Каб я была міністрам адукацыі

20.01.2012

Дыскусія ў газеце «Звязда» пасля публікацыі ліста настаўніка з Віцебскай вобласці пацвердзіла мае асабістыя адчуванні пра школу: усё вельмі дрэнна і, на жаль, так думаюць многія мае калегі.

Што трэба зрабіць, каб палепшыць становішча?

Гэта маё асабістае меркаванне – звычайнай беларускай настаўніцы з педстажам 25 гадоў. Некаторыя з гэтых крокаў не патрабуюць ніякіх фінансавых укладанняў, трэба толькі палітычная ды адміністратыўная воля.

1. Зменшыць апарат кіравання, асабліва на раённым узроўні. Што гэта дасць? Такі крок адразу зменшыць плыню папераў, якія прадукуюць гэтыя людзі самі – і ў геаметрычнай прагрэсіі патрабуюць ад школаў. Якую метадычную дапамогу гэтыя асобы могуць даць настаўніку, калі самі, як правіла, у школе не працавалі? А калі працавалі, то сышлі адтуль, бо не змаглі там працаваць. Больш за тое, я заўважыла такую з’яву: цікавыя, творчыя настаўнікі не прыжываюцца на гэтых пасадах, уцякаюць з іх вельмі хутка. Прыжываюцца там толькі тыя, хто атрымаў месца «па блату», каб пазбегнуць працы ў школе. Скарачэнне чыноўніцкага апарату дасць яшчэ і вызваленне грашовых сродкаў, якія цяпер ідуць на заробак «метадыстам-інспектарам».

2. Увесці ў школах сапраўднае самакіраванне. Дырэктар абіраецца тайным галасаваннем настаўнікамі, у школе ствараецца і працуе Рада школы, у якую ўваходзяць, акрамя прадстаўнікоў адміністрацыі, настаўнікі, бацькі і вучні. Рада надзелена вялікімі паўнамоцтвамі. Дырэктар, абраны народам, будзе служыць школе – вучням і настаўнікам, а не начальству.

3. Беларусізацыя школаў. Усе школы ў краіне Беларусь павінны быць беларускімі па сутнасці і па мове. На пераходны перыяд (5 гадоў) дапускаецца існаванне асобных класаў з рускамоўным выкладаннем. Ужо з наступнага навучальнага года рускамоўныя школы могуць увесці выкладанне гісторыі і геагарафіі Беларусі па-беларуску. Настаўнікам, якія на сваіх ўрокаў пяройдуць на беларускую мову, даць павышэнне заробку на 20%.

4. Адмена татальнай кантрактнай сістэмы. Сёння кантракты ў нашай краіне сталі спосабам расправы з іншадумствам, з тымі супрацоўнікамі, хто мае ўласнае меркаванне. Дырэктар падбірае працаўнікоў не па прафесійных якасцях, а па лаяльнасці да яго асабіста і да існуючай сістэмы. Ідзе натуральны адбор наадварот – атрымліваюць працу тыя, хто падтаквае начальніку, а не прафесійныя, творчыя, таленавітыя. А што ж застаецца рабіць гэтым творчым, але не вельмі зручным для начальства? Ведаю некалькі выпадкаў, што добрыя настаўнікі сышлі са школы і з’ехалі ў Расію працаваць нянькамі.

5. Адмяніць прымусовае зараблянне грошай школай. Цяпер гэтыя грошы збіраюцца з настаўнікаў, з іх і так невялікіх заробкаў.

6. Адмяніць прымусовую падпіску. Няхай журналісты «Настаўніцкай газеты» зробяць яе цікавай для настаўнікаў, тады мае калегі і без прымусу выпішуць сваё прафесійнай выданне. Чаму дыскусія пра праблемы школы і настаўніцтва разгарнулася на старонках газеты «Звязда», а не ў «Настаўніцкай»? Бо апошняя далёкая ад нашых праблем.
Прымусовая падпіска на «Юный спасатель», «Адукацыю Міншчыны», «Советскую Беларусь» стварае ў тых, хто іх выпускае, скажонае ўяўленне пра рэчаіснасць: яны, напэўна, думаюць, што даюць якасны прадукт. А гэта ж проста прымусовая падпіска…

7. Адмяніць прымусовыя паборы на суботнікі, у Фонд міру, Чырвоны Крыж, ОСВОД ды інш. Апроч таго, што гэта вытрасанне небагатых настаўніцкіх кішэняў, гэта яшчэ і спосаб прынізіць настаўніка, паказаць яму, што яго воля і розум нічога не значаць.

8. Вяртанне да профільнага выкладання. Пагаршэнне вынікаў ЦТ за апошнія 2 гады паказала, што адмена профільных класаў ёсць памылкай. Зрэшты, гэта было зразумела настаўнікам яшчэ тады, калі рашэнне прымалася без усялякага абмеркавання.

9. Стымуляванне працы настаўніка, заахвочванне да творчасці, ініцыятывы, інавацыяў. Заробак сярэдняга настаўніка роўны заробкам дзяржаўных служачых, а за дасягненні, поспехі вучняў – прэмія, падвышаны працэнт.

10. Вызваліць настаўніка ад працы, не прадугледжанай яго прафесійнымі абавязкамі: дзяжурыць на вечаровых дыскатэках і вуліцах, выхоўваць бацькоў-п’янтосаў, збіраць металалом і макулатуру, працаваць на калгасных палях, быць членам выбарчых камісій ды інш. Гэта дасць настаўніку больш часу на выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, самаадукацыю, уласных дзяцей і сям’ю.

11. Школьныя праверкі павінны быць зменшаны і іх сутнасць зменена. Хто толькі не правярае школу: РАА, абласное упраўленне адукацыі, міністэрства, санстанцыя, пажарныя.. Кожная праверка ліхаманіць установу, перашкаджае працаваць, матляе нервы адміністрацыі, настаўнікам, а тыя – вучням. Праверкі, канечне, патрэбныя, але яны павінны быць рэдкія і правяраць важныя, сутнасныя рэчы. Цяпер правяраючыя часцей за ўсё аглядаюць паперкі – ці ўсё аформлена, ці з вялікай (або малой) літары напісаны назвы прадметаў у журнале і дзённіках, колькі радкоў прапусціў вучань у сшытку пасля папярэдняй работы. Гэта называецца «Адзіны арфаграфічны рэжым». На поўным сур’ёзе правяралася і ўказвалася, што ў мінулым годзе ў класным журнале пры запісе дамашняга задання трэба было скарачаць слова «старонка»- «с.», а цяпер трэба- «стар.», і ніяк інакш! Я думаю, наданне такой вялікай увагі дробязям тлумачыцца проста: правяраючыя не ўмеюць ацаніць і праверыць сутнасныя рэчы (а гэта сапраўды не так лёгка) – як працуюць настаўнікі, адміністрацыя, які ўзровень ведаў і выхаванасці вучняў. Каб гэта праверыць, трэба самім быць прафесіяналамі, а ці заўсёды намі кіруюць такія асобы?

12. Настаўніцкі прафсаюз павінен стаць сапраўдным абаронцам настаўнікаў – а не начальства. Зрабіць гэта проста – прафсаюз павінен стварацца знізу, самімі настаўнікамі, тады ў прафлідэры патрапяць асобы, якія будуць бараніць настаўнікаў, а не начальства. Заробак прафсаюзных дзеячоў павінен аплачвацца з прафсаюзных грошай, а не з дзяржаўных.

Наталля Ільініч