On Vox: Школа ў Штатах — навеяна апошняй рэформай адукацыі
Аліна Стэфановіч
Стыль і правапіс аўтаркі захаваны.
Я год правучылася ў Штатах, у самай звычайнай прывінцыйнай школе. Мне іх сыстэма вельмі спадабалася, аднак я не агітую за тэрміновы перанос яе на Беларусь — бо ў нас усё робяць праз адно месца. Але, калі -небудзь, калі ня будзе крывавага рэжыма...
Вось як там выглядае старэйшая школа (8–12 клясы). Вучань на кожны сэмэстр (іх было два, здаецца) выбірае сабе прадметы. Ёсьць прадметы умоўна-абавязковыя, а ёсьць — па выбары. Што значыць умоўна-абавязковыя? Ну, напрыклад, матэматыка. Кожны гадавы курс матэматыкі «важыць» 2 балы (альбо credits). Напрыканцы чатырох гадоў навучаньня трэба набраць па матэматыцы мінімум 6 балаў. Гэта значыць, можна абмежавацца трыма курсамі матэматыкі. а на чацьвёрты год — можна на матэматыку зусім не хадзіць (ці зноў праходзіць папярэдні курс, калі курс завалены). Можна пайсьці на Math IV (чацьвёрты год навучаньня) і зарабіць яшчэ 2 балы, а можна — на Math Calculus (павышаны ўзровень, для тых, хто будзе паступаць на тэхнічныя спэцыяльнасьці) і зарабіць 3 балы. тое самае з ангельскай мовай. + абавязковыя Гісторыя Амэрыкі і яшчэ нешта. Усё астатняе — твой уласны выбар.
Кожны прадмет «важыць» пэўную колькасьць балаў — 1, 2, ці 3. Галоўнае, каб пад канец чатырохгадовага навучаньня быў набраны вызначаны мінімум балаў. каму вучыцца цікава, і хто зьбіраецца ў вну — на чацьвертым курсе вывучае два-тры прадметы на павышаным узроўні, + 2–3 прадметы на звычайным узроўні, +1–2 прадметы ў якасьці хобі (музыка (гэта значыць, граюць ці ў бэндзе, ці ў аркестры), сьпевы, спорт, ваджэньне аўтамабіля, кулінарыя, маляваньне, журналістыка — што заўгодна). Слабыя вучні бяруць абавязковыя прадметы па мінімуму, а астатняе — дабіраюць прадметамі-хобі ці прафесіямі.
Такім чынам, няма панятку клас — у нашым разуменьні. Клас — усе, хто вучыцца на адным годзе навучаньня. У кожнага праграма індывідуальная. На кожным новым прадмеце — іншыя вучні. Дарэчы, расклад заняткаў таксама цікавы. Вучацца 5 дзён, але кожны дзень прадметы паўтараюцца. Г.зн., на сэмэстр можна выбраць ня больш за 6 прадметаў (7-мы — раз на тры дні — фізкультура). І вось цэлы сэмэстр першым урокам будзе матэматыка, другім — гісторыя, і г.д.
Праверка ведаў — у сыстэме тэстаў і эсэ (напрыклад, па літаратуры). Часам — падрыхтаваныя выступы (але звычайна гэта прэзэнтацыя цэлага дасьледчага праекту). Тады гэта ня проста выйшаў да дошкі — і адтарабаніў прачытанае ў падручніку. Гэта — доўгі збор матэрыялу, падрыхтоўка прэзэнтацыі, ацэньваецца ня толькі дасьледваньне, але і спосаб падачы матэрыялу, і г.д.
Такая школа выхоўвае асабістую адказнасьць за свае дзеяньні і самадысцыпліну. Там ніхто ня будзе хадзіць і лаяцца на цябе за нявывучаны ўрок ці прагуляную кантрольную. Табе будуць міла і шчыра ўсьміхацца, а пад канец сэмэстра атрымаеш адзнаку, якую заслужыў.
Вось як фармуецца адзнака па прадмеце: напрыклад, курс сацыялогіі складаецца з 5 звычайных тэстаў, 2 кантрольных тэстаў, 2 эсэ і 1 прэзэнтацыі. Кожны від кантроля мае сваю ўдзельную вагу: прзэнтацыя --20 працэнтаў, кожны кантрольны тэст — 20 працэнтаў, і г.д. У кожным тэсьце можна набраць, зноў жа, працэнт. 80 магчымых балаў са 100, альбо 95... Пад канец лёгка вылічыць агульны вынік — колькі ты набраў балаў з магчымых на гэтым курсе. Вось жа, 95 і больш — будзе табе А, 85–94 — В, і г.д. Атрымліваецца, што калі ты прапускаеш тэст нават па хваробе, гэта твая праблема — знайсьці выкладчыка і напісаць тэст — інакш агульная сума балаў апынецца значна ніжэйшай. Вось кожны вучань і бегае, і шукае, і піша. і стараецца заняткі не прапускаць.
У мяне аднойчы сястра праспала ўрок. А яна на першым уроку мусіла здаць эсэ па прачытанай кнізе. Мы прыехалі да другога ўрока, яна пабегла здаваць — і эсэ не прынялі. Бо яна спазьнілася на гадзіну! Прыйшлося ёй чытаць іншую кнігу і пісаць іншае эсэ, каб ёй залічылі.
Паступленьне ў ВНУ — вось што мне вельмі падабаецца. няма велізарнага стрэсу ні ў дзяцей, ні ў бацькоў. Фінальны тэст можна напісаць некалькі разоў. першы раз — у школе, яшчэ зімой, бясплатна. Калі вынікі не задавальняюць, можна яшчэ раз перапісаць платна, і выбраць найлепшы вынік. У лютым — сакавіку школьнікі рассылаюць свае заяўкі з вынікамі тэстаў па розных ВНУ — у 5 ці 6 адначасова. У красавіку-траўні яны атрымліваюць адказы — якія з ВНУ згодныя іх узяць. Тады робяць канчатковы выбар. К лету, яшчэ перад заканчэньнем школы (ніякіх фінальных іспытаў!) усе ўжо ведаюць, дзе яны будуць вучыцца.
Будучыя студэнты вешаюць сьпіс патрэбных ім рэчаў, якія дораць сваякі і знаёмыя, што прыходзяць на сьвята з нагоды заканчэньня школы. рэчы вельмі практычныя — бо яны зьяжджаюць вучыцца, у іншы горад і ўжо ніколі ня вернуцца жыць да бацькоў — пасьля універа народ здымае кватэры і жыве самастойна.
Originally posted on alinka.vox.com Posted on Jun. 12th, 2008