Спроба сфармуляваць праект папулярнага выдання пра нацыянальныя каштоўнасці ў сістэме сучасных гуманістычных каардынатаў
Мэта інтэрнэт-канферэнцыі, як тое сфармулявана арганізатарамі, — абагульніць пазітыў з досведу настаўніцкай працы і па магчымасці даць рэальныя парады, як нам захаваць беларускую школу. Не ўдаючыся ў крытыку (макра- і мікрапрычыны нам вядомыя) і не будуючы «рэвалюцыйных» сцэнароў, мы будзем рабіць спробу шукаць правільныя адказы на няправільны стан рэчаў. Аднак, трэба прызнаць, што, гаворачы пра нацыянальныя каштоўнасці, у сённяшняй сітуацыі не застаецца нічога лепшага, як, паралельна з распаўсюдам беларушчыны ў школе і па-за школай, ствараць пісьмовыя (ці электронныя) тэксты для шырокага кола карыстальнікаў. Напісанае, сапраўды, застаецца.
Аглядаючыся назад, я чэрпаю аптымізм з уласнай дзейнасці, калі яшчэ быў маладым і працаваў выкладчыкам педінстытута. Тады мы разам з Вінцуком Вячоркам, акрамя асноўнай працы і лекцый на грамадскіх пачатках, вырашылі і за некалькі месяцаў зрабілі беларускую хрэстаматыю для дзіцячых садкоў. Гэтая кніжка пазней была перанесена на адукацыйны дыск «Гадуем беларусаў» высілкамі ТБШ і «Цэнтра Супольнасьць».
Уяўляецца, што абагульненне метадычнага досведу і ўзаемнае ўзбагачэнне настаўнікаў навучальнымі матэрыяламі для беларускай школы было б яшчэ больш паспяховым, калі б у настаўнікаў, вучняў і бацькоў была б нейкая настольная кніга, дзе б у папулярнай форме былі б сабраныя веды пра нашу Радзіму.
Можна прапанаваць умоўную назву накшталт «Хто мы і дзе мы знаходзімся?». Гэтая кніга ўяўляецца як нешта інтэграванае, што б аб’ядноўвала ў сабе «нацыянальныя міфы» (у станоўчым еўрапейскім сэнсе) з асноўных раздзелаў гуманістыкі: «гісторыі падзеяў», культурнай антрапалогіі, рэлігііі, фармавання этнасу і нацыі, фальклору і мастацкай літаратуры. Аб’ём базавай кніжкі не павінен перавышаць 120–150 старонак. Да яе павінны належаць, напрыклад, пяць дадаткаў у адпаведнасці з раздзеламі.
Асноўныя тэксты павінны складацца з вывераных матэрыялаў, як у энцыклапедыях. Але павінны быць напісаныя папулярна, як, напрыклад, «Зямля пад белымі крыламі» У. Караткевіча. Патрыятычна, але без абразаў у адносінах да суседзяў і без «загарбніцтва» («Дастаеўскі — беларус»). Трэба разумець, што кожная краіна, кожны народ мае права быць такім, якім ён ёсць. Калі Расія перастане быць імперыяй, хай сабе і ліберальнай, яна знікне з мапы свету як гістарычны феномен. Задача малых народаў — супраціўляцца ці асімілявацца.
Гэта ўсё не прыйдзецца рабіць на пустым месцы. Ужо ёсць шмат кніжак ды аўтараў, якія могуць прыдасца для гэтага праекта. Ужо ўзгадвалася Караткевічава «Зямля пад белымі крыламі». Калісьці былі выдадзеныя «150 пытанняў і адказаў», у мінулым годзе Зміцер Санько напісаў цікавую брашуру «Асобы, якія тварылі гісторыю». Ёсць шмат кніжак з серыі «Нашы славутыя землякі». Можна пакарыстацца папулярнымі нарысамі К. Тарасава, Арлова ды Сагановіча. Толькі трэба асцярожна ставіцца да сумніўных аўтараў тыпу Анатоля Тараса. У бясчассе з нораў выпаўзае шмат «беларусаведаў» ды самазваных гісторыкаў-кампілятараў. Ёсць у нас і дасведчаныя людзі ў галіне рэлігіі, фальклору, літаратуразнаўства. Галоўнае — выбраць дастатковы мінімум. Напрыклад, у літаратурным дадатку — 50 лепшых беларускіх вершаў, якія можна вучыць на памяць. Або кавалкі прозы... Даць узоры тэкстаў, па якіх можна адрозніць Чорнага ад Коласа. Так, як мы паводле першых акордаў адрозніваем Моцарта ад Бетховена.
Мы не павінны пераарыентоўвацца на мадэрных даследчыкаў нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, што раяць нам развітацца з гістарычным «праектам» «Наша Ніва» — Купала — БНР — Адраджэнне — БНФ канца 80-х пачатку 90-х гг. мінулага стагодздзя ды будаваць дэмакратычную «грамадзянскую» дзяржаву без уласнай мовы, культуры, гісторыі.