Інтэрактыўная гульня Гандаль

Матэрыялы: Пластыкавыя кубачкі, каляровая папера, клейкая стужка.


Ход гульні: Удзельнікі сядаюць у кола. Вядоўца ў сярэдзіну кола выстаўляе загадзя падрыхтаваныя пластыкавыя кубачкі. Кубачкі маюць налепкі ў выглядзе трох розных фігурак (напрыклад, квадрат, трохкутнік і круг). У кожным з кубкаў розная колькасць нарэзаных каляровых паперак – грошай. Зялёныя – вартасцю 500 адзінак, чырвоныя – 200, сінія – 100. Але ў кубках з аднолькавымі фігуркамі аднолькавыя сумы грошай (пра гэта не гаворыцца). Вядоўца прапануе выбраць кожнаму сабе кубак, і пераклеіць налепку з фігуркай сабе на адзеньне, як бэджык.


На вялікі аркуш паперы ці дошку запісваюцца імёны гульцоў і іх адзнакі (фігуркі на бэджах). Вядоўца прапануе кожнаму палічыць свае грошы, але нікому пра гэта не гаварыць. Затым вядоўца тлумачыць ўмовы гульні. Мэта гульні – быць першым, г.зн. назбіраць як мага больш грошай. Для гэтага кожны гулец можа заціснуць у кулак любую суму грошай і падысці да іншага з прапановай – “гандаль”.


Другі гулец таксама заціскае ў кулак грошы, пасля чаго кулакі расціскаюцца. Перамагае той, у каго на далоні сума грошай аказалася большай. Ён забірае і тыя грошы, што былі ў суперніка ў кулаку. Гульня пачынаецца і перапыняецца па камандзе вядоўцы і мае адно правіла: нельга адмаўляцца ад гандлю. Усё астатняе – дазволена. Пра гэтае правіла вядоўца нагадвае некалькі разоў.


Гандаль доўжыцца 5 хвілін. Вядоўца перапыняе гульню і прапануе палічыць грошы. Вынікі запісваюцца на вялікім аркушы паперы. Вядоўца тлумачцьць, што па камандзе пачнецца другі этап. Мэта яго – атрымаць грошы: можна зарабляць, выпрошваць і г. д. Забарона застаецца адна – нельга адмаўляцца ад гандлю. Гульня доўжыцца яшчэ 5 хвілін. Пасля гульцы зноў вяртаюцца ў кола, і вядоўца абвяшчае, што праз 5 хвілін будзе трэці этап гульні, але правілы будуць выпрацаваны толькі адной камандай – “квадратамі”. Удзельнікі з бэджамі ў выглядзе квадратаў для выпрацоўкі новых правілаў маюць 5 хвілін і сыходзяць у іншае памяшканне.


Пасля вяртання, адбываецца заключны этап гульні паводле новых правілаў.


Пытанні пасля сканчэння гульні (могуць мяняцца, ў залежнасці ад мэты, дзеля якой праводзіцца гульня):



  • Як вы сябе адчуваеце? (адказваюць усе гульцы па чарзе)

  • Што вам дапамагала, што перашкаджала дасягнуць мэты?

  • Што можна было зрабіць інакш?

  • Ці была выпрацавана агульная стратэгія?

  • Якія думкі ў вас узніклі?

  • Як гэта стасуецца да жыцьця?