Як зрабіць беларускую школу эфектыўнай?

06.06.2012


Бацькі хочуць, каб я трымаў глобус ...

На гэтую тэму карэспандэнтка «АІФ» Ганна Кручкова гутарыць з Мікалаем Запрудскім, кандыдатам педагагічных навук, загадчыкам кафедры педагогікі і філасофіі адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

- Вы былі аўтарам артыкулаў пра эфектыўную школу (на аснове амерыканскага досведу). Адна з яе адметных рысаў – клімат высокіх чаканняў ад усіх дзяцей. Апалагеты гэтай школы трымаюцца думкі, што ўсе дзеці – здольныя, незалежна ад сацыяльных умоваў, генетыкі. І калі нешта ў іх не атрымліваецца, то замест таго, каб сартаваць вучняў на няздараў і выдатнікаў, педагогу трэба мяняць сваё выкладанне. Ці шмат беларускіх педагогаў сёння гатовыя на такое: мяняць сваё выкладанне, каб дагадзіць дзіцяці?

- Сапраўды, адным з індыкатараў эфектыўных школ з’яўляецца дэманстрацыя з боку настаўніка, бацькоў высокіх чаканняў ад кожнага дзіцяці. Вучню кажуць: ты можаш лепш, у цябе атрымаецца, твае патэнцыйныя магчымасці вялікія, ты зможаш! Для гэтага, скажам, табе трэба зрабіць тое ці тое. Важна дзіцяці даць магчымасць выбару. Вучань бачыць, што яго шануюць, і змяняе сваё стаўленне да навучання, самавызначаецца на дзейнасць. Калі на вучня «махнулі рукой», то ён не зможа дасягнуць адукацыйных поспехаў.

Тэндэнцыя ў нас станоўчая: усё больш настаўнікаў на практыцы рэалізуюць асабова-арыентаваны падыход, які мае на ўвазе, што не настаўнік, не навучальны прадмет, а сам навучэнец знаходзіцца ў цэнтры ўрока. Пра гэта сведчаць ўрокі, якія рэпрэзентуюць настаўніка на розных конкурсах.

КРЫТЭРЫЙ ЭФЕКТЫЎНАСЦІ

- Вы ўжо даўно ў педагогіцы. Ці сфармавалі вы свае крытэрыі эфектыўнай школы?

- Такія крытэрыі ёсць за мяжой, характэрныя яны і для шмат якіх школ нашай краіны. Гэта лідарства дырэктара ў адукацыйным працэсе, калі ён паглыбляецца ў тое, што адбываецца на ўроках і факультатыўных занятках. Павінна быць агульная і зразумелая мэта для ўсяго калектыву, упарадкаванасць функцыянавання, здаровае і бяспечнае асяроддзе, партнёрскія дачыненні з бацькамі, як ужо згадвалася, дэманстрацыя вялікіх чаканняў ад кожнага дзіцяці, наяўнасць у навучэнцаў дастатковага часу для выканання заданняў, магчымасць выбару вучнямі ўзроўняў вывучэння школьных прадметаў.

- А якім вы бачыце эфектыўнага выпускніка школы: з якім наборам ведаў, уменняў, маральных якасцяў?

- Такое бачанне важна мець кожнай школе. Ідэальнае ўяўленне пра выпускніка з’яўляецца арыенцірам для ўзгодненай дзейнасці педагагічнага калектыву і бацькоў. Дадзеная мадэль павінна распрацоўвацца і фармавацца ўсім педагагічным калектывам пры ўдзеле бацькоў. Тады кожны настаўнік, выхавальнік будзе адчуваць сваё дачыненне да агульнай справы. Задачы выхавання вызначаюцца на грунце ўсведамлення супярэчнасці паміж ідэальным уяўленнем пра выпускніка і тым, што ёсць у рэальнасці.

Для значнай часткі выпускнікоў школ эфектыўнасць – гэта паспяховасць на цэнтралізаваным тэставанні. Іншым вучням важна авалодаць праграмным мінімумам ведаў і ўменняў для адукацыйнага і прафесійнага самавызначэння, каб мець глебу паводзінаў у свеце людзей, прыроды, тэхнікі і тэхналогій.

Што да маральных якасцяў, то мне асабіста хацелася б, каб выпускнікі школ заўсёды і ўсюды дэманстравалі культуру паводзінаў, былі «зялёнымі» (гэта значыць экалагічна выхаванымі), былі здольныя негвалтоўна вырашаць праблемы, умелі адаптавацца да зменлівых умоваў жыцця і мяняць жыццё да лепшага, былі прыхільнікамі каштоўнасці «Радзіма» ды інш.

ПРА ФІЛАСОФІЮ І ВЫБАР

- Сёння ў Расіі вядзецца ажыўленая дыскусія пра мэтазгоднасць увядзення ў школах філасофіі. Прыхільнікі ідэі ўпэўненыя, што гэта павысіць якасць мыслення, маральнасці, агулам адукацыі. Ці мэтазгодна выкладаць філасофію ў беларускіх школах сёння?

- Бясспрэчна, такія прадметы, як філасофія, псіхалогія, этыка, экалогія ды іншыя далі бы пэўны ўнёсак у адукаванасць выпускнікоў. Аднак уключаць іх у навучальны план агульнаадукацыйнай установы, на маю думку, немэтазгодна. Па-першае, пералік навучальных прадметаў дасягнуў «пункта насычэння», і ўвядзенне дадатковых прывяло б да перагрузкі або скарачэння навучальных гадзінаў на іншыя прадметы. Па-другое, элементы філасофскіх ведаў вучні атрымліваюць на ўроках фізікі, гісторыі, грамадазнаўства, а экалагічных – на ўроках біялогіі, фізікі ды інш. Па-трэцяе, пералічаныя прадметы можна вывучаць на факультатыўных занятках.

- У бацькоў абуджаецца цікавасць да пераходу дзяцей на індывідуальны навучальны план. Ці зможа ён вырашыць праблемы якасці, безальтэрнатыўнасці школьнай адукацыі?

- У арт. 31 «Асноўныя правы навучэнцаў» Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі пазначана, што навучэнцы «... маюць права на навучанне згодна з індывідуальным навучальным планам у межах зместу адукацыйнай праграмы». Кодэкс бярэ моц з верасня 2011 года. Пакуль цяжка меркаваць, якія будуць рамкі прымянення названай нормы. На маю думку, было б добра акрамя асноўнага навучальнага плана даць магчымасць навучэнцам на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі самастойна вызначаць набор прадметаў і ўзроўні іх вывучэння.

ІНШАМОЎНАЕ АСЯРОДДЗЕ

- У праекце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку ёсць лозунг «Створым школу, адкуль выходзіць інтэлектуальная моладзь, якая валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі і замежнай мовай». Вам ёсць што да яго дадаць?

- Уменне працаваць з інфармацыяй і валоданне замежнай мовай – дзве найважнейшыя ключавыя кампетэнцыі сучаснага чалавека. Выпускнікі беларускіх школ валодаюць камп’ютарам, прынамсі, на ўзроўні карыстальніка. Варта вітаць крокі, здзейсненыя ўрадам адносна выкладання замежных моваў (павелічэнне колькасці тыднёвых навучальных гадзінаў да трох (а ў гімназіях і ліцэях – да пяці), дзяленне класаў на 3 падгрупы, патрабаванне рэалізацыі камунікацыйнага падыходу ў навучанні ды інш.) Ці будуць у выніку гэтых крокаў выпускнікі размаўляць на замежнай мове, разумець маўленне замежніка? Прагрэс будзе, але для вырашэння пастаўленай задачы яшчэ неабходна стварыць асяроддзе іншамоўных зносінаў. Трох навучальных гадзінаў на працягу тыдня тут недастаткова. Пажаданыя больш шырокія абмены школьнікаў з установамі адукацыі краіны вывучанай мовы, дэманстрацыя па тэлебачанні недубляваных фільмаў з субтытрамі, актыўны ўдзел вучняў у міжнародных тэлекамунікацыйных праектах, правядзенне ў школах і ў сістэме дадатковай адукацыі мерапрыемстваў на замежнай мове ды інш.

Гутарыла Ганна Кручкова, aif.by