…Галоўнае – зважаць на якасць школьнага навучання. Вашая Актыўная ацэнка павінна быць беларускай. Ад вашага суайчынніка Выгоцкага ведаю, што Актыўная ацэнка – гэта назіранне за навучальным працэсам. Трэба глядзець, што адбываецца паміж настаўнікам і вучнем, як вучні вучацца…
З праф. Янам Патвароўскім гутарыць Тамара Мацкевіч, адукатар з Беларусі.
Т.М.: Актыўная ацэнка нарадзілася ў Вялікабрытаніі і распаўсюджваецца ва ўсім свеце ад вас. Як ставяцца адукацыйныя чыноўнікі да гэтай методыкі? Ці могуць улады «знішчыць» АА?
Я.П.: Так і здарылася ў Англіі. У Англіі акрэслены ўзроўні, якіх вучні могуць дасягнуць ў пэўным часе. Настаўнік ацэньвае, якага ўзроўню дасягнуў гэты вучань. Калі ўрад мяркуе, што вучань гэтага ўзросту мусіць мець узровень «5а», настаўнікі, чые вучні дасягнулі ніжэйшага ўзроўню, страчваюць свае пазіцыі. Улады засяроджваюцца на іспытах, тэстах. Тут разыходзяцца шляхі дэмакратычнай АА і недэмакратычных патрабаванняў.
Т.М.: Ці залежыць АА ад прадметнага зместу?
Я.П.: Не залежыць. Ужываючы АА, можна выкладаць нават Гітлера.
Я.П.: У АА вельмі важна задаваць пытанні і адказваць на іх. Ці вучні ў беларускіх школах могуць задаваць пытанні?
Т.М.: Шмат што змянілася пасля распаду СССР. Паміж настаўнікам і дзецьмі цяпер больш партнёрскія стасункі, чым раней. Дзеці больш не паддаюцца дыктату.
T.M.: Чаго варта пазбягаць, з улікам польскага досведу АА?
Я.П.: Польская сістэма нагляду за школамі ідзе ў тым жа кірунку, што і англійская. Але вы не павінны паўтараць памылкі Захаду. Мая жонка працавала з непаспяховымі школамі Англіі. Даследавала, ці настаўнікі праглядаюць сшыткі вучняў. Выявілася, што яны гэтага не робяць – дык тады адкуль ім ведаць, як іх вучні вучацца? Важна, каб кантроль навучання быў унутраны, а не вонкавы.
Т.М.: У Беларусі настаўнік не можа даваць разгорнутых каментароў у вучнёўскіх сшытках, як патрабуе АА.
Я.П.: Гэта вельмі дзіўна. Але можна гэта рабіць, карыстаючыся запісамі на сцікерах!
T.M.: Якія мэты АА?
Я.П.: Адна з мэтаў АА – змяніць мову, стыль, якім кажуць пра навучанне і выкладанне. Новую педагогіку немагчыма апісваць старымі словамі. З 1994 года ў калідорах міністэрства пачалі казаць, што адукацыя грае важную ролю ў развіцці кампетэнцыяў. Так склалася, што гэтае пытанне паўстала ў сістэме адукацыі. Моўны стыль змяніўся праз змены ў свядомасці. Настаўнікі часта разумеюць, што робяць не тое, але не ведаюць альтэрнатывы.
Т.М.: У Беларусі ў школах мы размаўляем па-руску. Дык наколькі я разумею, мы павінны змяніць яшчэ і саму мову, а не толькі яе стыль.
Я.П.: Змяніце рускую мову навучання і ўся Беларусь зменіцца! Іншае важнае пытанне – ключавыя кампетэнцыі. У Польшчы гэтыя кампетэнцыі апісаны бюракратычным стылем. Ёсць тэндэнцыя казаць інакш, але яна яшчэ не прыйшла ў школы. Найлепш гэта бачна на прыкладзе прафесійна-тэхнічных вучэльняў, дзе АА павінна падтрымліваць камунікацыю. Школы павінны ацэньваць, наколькііх выпускнікі валодаюць асноўнымі ключавымі кампетэнцыямі.
T.M.: Як гэта зрабіць на практыцы?
Я.П.: Можна браць тэсты ў Інтэрнэце, але лепш не калькаваць іншыя сістэмы. Невядома, ці будзе тое, што працуе ў Польшчы, з тым жа плёнам працаваць у вас. Галоўнае – зважаць на якасць школьнага навучання. Вашая АА павінна быць беларускай. Ад вашага суайчынніка Выгоцкага ведаю, што актыўная ацэнка – гэта назіранне за навучальным працэсам. Трэба глядзець, што адбываецца паміж настаўнікам і вучнем, як вучні вучацца… Першыя высновы можна зрабіць ужо праз два гады.
Прафесар Ян Патвароўскі – матэматык, жыве ў Англіі. Працаваў у Brunel University ў Лондане, дзе займаўся, сярод іншага, развіццём адукацыі і дыдактыкай матэматыкі. У апошнія гады ў якасці эксперта ЕС працуе з органамі адукацыі Польшчы, Партугаліі, Літвы і Англіі. Шмат гадоў супрацоўнічае з Цэнтрам грамадзянскай адукацыі.
Паводле ceo.org.pl