліцца з калегамі на курсах і семінарах, якія праводзіць Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Апошнім часам Г.А.Сухаву больш цікавяць пытанні выкладання літаратуры. Гэтай жа тэме і прысвечаны сённяшні матэрыял.

Сёння, калі інфармацыйны паток захоплівае кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу, неабходна думаць пра эфектыўныя шляхі арганізацыі ўрока. Праблему эфектыўнага вывучэння літаратуры можна сфармуляваць наступным чынам: як за абмежаваны час, адведзены на вывучэнне мастацкіх твораў, навучыць большаму? Ці як навучыць таму ж за меншы час?

Адным з самых моцных стымулаў да перагляду падыходаў і ўласных пазіцый да эфектыўнага навучання літаратуры з’яўляюцца кантроль і ацэнка вынікаў навучання. Для настаўніка ацэнка ведаў і ўменняў вучняў з’яўляецца найбольш складанай задачай.

Праблемы аб’ектыўнай дыягностыкі ведаў і ўменняў вучняў на ўроках літаратуры, а таксама распрацоўкі адпаведнага інструментарыю з’яўляюцца актуальнымі і не поўнасцю вырашанымі ў наш час. Нярэдка ўстае пытанне аб б’ектыўным выстаўленні адзнак (асабліва пры вусным адказе), шырыні ахопу правяраемых ведаў і ўменняў, эканамічнасці метадаў ацэнкі і эфектыўнасці.

Наш вопыт практычнай дзейнасці не прэтэндуе на прынцыпова новы шлях у працэсе засваення літаратурных ведаў і ўменняў і іх аб’ектыўнай дыягностыкі, а з’яўляецца адным са спосабаў вырашэння праблемы эфектыўнага навучання літаратуры.

Спадзяёмся на дыялог.

Калі чалавек хоча пра нешта даведацца, ён задае пытанні, а не адказвае. Таму кожны настаўнік, які стараецца павысіць эфектыўнасць урока літаратуры праз граматную арганізацыю кантрольна-ацэначнай дзейнасці, не раз задаваў пытанні:

Якія заданні прапаноўваць?
У якой форме праводзіць дыягностыку?
Колькі вучняў з класа апытваць?
Колькі варыянтаў даваць?
Як правяраць выкананыя работы?
Хто павінен правяраць?
Ці ставіць адзнакі?

Безумоўна, адназначных адказаў на пастаўленыя пытанні няма. Наш вопыт пераконвае, што найбольш эфектыўна для навучання літаратуры прымяняць заданні ў тэставай форме. Эфектыўнае заданне дазваляе вучням за адзінку вучэбнага часу дабіцца большага эфекту ў параўнанні з іншымі педагагічнымі заданнямі, хутчэй засвоіць новыя элементы ведаў. Тэставыя заданні на ўроку літаратуры сталі выконваць не толькі кантрольную, але і развіццёвую, і вучэбную функцыю. Зрабіць добрае тэставае заданне да ўрока літаратуры даволі складана. У логіцы невыпадкова гавораць пра культуру пытання, а ў педагагічных вымярэннях — пра культуру фармулявання заданняў у тэставай форме. Аднак значна спрашчае працэдуру складання тэставага задання па літаратуры дыягнастычна сфармуляваная мэта ўрока літаратуры.

:
- Урок літаратуры ў пятым класе «Вершы як вазы» (Параўнальны аналіз вершаў Рыгора Барадуліна «Бацьку» і Васіля Зуёнка «Прыйдзі аднойчы...»)...
- Прыклад выніковага тэставага задання ўрока «Народная легенда «Нарач» як аснова літаратурнай легенды М.Танка, як дзейсны спосаб раскрыцця таленту паэта»...
- Урок беларускай літаратуры ў пятым классе «Які ж ён, навічок?» (Знаёмства з героямі апавядання Генрыха Далідовіча «Страта» — Стасем і Міцем)...
- Прыклад выкарыстання анкеты героя з мэтай высвятлення мастацкіх асаблівасцей твора: Апавяданне Змітрака Бядулі «Бондар»...
- Урок «Праблема чалавечага шчасця ў апавяданні Я.Брыля «Галя»: Ці мог Янка Брыль сказаць: «Галя — гэта я ?»;
- Шлях да гарадской цывілізацыі, або «Сена на асфальце» Міхася Стральцова»...

Спампаваць: doc 83 Kb; pdf 324 Kb

Законы рытму, прапорцыі і гармоніі для любога віду мастацтва адзіныя. На нашу думку, дыягнастычна пастаўленая мэта ўрока літаратуры, граматна арга нізаваная кантрольна-ацэначная дзейнасць даволі ўдала гарманізуюць сучасны ўрок літаратуры — робяць яго і эфектным, і эфектыўным адначасова. Жадаем гармоніі ў думках і справах настаўнікам, якія задумваюцца над павышэннем літаратурнай адукацыі вучняў!

Галіна СУХАВА. Няправільных думак не бывае: Эфектыўны ўрок літаратуры // Настаўніцкая газета, 1 лістапада 2011 г.