Алесь Лозка
Старшыня РГА «Таварыства беларускай школы»
Усяго на роднай мове ў 2006 г. вучылася 23,3% школьнікаў. Шмат адстаюць ад адстаючай беларускай школы дашкольныя ўстановы. Толькі 12,9% дзяцей займаецца (больш-менш!) на роднай мове з агульнай колькасці дашкольнага ўзросту, а ў сталіцы толькі – 0,3%. Гэта даволі крытычныя межы існавання нацыі. Як вядома, па вызначэнні ЮНЕСКО народ знаходзіцца на мяжы знікнення, калі на мове размаўляе менш 30% дзяцей. Вось да чаго нас прывялі. Артыкул цалкам.
Лявон БАРШЧЭЎСКІ, намесьнік дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю, кандыдат філалягічных навук
1. Праблема стварэньня нацыянальнай адукацыйнай парадыгмы па сёньняшні дзень выглядае ў вялікай ступені нявырашанай, а ў цяперашніх грамадзка-палітычных варунках — і фактычна невырашальнай.
2. Абсалютная бальшыня навучальных установаў, дзе яшчэ няма поўнай абыякавасьці да нацыянальнага кампанэнта адукацыі, шукаючы канцэптуальна-філязофскага апірышча сваёй дзейнасьці, зарыентаваная на мадэль т.зв. «этнашколы». Гэта мае сваё абгрунтаваньне. Ва ўмовах, калі нават размовы пра сваю нацыянальна-адметную сыстэму адукацыі ўважаліся за злачынства (а гэткая сытуацыя цягнулася некалькі соцень гадоў — аж да пачатку 1990-х), толькі арыентацыя на вусна-народную традыцыю, у т.л. на народную пэдагогіку, выглядала шмат для каго адзіным выйсьцем са сьляпога завулку. Адсутнасьць трывалай нацыянальнай філязофскай школы прымушала зьвяртаца да «народнай мудрасьці".
3. У прынцыпе гэты падмурак, безумоўна, выглядае вельмі трывалым: праблема палягае толькі ў тым, што на падмурку вясковай хаты наўрад ці магчыма пабудаваць сучасны шматпавярховы гмах. А менавіта такім «гмахам» зьяўляецца сёньня культура постіндустрыяльнага ды інфармацыйнага грамадзтва. Ня менш за 80% падлеткаў сёньня заканчваюць сярэднюю школу ў гарадах; тамсама знаходзяцца ўсе вышэйшыя і практычна ўсе сярэднія спэцыяльныя ўстановы. Толькі абсалютна нязначная колькасьць сучасных навучэнцаў ды студэнтаў можа чэрпаць узоры арганізацыі свайго духоўнага і матэрыяльнага жыцьця з традыцыйнай, у сутнасьці сваёй вясковай, беларускай культуры. І няма такой сілы, якая магла б кардынальна гэтую сытуацыю зьмяніць — нават калі б у школах замест сёньняшняга курсу гісторыі, вывучалася т.зв. «гісторыя зьнізу», а заняткі па беларускай этнаграфіі, міфалогіі і фальклоры сталі б абавязковым прадметам.
4. Таму адзіным рэальным шляхам адбудовы беларускай нацыянальнай культуры застаецца выпрацоўка адукацыйнай парадыгмы на аснове агульнаэўрапейскіх культурных каштоўнасьцяў, адаптацыі беларускіх архэтыпаў і сымболяў да адпаведных архэтыпаў і сымболяў эўрапейскай культуры. Канцэпцыя пабудовы нацыянальнай школы на гэтым падмурку адлюстраваная ў «Канцэпцыі беларускай нацыянальнай адукацыі" (Адукацыя і выхаванне. 1993. № 12) і «Мадэлі нацыянальнага гуманітарнага ліцэя» (тамсама, 1994. № 5), створанай з удзелам беларускіх філёзафаў адукацыі і педагогаў-практыкаў (М.Гусакоўскі, І.Бабкоў, В.Вячорка, У.Колас, А.Палоньнікаў, аўтар гэтага тэксту і інш.) У гэтых працах сфармуляваная галоўная праблема для беларускай адукацыі — нацыякультурная (а ня этнакультурная!) ідэнтыфікацыя навучэнцаў — і пазначаныя найважнейшыя магчымыя шляхі дасягненьня гэтай мэты. Дыскусія, на наш погляд, павінна адбывацца вакол пытаньня, якія з гэтых шляхоў могуць быць найбольш эфэктыўнымі ў нашых канкрэтных варунках.