Ужо дваццаць гадоў, як наша краіна выпала з калыскі СССР. Але не ўсё савецкае мы здолелі абтрэсці з сябе за гэты час, асабліва ў галінах, якія занадта марудна паддаюцца зменам. Напрыклад, у сістэме адукацыі. Сёння беларуская сістэма адукацыі выглядае жорсткай пародыяй на савецкую, пераняўшы адтуль і самае заганнае, і нібыта найлепшае, істотна перайначыўшы (чытай: сапсаваўшы) яго, а таму патрабуе перагляду і «капітальнага рамонту», пачынаючы з падмурку.
Савецкая сістэма адукацыі зазначыла ў якасці асноўнай мэты: чалавек усебакова развіты. Нават лёгкая спроба аналізу названага тэрміну выяўляе яго недарэчнасць. Усебакова — значыць, на ўсе бакі. А колькі іх? І што, калі чалавек развіўся не ва ўсе бакі? Чаму чалавека, неразвітага, напрыклад, у матэматычны бок, трэба лічыць непаўнавартасным? Ён жа можа быць віртуозным піяністам ці выдатным артыстам.
Да таго ж, у слове «развіты» адчуваецца нейкая завершанасць дзеі, нібыта чалавека можна развіць да пэўнай «нормы» і далей спыніць тое развіванне, паставіць кропку (бо куды ж развіваць, калі ўжо «развіты»).
Роздум аб асноўнай мэце адукацыі прывёў мяне да наступнай высновы. Мэтай адукацыі трэба пазначыць: чалавек свабодны. Калі разумець свабоду не прымітыўным «што хачу, тое раблю», а ў вывераным стагоддзямі філасофскім разуменні: свабода ёсць асэнсаваная неабходнасць жыць і дзейнічаць у межах законаў, якія аб’ектыўна існуюць у прыродзе і грамадстве.
Вось уявіце: чалавек патрапіў у невядомае цёмнае памяшканне. Ён не можа свабодна перасоўвацца па гэтым памяшканні, бо можа наткнуцца на нешта ці спатыкнуцца аб выступ. Ён пачынае асцярожна абследаваць тое памяшканне, пазначаючы, дзе якая мэбля стаіць, дзе няроўнасці ў падлозе і г.д. І чым болей інфармацыі ён атрымлівае са свайго абследавання, тым болей свабодна ён пачынае сябе паводзіць.
Так усюды: чым болей законаў прыроды ведае чалавек, тым болей свабодны ён у гэтай прыродзе — інакш прырода будзе варожай яму. Чым болей законаў грамадскага жыцця (не прыдуманых нейкім «парламентам», а законаў існых аб’ектыўна) спасцігае чалавек, тым болей свабодна паводзіць ён сябе ў тым грамадстве.
У 1990 годзе ў Казані праходзіла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблемам адукацыі (цікава: канферэнцыю назвалі міжнароднай, а не ўсесаюзнай — хаця дакладчыкаў з-за межаў СССР там не было; мабыць, арганізатары канферэнцыі ўжо тады прадчувалі рэфармацыю «адзінага савецкага народа»). Маё паведамленне пра пераасэнсаванне асноўнай мэты адукацыі выклікала жывую і гарачую дыскусію. Слова «свабода» ў тыя часы яшчэ шмат каго пужала. Урэшце дыскусію вырашана было спыніць патаемным галасаваннем. Удзельнікам былі раздадзены аркушыкі, на якіх патрабавалася закончыць фразу «мэта адукацыі — чалавек …». Сярод блізу 60 прысутных (прафесары, выкладыкі ВНУ, супрацоўнікі міністэрстваў і ніжэйшых органаў адукацыі) толькі два пазначылі мэту «чалавек свабодны». Астатнія шукалі больш нейтральныя словы: «чалавек разумны», «чалавек адукаваны», «чалавек актыўны», «чалавек, здольны да развіцця», «чалавек, здольны да самаўдасканалення», «чалавек паспяховы» (?) ды інш. Лепшыя з тых варыянтаў добра пасавалі да азначэння «чалавек свабодны». І ніхто не пазначыў савецкую мэту «чалавек усебакова развіты», тым самым прызнаўшы няслушнасць такой мэты. Ініцыятар дыскусіі застаўся вельмі задаволеным: усё ж «чалавек свабодны» выйграў у «чалавека ўсебакова развітага» з лікам 2:0.
І калі паставіць у чырвоны куток адукацыйнай сістэмы мэту «чалавек свабодны» (у пазначаным вышэй разуменні), то адразу ўзнікае неабходнасць пераасэнсавання іншых элементаў падмурку. У прыватнасці, прынцыпаў, на якіх грунтуецца сістэма адукацыі.
Напрыклад, прынцып даступнасці ведаў у савецкай школе прывёў да таго, што веды павінны ўспрымацца лёгка, таму навучальны матэрыял дзяліўся на маленькія «порцыі», якія ўсе вучні павінны за пэўны тэрмін лёгка засвоіць. Слабейшыя ўсё адно не засвойвалі, а больш здольныя мусілі сумаваць, слухаючы, як настаўнік чарговы раз тлумачыць іншым тое простае, што палова класа ўжо даўно зразумела. Навучанне і для адных, і для другіх пераўтвараўся ў непрыемную «цягамоціну».
Спробы перагледзець падмурак найлепшыя мысляры савецкай педагогікі рабілі раней (напрыклад, Леанід Занкоў). Віктар Шаталаў, прад’яўляючы сваю метадычную сістэму, дапоўніў савецкія педагагічныя прынцыпы трыма новымі (прынцып рэгулярнай зваротнай сувязі, прынцып хуткага руху наперад і прынцып навучання на высокім узроўні складанасці), якія акадэміяй педагагічных навук СССР успрымаліся ў штыкі, бо ў звыклае для акадэмікаў разуменне працэса навучання зусім не ўкладваліся.
Тут няма магчымасці гаварыць пра кожны савецкі прынцып грунтоўна. Спынюся на адным з іх.
Найбольш руцінна выглядае сёння прынцып роўнасці (калі, натуральна, не ўспамінаць аб прынцыпе камуністычнага выхавання). Роўнасць — гучыць прыгожа, але ў савецкім варыянце яна пераўтварылася ў аднолькавасць. Школы аднолькавыя, праграмы аднолькавыя, падручнікі аднолькавыя («да наступнага ўрока прачытаеце ад старонкі 156 да старонкі 159»), у класах аднолькавыя па ўзросце дзеці (неаднолькавымі былі толькі другагоднікі), адзнакі аднолькавыя і г.д. Нейкіх магчымасцяў для выяўлення сваіх індывідуальных здольнасцяў, якія ў кожнага свае, вучні амаль не мелі. Здараліся нейкія выключныя выпадкі, пра якія пісалі ў газетах, як пра нейкія дзівы: хлопец N у 14 гадоў скончыў школу і стаў студэнтам. І ніхто чамусьці не думаў, што такое дзіва можа стварыць мінімум кожны трэці, калі не стрымліваць яго жорсткімі рамкамі школьных планаў і праграм.
Сёння прыйшла пара грунтоўна думаць аб гэтым. Ёсць настаўніцкія напрацоўкі ў краінах былога СССР (напрыклад, у таго ж В. Шаталава) і за мяжой. Калі спалучыць іх з новымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, то вынік можа быць уражлівым. Хацелася б лічыць гэта прапановай нацыянальнаму міністэрству адукацыі для пачатку працы ў гэтым кірунку. Пры станоўчым стаўленні міністэрства да такой ідэі я бачу і сваю сціплую ролю ў новым працэсе. Мяркую, аднак, што міністэрства такую прапанову сёння не прыме. Бо іншадумства ў нашай краіне не ў пашане. Тэксты, якія змешчаны ў гэтай дыскусіі, у дзяржаўных педагагічных СМІ да публікацыі не былі бы прынятыя. А шкада. Беларусь губляе час…
А ідэя ўжо так ці інакш рэалізуецца. У хатніх настаўнікаў, «рэпетытараў».