Мікалай Бусел
Сакавік 2008г
У “Советской Белорусии” ў чацвер, 6 сакавіка 2008 года была выдрукаванa вялікая філіпіка “Педагагічны сверб рэфарматарства” акадэміка сп. Анатоля Рубінава, вядомага пладавітага публіцыста, намесніка галавы неканстытуцыйнага органу ўлады “Адміністрацыі прэзідэнта”. Філіпіка скіравана на цяперашнюю няўдалую адукацыйны рэформу. Cп. Анатоль – важны чыноўнік і, памятаючы параду незабыўнага Казьмы Пруткова пра неабходнасць ведаць правільнае меркаванне начальства, кажын, хто мае доступ да кіраўнічай газеты, а доступ да яе агульнадаступны і нават абавязковы, мусіў пазнаёміцца з артыкулам.
Я не буду прыводзіць аргументы “за” і “супраць” 11- ці 12-гадовага тэрміну школьнага навучання. Мне болей даспадобы 11-гадовая сярэдняя школа. Трэба толькі ашчадна распарадзіцца часам навучання. Я спынюся на палажэннях артыкула сп. Анатоля Рубінава, якія выклікаюць нязгоду і пярэчанне. Кідаецца ў вочы, што артыкул утрымлівае шэраг непраўдзівых сцверджанняў. Дапрыкладу, маўляў, амаль знікла розніца жыцця ў горадзе і вёсцы. Вялізны разрыў двух ладаў жыцця – гарадскога і вясковага – быў паранояй бальшавікоў, гэты разрыў паказваў хімернасць мэты і камуністычнай дактрыны. І вось мы бачым, як спрабуючы вярнуцца ў камуністычнае мінулае рэжым мае тую ж ідэю фікс. Так і хочацца спытаць у шаноўнага прафесара матэматыкі: “А ці даўно сп. Анатоль мясіў гумоўцамі гумус на фермах? Ці даводзілася яму бачыць зруйнаваныя бульдозерам вымерлыя хаты? Ці ж у багата вёсках людзі маюць магчымасць памыцца ў лазні? Ці багата вяскоўцаў адчуваюць сваім азадкам пяшчоты ўнітазу? Які процант вяскоўцаў карыстаецца гігіенічнай паперай, а які прэзідэнцкім рупарам і радзівам?” Ведае ж ён, што суадносіна 4:7 гэта суадносіна прыкладнай велічыні вясковага і гарадскога заробку. Дзе ж тут і якая роўнасць?
сп. Анатоль кажа пра нейкую разнастайнасць у палітычных ідэалогіях, якая быццам бы ўсталявалася ў нашай дзяржаве. Сп. Анатолю, пэўне, вядома, што ў кажную школу спушчаны план на падпіску на прэзідэнцкую газету “Советская Белоруссия”, я ж сваю газету “Н@ша Н*ва” не бачу ў падпісным каталозе, не кажучы пра іншыя такія ж няшчасніцы.
Я даўненна не бачыў на тэлебачанні выступы прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый. Ніякая іншая ідэалогія, акрамя дзяжурнай дзяржаўнай, не змушае школьнікаў круглы год пісаць творы “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Хіба што тым, што жывы… Але ў Беларусі штогод менее жывых. І неканстытуцыйнаму органу ўлады “Адміністрацыя прэзідэнта” вядома, якімі тэмпамі.
Каму, як не нам, настаўнікам, відаць клопаты ідэалагічнай вертыкалі па ўсталяванню адной ісціннай дзяржаўнай ідэалогіі ў школах і ў школьніцтве? Усё гэта цудоўна зразумела: праўная верхавіна заўсёды размяркоўвала і размяркоўвае ў пластах народу змест і аб’ём той культуры, якая ёй патрэбная. От, скажам, для аднаго пэўнага пласту людзей ў Беларусі будзе дасяжнай прафесія журналіста, юрыста, дыпламата, а для астатніх – не. І селекцыя будзе не па ведах і здольнасцях, а па монаідэалагічнай арыентацыі. Не пакрывайце аўчынай плюралістычнасці таталітарнае аблічча гэтай улады. У Беларусі няма свабоды і права, няма вольнай канкурэнцыі палітычных дактрын.
Але вернемся да нашых бараноў… Я 11 год быў школьнікам. Я не збіраўся быць настаўнікам. Але ім стаў. Практычна ніхто з маіх аднакурснікаў-мужчын у школе не працуе. Мая ВНУ – зараз лінгвістычны ўніверсітэт – мала дбала пра нашу прафесійную адукацыю, а болей пра нашу марксісцка-ленінскую індактрынацыю. Марная справа: ніхто з тых хлапцоў і дзяўчат, з якімі я навучаўся, ніхто з выкладчыкаў, што якасна вучылі нас, не верылі ў камуністычную хімеру. Мы ўсе прытвараліся. Мы добра ведалі мову, але наш рамесны бок у пэўных важных аспектах быў прымітыўны, як лозунг “рабуй нарабаванае”. Толькі калі камунізму прышлі капцы, і стала дасяжная сучасная літаратура, я зразумеў, наколькі камуністычныя шаманы абкрадалі нас і народ, хаваючы сучасныя веды. Падрыхтоўка настаўніка не зводзіцца да навучання навуцы і методыцы. Існуе яшчэ некалькі важных аспектаў, пра якія мы наогул не ведалі.
35 год я працую настаўнікам у вясковай школе. Спярша савецкай, цяпер вось гэтай школе – і паслядоўна быў патрапіў у аб’екты, а потым і ў суб’екты педагагічных экзерсісаў. Пачынаў я навучанне, калі была сямігадовая і дзесяцігадовая сярэдняя школа. Потым савецкія рэфарматары зрабілі васьмігодку і адзінаццацігодку. Калі я канчаў школу, адзінаццацігадовае навучанне скасавалі і было два выпускі з дзвюх сярэдніх школ: адзінаццацігадовай і дзесяцігадовай. Потым зноў стала адзінаццацігодка. Пасля ізноў былі нейкія рэфармацыі. Потым, пад арыфламай барацьбы з перагрузкай вучняў, зрабілі дванаццацігадовую адукацыю, і палкім прыхільнікам гэтай эмансіпацыі быў ніхто іншы, як сам сп. Аляксандр Лукашэнка. Канешне, калі чуйная педагагічная публіка пачула правільнае меркаванне начальства, яна не магла, прынамсі, хоць бы вонкава, не далучыцца да яго. Напэўна, гэта і дае магчымасць сп. Анатолю на цэлай старонцы гэтай прэзідэнцкай broadsheet метадычна і рэгулярна абрынацца на нейкіх абстрактных педагогаў, якія скруцілі сучасную адукацыю. Але, вядома ж, кожнаму ясна, што за міфічнымі педагогамі ля вытокаў цяперашняй рэфармаванай адукацыі стаяў і стаіць сп. Аляксандр Лукашэнка, гаспадар Мамоны: без ягонай санкцыі змены ў адукацыі – а гэта пэўныя фінансавыя выдаткі – не адбыліся б.
На пачатку артыкула, як і паложана прыдворнаму, змешчаны панегірык “унікальнай асобе Прэзідэнта”. Нельга пярэчыць такому азначэнню: усе, хто цікавіцца навукай, ды і з жыццёвага досведу, ведае, што кожная людзкая асобіна ўнікальная. Мы ўсе ўнікальныя. Але за гэтай заўвагай сп. Анатоля яўна праглядаецца жаданне выдаць унікальнасць прэзідэнта як і любой асобы, за нейкую “унікальную ўнікальнасць”, надаць ёй асаблівы “суперчалавечы” флёр, паставіць яго як бы над іншымі людзьмі, карацей, выставіць яго як “убермэнша”, “супермэна”, які адвяргае звычайны, прызнаны і практыкаваны навукай шлях пазнання і дзейнічае па натхненню музы аўтаматычнага пісання, ad hoc.
У любым марксісцка-ленінскім падручніку было параўнанне дзейнасці пчалы і чалавека. Пчала ладзіць свае соты па загадзя закладзенай праграме, чалавек жа ўзважвае і аналізуе, прагназуе магчымыя вынікі сваёй дзейнасці, пра што папулярна папярэджвае прымаўка: сем разоў памерай, а адзін раз адрэж. Такім чынам, выкрываючы прэзідэнта, што той “адштурхоўваецца ад зямлі, ад жыцця, а не ад нейкіх тэарытычных схем і абстрактных лагічных пабудоў” – дарэчы, што дрэннага ў тэарытычных схемах і логіцы? – шаноўны сп. Анатоль паказвае нізкі тэарытычны ровень прыняцця рашэнняў. У дадзеным выпадку датычна адукацыі. Канешне, прэзідэнт прымае рашэнне не адзін. Ён мае дарадцаў-прыдворных. Дык добры прыдворны мусіць праштудыяваць хоць бы твор Бальдэзара Касцільёнэ “Кніга Прыдворнага”, каб годна раіць працадаўцу.
З артыкула мы зразумелі: “Некаму” ізноў засвярбела і школу чакае чарговая контррэфармацыя. Змест таго артыкулу выклікаў у мяне і маіх калег проста ўсмешку. Сп. Анатоль раптам неўпадабаў каханае дзіцятка – дванаццацігадовую адукацыю. Вось табе на! І бацькі былі “за”, і прэзідэнт “за” і вучні не пратэставалі і раптам як бы нааадварот: большасць “супраць”. Відаць няпраўда было тое. Ад самага пачатку мне і маім калегам, вясковым настаўнікам, ды й не толькі нам, была відаць загана меркаваных рэфармацый. Між сабой мы абмяркоўвалі магчымыя крыніцы пераймання і наступствы рэфармацыі. Але хто нас пытаў!? Ці ж была грамадская дыскусія па такому важнаму пытанню? Аніякай. Не выглядае і на тое, што яна будзе і гэтым часам. А дарма. Ўлада, як глушэц на такавішчы, нічога і нікога не чуе і не бачыць. Рэфармацыя была пагана спрагназавана, пагана падрыхтавана і скончылася прафанацыяй. Як і ўсе папярэднія.
Інструкцыю па выстаўленню адзнак па 10балавай сістэме мянялі тры разы за адзін год, папсаваўшы багата нерваў настаўнікам. Пасля зразумелага настаўніцкага буркання і апасення бацькоў мы і вучні ўсё ж прыстасаваліся да гэтай сістэмы. Яна зусім неблагая і дазваляе больш дыферэнцыявана за ранейшую ацаніць ровень ведаў вучняў. Але і яе, відаць, скасуюць. А не варта.
Негадзяшчыя вынікі праведзенай рэфармацыі школы – нагрузка на вучняў замест зніжкі, наадварот, узрасла, тэсты кіруюць вучня да схематычнага засваення мёртвых ведаў, да катэхізацыі навучання, школьная торба пацяжэла ад патрэбных і сумнеўна патрэбных прадметаў, тэксты падручнікаў цяжка зразумелыя вучням, кіраванне адукацыяй, мякка кажучы, малакампетэнтнае – сп. Анатоль тлумачыць жаданнем нейкіх педагогаў “паказаць сваю прагрэсіўнасць <…> перад заходнімі калегамі”. Зручна. З гісторыі ведаем, што зручна спісаць свае няўдачы, некампетэнтнасць на нейкіх ворагаў. Не, няўдалая рэформа вынікае з няўдалай канцэпцыі і ідэі. Забыўшы папярэджанне цытаванага ў марксісцка-ленінскіх падручніках сп. Геракліта з Эфесу, што нельга зайсці двойчы ў адну і тую ж раку, сп. Анатоль, дасведчаны дыяматчык, упарта цягне адукацыю ў тую савецкую Лету. Маўляў, не стала камсамолу, піянераў і акцябрат, то надышоў хаос і крах у выхаванні. (Сп. Анатоль, ну Вы ж ведаеце пра базіс і надбудову. Як ляснуў базіс, то й надбудове капцы. Што ж тут плакаць над разлітым малаком, як кажуць англічане).
Маніякальнае вяртанне да аджытага савецкага, зварот да брутальных форм сацыяльнага ўзаемадзеяння яскрава дэманструе палітычную некрафільнасць улады, інтэлектуальную імпатэнцыю, няздатнасць прадукаваць сучасныя ідэі. Англійскі дзяржаўны дзеяч лорд Солсбэры пісаў у 1878 годзе: “Самая распаўсюджаная памылка ў палітычнай дзейнасці – гэта трымацца за труп здохлай палітыкі”. Здаецца, што і сп. Анатоль і ягоны асяродак узялі гэтую правільную перасцярогу як узор да практычнай дзейнасці.
Няпраўда, ніякага хаосу з-за скону вышэйназваных таталітарных структур не было бачна. Не для выхавання існавалі тыя арганізацыі, а для індактрынацыі моладзі ў патрэбным савецкаму рэжыму кірунку. (Памятаеце?: Школа – ўстанова ідэалагічная)! Незалежна ад татальнага ахопу камуністычнасцю ў савецкім грамадстве існавалі ўсе ўласцівыя любому грамадству заганы, то бок вынік такога ідэалагічнага “выхавання” быў роўны нулю. Як на адмыслова савецкую рысу можна паказаць на абыякавасць да працы, недобрасумленнасць, шырока распаўсюджаны афіцыйны падман – “очковцірацельства”-, масавыя дробныя крадзяжы, ведамыя як “нясунства”, п’янства, безадказнасць у стаўленні да традыцый, прыроды. Усё гэта было ўласціва гадаванцам акцябрацтва-піянерства-камсамольства, бо той татальнай сістэмы апрацоўкі не пазбег ніхто. Ды што казаць пра моладзь, калі самі камуністы пальцам не паварушылі ў абарону сваіх камуністычных “каштоўнасцей”!! Нават самыя зацятыя з іх! Зараз састарэлы экс-“розум, гонар і сумленне” з рання трасецца і сінее ля манаполек з беспародным пойлам. Дзе ж падзеўся славуты “калектывізм”? Пшык то быў, а не выхаванне.
Спад маральнасці і выхаванасці адбыўся з-за крызісу сям’і, з-за разбэшчанай тэлевізійнай ды масмедыйнай прапаганды нізкіх маральных стандартаў і высокіх, экалагічна немэтазгодных матэрыяльных запатрабаванняў, з-за руйнавання механізму грамадскага самарэгулявання. Візуальная прапаганда – тэлебачанне і жоўтыя газеты з часопісамі – пачала расперазаную прапаганду салодкага ладу жыцця сярэдняга і вышэйшага класу ў асяродку з люмпенізаванай сведамасцю, расхісталі ранейшыя табу, а разам з тым і традыцыйныя этычныя нормы. Між тым, улада максімальна і штучна звужае магчымасці сацыяльнай мабільнасці для ніжэйшага класу. Гэта камуністычны кодэкс будаўніка камунізму пакінуў пасля сябе маральную пустэчу. Тое ж будзе і з адроджанымі неа-савецкімі арганізацыямі. Тыя падлеткі, юнакі і дзяўчаты, якіх пераважна прымусам загналі – і заганяюць! – у клакёры рэжыму, мне прызнаваліся, што не пратэставалі супраць прымусовага рэкрутавання, бо чакаюць ад свайго сяброўства розных абяцаных ім выгод. Пабачце, ідэйнымі меркаваннямі тут і не пахне, адны меркантыльна-спажывецкія, той жа кляты камуністычнай ідэалогіяй “вяшчызм”. Віншуем: “ідэалагічна-патрыятычнае выхаванне” ёсць, а вынік –нулявы. Зусім па Каўцкаму ці мо Бернштайну: рух усё, мэта – нішто. Вынік, праўда пабочны, ёсць: на гэтым псеўдавыхаванні паразітычна корміцца гання вертыкальных ідэолагаў. Можна заўважыць, што дзяцей ў школе вучаць правом дзіцяці і знаёмяць з “Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека”, але тут жа цынічна зводзяць чалавека да скаціны, не паважаючы ягоных правоў, свабоды сумлення, свабоды асацыяцый, не паважаюць ягонай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Як пра нейкую мінуўшчыну кажа сп. Анатоль пра нікчэмную зарплату настаўнікаў, пра нефінансаванне школьнага абсталявання, пра заняпад школьных будынкаў. Мо з вышыні пасады намесніка Галавы Адміністрацыі прэзідэнта і звязанымі з гэтым заробкам, выгодамі і прывілеямі гэта і здаецца ў мінулым, але для кожнага дзейнага настаўніка гэта – прыкрая ява. Так, зарплата настаўнікаў нізкая. Калі вы пакажаце нам быццам бы высокую лічбу, то гэта таму, што настаўнік, каб стачыць канцы, вымушаны мець больш урокаў. То бок на стандартную стаўку пражыць немагчыма.
Грамадскі статус настаўнікаў нізкі, сям-там нават вельмі. (У нашым павятовым горадзе пракурор на нарадзе прапанаваў, каб настаўнікі – то бок настаўніцы, жанчыны!-, для падтрымання парадку вечарамі дзяжурылі ў месцах збору моладзі! А што рабіцьме міліцыя, раскватараваная ў горадзе рота нутраных войскаў, якая жарэ грамадскі хлеб?! Які юрыдычны бок гэтага маразму? Другі прыклад: перад прыездам зверху нейкай куслівай камісіі напалоханыя раённыя адукатары прапанавалі нашай дырэктарцы, каб настаўнікі, – настаўніцы! – пайшлі і прыбралі селішча і памылі хату адной п’яніцы, маці адзіночкі! То бок улада як выцірала ногі аб дробнага інтэлігента – настаўніка, гэтак і працягвае выціраць. Гэта глум і здзек!).
Сама настаўніцкая праца цяжкая, хоць знешне гэта мо і не відаць. Псіхалагічны прэсінг вельмі значны. Кампенсацыя за гэта неадэкватная затрачаным высілкам. Тут дзяржава паводзіць сябе як карпаратыўны гендэрны дыскрымінатар у галіне аплаты працы, калі ўзгадаць, што пры Саветах, а зараз тым болей, адукацыйная праца ляжыць пераважна на жанках.
Калі пераступаецца пэўная крытычная мяжа іхняга заробку – жыццёвага роўню-, настаўнікі без жалю і з палёгкаю кідаюць школу. У нашым раёне кагорта тых настаўнікаў, што маюць 25 год і болей педагагічнага стажу мізэрная. А гэта ж самы абазнаны і дасведчаны кантынгент. Час ідэалістаў мінае. На педагагічныя спецыяльнасці шмат хто йдзе таму, што мае небагата шанцаў патрапіць на іншыя. Таму такі кантынгент, не стрыманы ані ідэалізмам, ані матэрыялізмам згодна з палітэканоміяй пры першай жа нагодзе перацякае ў іншыя сферы матэрыяльнай вытворчасці ці ў трэці сектар эканомікі. Такія прымусова размеркаваныя часова абавязаныя настаўнікі незацікаўленыя ў прафесійным прагрэсе, а службовага росту ў адукацыі практычна няма. Не лічыць жа пасаду завуча кар’ерным падвышэннем! Няма і істотнага росту заробку па меры стажу, тым болей у сярэдняй частцы кар’еры, калі ўсталяванне сям’і і дзеці вымагаюць большых выдаткаў. Няма шанцаў кар’ернага росту і падвышкі статусу, на якія б можна было б спадзявацца адукаванаму дасведчанаму чалавеку сярэдняга веку. То бок настаўніцкая праца сацыяльна тупіковая. (Я ўзгадваю, як быў змушаны падаць заяву на дапамогу па беднасці. У нас было двое маленькіх дзяцей і жонка, таксама настаўніца, мусіла заставацца дома. Улада цынічна вылічыла мой даход як 50 руб і мо пяцьдзесят капеек на душу. (Дарэчы, звярніце ўвагу на мізэрнасць савецкай мяжы беднасці. Гэта быў савецкі “развіты сацыялізм”, па якім зараз прапаганда пралівае азёры крывадушных дыстыляваных слёз! ) От гэтая 51 капейка – даход мусіў быць меней за 50 рублёў – і далі падставу адмовіць маёй сям’і ў дапамозе. Тады я толькі горка ўсміхнуўся. Я не ведаў, што ў канцы жыцця Мікіта Хрушчоў назваў савецкі сацыялізм “вадою”, то бок словаблудствам). Педагогіка й адукацыя не тое месца, дзе можна спадзявацца здабыць дабрабыт. Маладыя прымусова размеркаваныя людзі наўпрост кажуць начальству, што незацікаўленыя ў працы ў школе і наадрэз адмаўляюцца пісаць святое святых – розныя каляндарныя ці паўрочныя планы. Гэта можна трактаваць па-рознаму, я ж трактую гэта як форму пасіўнага супраціву цяперашнім парадкам у адукацыі. Дзякуй Богу, уладзе хапіла розуму не пазбаўляць настаўнікаў неабходнага ім адпачынку. Гэта была б апошняя саломінка, што стрымлівае адцёк людзей з адукацыі.
, пералічаныя вышай заганы – нізкі заробак і нізкі сацыяльны статус – выгналі з адукацыі мужчынскі складнік. (Характэрна, што сам унікальны прэзідэнт, настаўнік школьнай гісторыі паводле адукацыі, старанна замоўчвае сваю прафесійную прыналежнасць. Статус калгаснага эканаміста падаецца яму вышэйшым за статус настаўніка школьнай гісторыі. Прэзідэнт сам дэзерцір з адукацыі, не мае ён спагады да настаўнікаў! Заўважце, спадар Анатоль, з Аляксандра Лукашэнкі, сына вельмі беднай маці, сіраты, хоць ён і не працаваў настаўнікам, -прынамсі пра ягоныя педагагічныя дасягненні нічога не вядома – ніхто не зьдзіраў грошы за вучобу ў Магілёўскім педынстытуце).
Улада па-ранейшаму разглядае настаўнікаў, як рэзерв ідэалагічных халуёў. Настаўнікаў змушаюць да падпіскі на дзяржаўныя газеты, іх выганяюць на розныя дзяжурствы па падтрыманню парадку. Яны павінны вадзіць дзяцей на самадзейны прэзідэнцкі хакей. Гэта зьдзек. Адукацыя стала фемінісцкай з усімі заганамі жаночай псіхалогіі: тут і бяздумны канфармізм, і прыродная схільнасць да інтрыганства з агідным ябедніцтвам і цвёрдалобая самаўпэненасць, часта выкліканая некампетэнтнасцю. І шмат чаго іншага, што не станоўча ўплывае на выхаванцаў і працу. Так што аслабленне “пазітыўнага” ўплыву школы на вучняў я бачу і ў адсутнасці мужчын у практычнай педагогіцы.
Зняважліва нізкі заробак мае абслугоўвальны персанал школ, без якога нармальная функцыянаванне школ немагчымае.
Сельская школа мае сваю спецыфіку і свае праблемы. Нападаць на яе бессэнсоўна, папракаць, таксама. Гэта не вырашае праблем. Гадоў трыццаць назад нас, вясковых настаўнікаў, катавалі за меншую, чым у гарадскіх школах, паспяховасць. Нашыя кáты, начальнікі РАНА, выконвалі сваю прыгонную функцыю. Між тым вясковая паспяховасць усюды зазвычай натуральным чынам меншая за гарадскую і прычына ляжыць па-за межамі школы. Але гэта пад увагу не бралася. Па камуністычнай дактрыне ўсе мазгі былі роўныя, адпаведна роўнымі мусілі быць і вынікі навучання. Цяперака я разумею, што тое было ад сацыялагічнай ды іншай бязграматнасці паноў адукатараў, але загана гэтая так і не пераадолена. (Тым не менш, масавая гарадская школа, па маіх назіраннях, дае практычна такі ж ровень падрыхтоўкі, як і вясковая школа. Не дзіва: ейны асноўны вучнёўскі кантынгент такога ж сацыяльнага роўню, як і вясковы). Сама ж дзяржава, адкрыта не прызнаючы залежнасці адукацыйнай паспяховасці ад сацыяльнага стану, імпліцытна прызнавала такую залежнасць, ствараючы станоўчую дыскрымінацыю на карысць ніжэйшага пласту насельніцтва. Сельскі абітурыент меў невялічкую перавагу пры залічэнні ў ВНУ. Калі б мы мелі добрыя сацыялагічныя даследаванні гэтага пытання, то выразней бачылі б праблемы і шляхі іхняга вырашэння. Аднак і настаўнікі і самаробныя кіраўнікі адукацыі у гэтым сэньсе працуюць у цемры. Між тым, як ведама, сацыялагічныя даследаванні ў нашай “Рэспубліцы” знаходзяцца пад дзяржаўным кантролем, то бок, яны дырыжысцкія.
Усе заўсёды канстатуюць, што ў вясковай школе менш падрыхтаваныя настаўнікі. З аднаго боку дзяржава сама робіць такую селекцыю, пасылаючы праз размеркаванне ў вёску выпускнікоў з найменшымі баламі адзнак. Аднак зусім не факт, што тут адны недавучкі. Няма дэтэрмінаванай лінейнай залежнасці паміж акадэмічнай і прафесійнай паспяховасцямі. У вясковай школе, як і ў любой прафесійнай гільдыі, ёсць як высокакваліфікаваныя, разумныя, адказныя людзі, гэтак і крэпкія сераднякі, а таксама не надта высокакваліфікаваныя шабашнікі шырокага профілю. Вядома, ў вёсцы менш грошай, адпаведна менш адукацыйных магчымасцяў. То калі дзяржава дбае – а яна абавязана дбаць! – пра высокі агульны ровень адукацыі для ўсіх, то мусіць нешта рабіць для гэтага. Сёе-тое яна ўжо зрабіла: адабрала ад вясковага настаўніка невялікія побытавыя ільготы, то бок ліквідавала забеспячэнне палівам, ільготы на электрычнасць. У перспектыве акрамя як невялікай пенсіі настаўнік нічога не мае і не мецьме. Праца ў вясковай школе абсалютна бесперспектыўная і з іншых прычын. Вясковая школа імкліва губляе навучэнцаў. Вёска болей не ўзнаўляе сябе, жыццё ў задушанай бальшавізмам вёсцы бесперспектыўнае. Вырашэнне адукацыйных праблем тут ляжыць не толькі ў педагагічным плане, але і ў палітычным рашэнні сельскага вузла. Але з упартасцю мухі, што б’ецца ў нябачную ёй шыбу, беларускае кіраўніцтва тупа трымаецца эканамічна немэтазгоднай схемы аграрных адносін. Закладзены незабыўным Сталіным, імя гэтага кáта не сама даўно ўвекавечана ў назве неіснай лініі, аграрны базіс з ягонымі пазаэканамічнымі цнотамі знялюдзіў беларускую вёску, давёў яе да катастрафічнага стану. Сп. Сідорскі агучыў лічбу нерэнтабельных с/г прадпрыемстваў: 70%. Гэта эканамічны крах, які цягне за сабою іншыя крахі. У вёсцы моцная дэградацыя сям’і, галоўнага чынніка сацыялізацыі дзіцяці. Дзяржава адчувае гэта. Міністр А. Радзькоў, чалавек у адукацыі яўна выпадковы, неяк заявіў, што галоўны клопат школы – шматдзетныя сем’і – і ўзвальвае гэтую чужую ролю на школу, забыўшы, што школа знаходзіцца на 4ым месцы па ўплыву на дзіця і зрабіць тут нічога не можа. Аніякія ўваскрошаныя малянкоўска-хрушчоўскія аграмястэчкі – пацёмкінскія вёскі – становішча не зменяць. Як казаў Томас Ман: “Es geht um den Menschen”. Аніякая адукацыйная рэфармацыя вясковую школу не ўратуе, а без яе аграрны сектар прападзе: у гэты прапашчы бізнес можна будзе рэкрутаваць толькі маргіналаў і Minderwertige, ці крый нас, Божа, ад гэтай бяды, імпартаваць чужынцаў. Атрымаўшы замест аграмястэчкаў аграмогілкі можна паставіць крыж і на сельскай школе. Чакаць засталося нядоўга.
Наконт абсталявання: вось ужо прыкладна два дзесяцігоддзі, як у школы не даюць абсталявання для фізічных і хімічных лабараторый. Калі што і функцыянуе, то гэта толькі дзякуючы высілкам добрасумленных граматных настаўнікаў і адміністрацыі школ. Самі школьныя будынкі па сумнавядомай савецкай завядзёнцы практычна ніколі капітальна не рамантаваліся, а цяперака, тым болей, не рамантуюцца. Ізноў жа, ладная частка працы па падтрыманню ў прыдатным стане будынкаў кладзецца на саміх працоўных школы: у нас амаль у кажным класным пакоі на другім паверсе стаяць місы, каб прадухіліць працяканне вады на ніжэйшы паверх. А вокны, з-за спарахнелых рам, страшна адчыняць. І так багата дзе.
Дарэчы, раз ужо запяялі ўхвальную кантычку таталітарнаму савецкаму парадку ў адукацыі, то варта было б прыгадаць, што бальшавікі –прынамсі на маёй памяці – не спускалі школам і ўстановам адукацыі прамфінплану, а вось цяперака школы маюць такі план. Раз-пораз настальгічна і некрафільна ныючы па савецкім ладзе, (як выказаў у сваім шэдэўры іспанец Хорхэ Манрыкэ “cualquier tiempo pasado fue mejor”), хіба ж не “унікальны Прэзідэнт” і ягонае атачэнне –караля робіць світа! – рэгулярна і планамерна згортваюць “заваёвы Кастрычніка”: згортванне бясплатнай агульнадасяжнай адукацыі, адабранне іманентных студэнцтву ільгот, падтрымка нямоглых, ветэранаў, паступовая камерцыялізацыя медыцыны, заняволенне праз кантрактавую сістэму працоўных і падобнае? Як можна праз “дзікую прыватызацыю” руйнаваць гэныя “заваёвы” і адначасна ірвацца наперад назад у саветчыну? У гэтай сувязі ўзнікае пытанне, і яго паставіў мой калега: “А дзе ж быў праніклівы акадэмік сп. Анатоль, калі “ад зямлі” прымалася рашэнне пра рэфармацыю школы? Думаць і прадбачыць павінны былі ўсе, тым болей што “Es geht um den Menschen”. Нягледзячы на “унікальнасць асобы Прэзідэнта” ён, дзякаваць Богу, не супермэн і не суперкампутар, і абавязак адказнага, а не ліслівага прыдворнага, папярэджваць памылковыя крокі Спадара. Тым болей у сітуацыі, калі ўлада дашчэнту, да герметычнасці, абрэзала зваротную сувязь ад грамадства да ўлады, калі няма вольнага публічнага абмеркавання важных грамадскіх праблем.
Адукацыя – гэта не раскоша, гэта не “чыста затратная сфера”. Сёння пра “затратны” характар адукацыі дазваляецца плявузкаць толькі люмпенам гораду і вёскі, а не акадэмікам з хлебнай установы. Многім вядома думка знаўцаў, што менавіта прускі настаўнік выйграў Французка-прускую вайну 1870–71 гадоў? Ёсць сведчанні, што праз сферу адукацыі, хоць бы ў аб’ёме сярэдняй школы, ствараецца ад чвэрці да траціны нацыянальнага здабытку? Даўно вядома, што “затратная” сфера ад дзіцячага саду да ўніверсітэту акупляецца цягам пяці першых год працы чалавека! Без адукацыі немагчымае існаванне сучаснага грамадства, ягоных вытворчых сфер. Болей за тое, адукацыя і навука сталі вырашальным фактарам эканамічнага прагрэсу. Гэта, праўда, калі ісці за цывілізаванымі нацыямі. Але можна і не ісці…
Адукацыя – не затратная раскоша. Усведамленне гэтага ніколі не змушала мяне пачувацца нахлебнікам-дармаедам, хоць хамскіх наскокаў і зьдзеклівых кпін на адрас настаўнікаў хапала як ад вясковых гэтак і ад высокапасадных люмпенаў-маргіналаў.
Вядома, такая спецыфічная інвестыцыя ў адукацыю прыносіць дывідэнты адтэрмінавана, з цягам часу. Уклад у адукацыю, як ведама – гэта ўклад у будучыню. Што ж, чакалі нас на рынак працы, давайце чакаць і мы. А наконт фінансавання адукацыі дзяржавай, то гэта частковая праўда. Па-першае, дзяржава абавязана аказваць сваім грамадзянам адукацыйныя паслугі, як і шэраг іншых. Гэта абавязак, а не міласць. Але, відаць, Беларусь не хоча быць сацыяльна адказнай дзяржавай. Па-другое – адукацыя называецца народнай не толькі таму, што для народу, а і таму, што фінансуецца народам. А цяперака, дзякуючы згортванню “заваёў Кастрычніка”, каб падтрымаць адукацыйны ровень сваіх дзяцей, народ палез далей у машну, падтрымлівае адукацыю прамымі прыватнымі інвестыцыямі. Людзі ўсведамляюць крах казённай адукацыі і робяць выбар на карысць дасяжнай прыватнай. Я не ведаю памераў прыватных затрат, але мяркую, што яны значныя, пэўне шматмільярдныя. Нездарма міністэрства падаткаў разаслала па школах грознае папярэджанне з пагрозамі драконавых штрафаў і канфіскацый –sic! – тым, хто без дазволу дзяржавы аказвае адукацыйныя паслугі. Народ наўпростымі інвестыцыямі з кішэні аплочвае навучанне болей за палавіну студэнтаў ВНУ. Скажыце, гэта таксама савецкая сістэма адукацыі?
Заганы каманднай эканомікі перанесеныя ў адукацыю. У гэтай сувязі цынічнае пазбаўленне студэнцкай моладзі пэўных традыцыйных прывілей было грубай памылкай. Нельга думаць, што сп. Анатоль не ведаў і не падазраваў пра магчымую адмоўную рэакцыю на такую няўдзячную непапулярную меру. Пэўна, кароль і світа правільна падумалі, што забурэнняў не будзе, таму можна ўшчыкнуць бездапаможнае, незгуртаванае студэнцтва. Так і сталася, але гэта, канешне, пірава перамога. Студэнцтва моцна зняважылі. Попыт на адказ існуе, можна смела меркаваць, ён папросту адкладзены на пэўны час. Калі можна наракаць на несучасны характар нашай вышняй адукацыі, то скажыце, ці ж багата ў нас найноўшых, перадавых тэхналогій, каб спараджаць і патрабаваць сучасныя веды? Колькі ў нас эканамічнай свабоды? Хто стаіць на чале Акадэміі Навук і як ён на тое чало стаў? Чаму няма акадэмічных свабод? Чаму сістэма навучання носіць казарменны характар абавязковай фармальнай прысутнасці на занятках? Чаму так жорстка караюць маладых людзей за парушэнне казарменнага рэжыму?
Мы часта на педагагічных нарадах абмяркоўваем праблему самастойнага пошуку ведаў і інфармацыі вучнямі. У безынтэрнэтавай вёсцы з небагатай бібліятэкай гэта не зусім проста, але мы імкнемся прывучаць вучняў. Дык чаму студэнт на казарменным становішчы? Чаму выкладчыкаў змушаюць апускацца да інфантыльнага стану “дзядзькі”-апекуна студэнтаў у інтэрнаце? На якой падставе студэнта змушаюць аддаваць грошы за навучанне, калі ён уладкуецца на працу не па размеркаванню? Дзяржава аказала яму адукацыйную паслугу і ён акупіць яе цягам пяці год. Дзяржава – не прыватнае прадпрыемства, яна не прападзе, калі адукуе сваіх юнакоў і дзяўчат. Тым болей, што далёка не ўсе карыстаюцца адукацыйнай благадаццю і на моладзь, што прагне ведаў, запасаў гэнай благадаці, калі не красці праз “дзікую” ці “не дзікую”, а, як гэта цяперака ў Беларусі, “прыватную”, прыватызацыю, хапае з лішкам. Хочаш ці не, але ўзнікае ўражанне, што беларускай дзяржаве вінны ўсе, а яна нікому і нічога. Тады лагічна прыгадаць лозунг Мусаліні: “Усё ў дзяржаве, нічога супраць дзяржавы, нічога па-за дзяржавай”. Асмелюся нагадаць, што гэта – фашызм. Ну, а далей l’Etat, c’est moi? Ці не рабуе дзяржава гэткім чынам сваіх маладых грамадзян?
Так, рамесны бок нашай найвышэйшай адукацыі у шэрагу спецыяльнасцей даволі высокі і канкурэнтназдольны. Але гэта не заслуга дзяржавы. Калі б наша вышняя адукацыя была па-сучаснаму добрай, калі б яна абапіралася на салідны эканамічны чыннік, то Беларусь мела б ладны кавалак міжнароднага рынку адукацыйных паслуг. Але ж беларускі сектар гэтага рынку нікчэмны. Рабіце выснову.
Калі не будзе палітычнай свабоды, то не будзе і акадэмічнай свабоды, не будзе і сучаснай адукацыі. Гэта як з тымі “сіліконавымі” далінамі – яны ўзнікаюць не па камандзе, а па патрэбе.
Па шэрагу ж істотных пазіцый наша сістэма адукацыі выклікае сумненне. Акрамя іншага я маю на ўвазе і гуманітарны складнік. Менавіта брак чалавеказнаўчых дысцыплін робіць нашу адукацыю утылітарнай і абмежаванай, не дазваляе тым, хто прымае рашэнні, гістарычна і шырока ацэньваць сваю дзейнасць, вядзе да блізарукіх рашэнняў. Я мяркую, што адсутнасць грунтоўнай гуманітарнай адукацыі кідае цень цемрашальства на цяперашняе кіраўніцтва, замінае і перашкаджае яму мець рэалістычны стратэгічны план развіцця Беларусі. (Нельга ж лічыць разумным здрадніцкі капітулянцкі план усунуць Беларусь у Расею. Гэта значыць распісацца ва ўласнай непаўнавартасці: усе кругом могуць жыць самастойна ў сваіх дзяржавах і жыць няблага, адны беларусы і іхняе кіраўніцтва не маюць мазгоў для дзяржаўнага існавання, то бок, недаразвітыя малпы, колькі ні крычы, што ты расеец з знакам плюс. Не хачу я быць расейцам ні з якім знакам! Я славянін-беларус!) Хай бы спадар Анатоль растлумачыў спадару Прэзідэнту, у якім непрывабным святле недарэкі-кіраўніка той сябе выстаўляе, калі фактычна прызнаецца, што няздатны ладкаваць самастойную жыццяздольную дзяржаву і гатовы “аншлюсаваць” яе да другой як нахлебніка. Нават калі гэта і віртуальная магчымасць, то і ў такім разе гэта абражае і наносіць шкоду дзяржаве і народу і пра такое не след не тое, што казаць, нават думаць. Замест таго, каб актыўна ўключыцца ў еўрапейскую і шырэйшую міжнародную палітыку з мэтай атрымання найбольшай выгады для нашай дзяржавы і нашага народу беларускае кіраўніцтва ўсё болей закручуецца ў расейскае палітычнае павуцінне, у какон ізаляцыянісцкай мінуўшчыны з нішчымным брэхам на двор – (мы напусцім 100.000 эмігрантаў на Еўропу – (дзе іх возьмеце?!) –, мы не дадзім візы натаўскім танкам на паход да Масквы!) – і дэспатызмам ва ўласнай хаце. Хіба гэта стратэгія? І які кшталт адукацыі патрэбен для такой “стратэгіі”? А без разумнага стратэгічнага плану практычна любой рэформе наканаваны правал, бо “адштурхоўваецца ад зямлі”, ад вузкалобага прагматызму ad hoc, а да вышынь не дастае.
Вялізарным недахопам ёсць адсутнасць беларускага, нацыянальнага, калі хочаце, нацыянальна-эгаістычнага, нацыяналістычнага, складніка ў адукацыі. Гэта нагадвае ранейшае дохлае “мы-інтэрнацыяналісты”. Між тым палітыка, перад усім знешняя, мусіць быць нацыянальна-эгаістычнай, а не падладжвацца пад гнеў ці ласку вялізнага суседа. Пад шум і гоман словаблуддзя пра “глабалізацыю”, гэты неакамунізм капіталізму, пэўныя колы скарыстоўваюць яго для свайго нацыянальнага багацення. Але не беларусы. Пад час сваіх візітаў у краіны трэцягатунковых рэжымаў Аляксандр Лукашэнка адмыслова падкрэслюе, што дасць тамтэйшым бізнесоўцам лепшыя ўмовы, чым беларусам. (Язэп Вісарыёнавіч, каго ён так кахае, нейначай, назваў бы такое “нізкапаклонствам”). Чым жа заслужыў наш народ, які ўзбагачае праўную наменклатуру і ператвораны ёю фактычна ў “субстрат”, такі апартхэйд і эканамічны астракізм?!
Ніводзін ідэалагічна правільны і ўзважаны матэрыял не абыходзіцца без камення на адрас “свядомых”. “Нашыя “свядомыя” энергічна залазяць у падручнікі па гісторыі і замяняюць адну гісторыю на другую”. Сп. Анатоль мусіў бы ясна сказаць, каго і што ён мае на ўвазе. Што значыць “адну гісторыю на другую”? Гісторыя аб’ектыўная, ейныя інтэрпрэтацыі суб’ектыўныя. Гісторыю нельга памяняць. (Хіба што, як “нясведамыя”, перанесці дзень незалежнасці на зусім іншую дату. Зусім па Джорджу Орвэлу)!
Як вядома, у Беларусі практычна адсутнічала аб’ектыўная трактаванне гісторыі нашай Айчыны. Напісаная сп. Абэцэдарскім на замову лаянага ў артыкуле камуністычнага рэжыму прарасійская – каланіяльны варыянт – гісторыя Беларусі ніколі ўсур’ёз у школе не вывучалася і сапраўднай гісторыі ніхто не ведаў. Гэта відаць хоць бы з недарэчных выказванняў прэзідэнта, настаўніка школьнай гісторыі, які сам зьяўляецца ахвяраю так шанаванай ім савецкай адукацыі. Я, да свайго сораму і бяды, таксама не ведаў яе да саракагадовага ўзросту! І калі навукоўцы напісалі нацыянальнае бачанне нашай гісторыі, гісторыі не рабства і прыгону, а гісторыю славы і горкіх параз, як гэта бывае ўсюды, гэта не спадабалася новым кіраўнікам. Бывае… Затое новыя кіраўнікі ўсё вярнулі на сваё правільнае месца, нават Дзень незалежнасці на 3 ліпеня. От гэта правільная гісторыя! Цяперака Абэцэдарскі называецца па-іншаму, усе ведаюць як.
Канешне, было правільна, – і цывілізавана! – ўчыніць auto-da-fe-беларускім падручнікам, выкінуўшы іх на сметнік і ў макулатуру. Правільна не пускаць беларускіх пісьменнікаў у школы і аўдыторыі. Правільна выпраўляць у пагоню орды сакрэтных і яўных службоўцаў за кожнай беларускай кніжкай, што не прайшла праз Адміністрацыю прэзідэнта. Пэўне гэта сведчання ідэалагічнага плюралізму?! Вядома, вядомымі высілкамі можна стварыць стэрыльную адукацыю, але гэта ўжо не будзе адукацыя, а паласкальня мазгоў.
М