Прыярытэтны накірунак у грамадзянскім выхаванні

Алесь ЛОЗКА, дацэнт кафедры


этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ


 


ПРЫЯРЫТЭТНЫ НАКІРУНАК У ГРАМАДЗЯНСКІМ ВЫХАВАННІ


 


З пачатку сучаснага адраджэння створана нямала цудоўнай літаратуры, якая працуе на развіццё нацыянальнай свядомасці. Гэта, найперш, шматлікія энцыклапедычныя і мастацка-літаратурныя выданні, першыя дапаможнікі па гісторыі народа, напісаныя лепшымі яго прадстаўнікамі, розныя серыі, накшталт, «Беларуская народная творчасць» (каля паўсотні тамоў), 145-томнае выданне гісторыка-дакументальнай хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць» і г. д. Падобнага не мае ні адна краіна ў свеце.


Але нам і гэтага недастаткова. Мы даволі адсталі ад іншых у нацыянальна-культурным развіцці, выхаванні нацыянальнай свядомасці. Акрамя адноўленай дзейнасці краязнаўчага таварыства, у адным накірунку працуюць розныя грамадскія і дзяржаўныя ўстановы. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце складаюцца цудоўныя фальклорныя зборнікі. Анатоль Атнагулаў стварыў раней і бадай лепшае выданне “Хроніка Убарцкага Палесся” (2001) за гістарычна-дакументальную хроніку “Памяць” (2002) таго ж Лельчыцкага раёна.


Добры плён маюць краязнаўцы ў розных раёнах Беларусі. Варта толькі, напрыклад, заглянуць у краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс “Лідскі летапісец” (засн. В.Сліўкін, рэд. С.Суднік), што выпускаецца з 1997 г., або ў “Віцебскі сшытак” (выданне Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і Віцебскага абласнога краязнаўчага аб’яднання), які вядомы з 1995 г. У прыгаданых рэгіёнах акрамя таго выходзіць “Краязнаўчая газета” (выданне краязнаўцаў Гродзеншчыны з 2000 г.).


Уражальныя поспехі маюць краязнаўцы Паазершчыны, дзе шчыруе выдавецкая ініцыятыва “Сумежжа”. Прыгадаем некаторыя яе выданні і інш.: “Шыпшына” (Рэгіянальная культурніцка-экалагічная газета. Браслаў, Глыбокае, Мёры, Паставы, Шаркоўшчына, Мядзел, Астравец), “Нашы карані” (Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. Паставы), Шушкевіч У. Падарожжа вакол Лепельскага возера” (Лепель), Тызенгаўз Р. “Крэда служачага”, Пракаповіч І. “Адкуль паходзяць назвы” (усе у 2000 г.), Гарбуль А. “Скарбы сівых валуноў” (2002), “Каталог матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці Станіслава Нарбута” (2003), Гіль М. “Былыя сядзібы і паркі Паазер’я” (Паставы,), “Святы Казімір у Паазер’і: 400 гадоў каталіцызма ў Лепельскім краі (Белы А., Зямчонак І., Ульскі Л., Явід В. – Лепель), Пракаповіч І. “Насельніцтва Пастаўскага краю”, Пракаповіч І., Вансовіч А., Заяц І. “Манькавічы”, Зямчонак І. “Данілавічы”, “Лучай”, “Ваколіцы Парыжа”, Драўніцкі Я. “Мая Віленшчына” (усе 2004 г.) і інш.


Мы не ставілі мэту зрабіць поўную справаздачу аб выдавецка-краязнайчай дзейнасці ў Беларусі. Але хочам заўважыць, што выключную ролю ў ёй займаюць настаўнікі, якія таксама ствараюць краязнаўчыя музеі, вядуць адпаведныя гурткі і факультатывы. Тут хочацца прыгадаць яшчэ выданне старшыні ТБШ ў Пухавіцкім раёне Наталлі Ільініч “Талька і наваколлі: Краязнаўчыя нататкі пра Тальку, Арэшкавічы, Блужу, Мацеевічы, Суцін” (Мн., 2004), а таксама лунінецкіх настаўнікаў-краязнаўцаў – Панасюк І. “Велута” (2005), Туміловіч В. “Нарысы даціроўкі манет”, Тапаніміка Кажан-Гарадка і яго зямель” (2001), “З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка” (2003), Нефідовіча С. і інш.


Звяртае ўвагу яшчэ той фактар, што многія публікацыі прысвечаны не толькі раёнам, гарадам, але і асобным вёскам. І ўсё-такі адчуваецца неадпаведнасць паміж узроўнем навукі пра краязнаўства, яе сучасным патэнцыялам нават на раённай ступені развіцця і практыкай яе прымянення ў адукацыйных установах, запатраба-ванасцю грамадствам. Наспела неабходнасць у поўнай меры выкарыстаць назапашаны патэнцыял у асвеце. Фарміраванне грамадзянскай супольнасці праз далучэнне вучнёўскіх, студэнцкіх і настаўніцкіх калектываў да краязнаўчай працы – так можна сфармуляаваць мэту праекта, вылучаемага грамадскага руху.


Асноўныя яго задачы: ·



  • Прыцягненне шырокай грамадскасці, асабліва вучнёўскай, студэнцкай, настаўніцкай да вывучэння свайго краю не толькі праз хроніку «Памяць», але і праз практычны збор новых матэрыялаў, удакладненне іх; ·

  • Арганізацыя творчых студэнцкіх груп і настаўніцкіх калектываў па складанні для кожнага раёна і горада Беларусі праграмы да інтэграванага курса па краязнаўству (тыпу «Валожыншчыназнаўства», «Мінсказнаўства», «Оршазнаўства», «Аршаншчына-знаўства»), выпрацоўкі актыўнай методыкі, выпуску адпаведных дапаможнікаў; ·

  • Правядзенне краязнаўчых семінараў і канферэнцый; ·

  • Выхаванне любові да малой радзімы, хваляванне за яе лёс, выхаванне патрыёта і грамадзяніна, актыўнага супольніка.

Нельга сказаць, што гэта нешта зусім новае. У недалёкай гісторыі ўтварэння БССР і нядаўняга станаўлення суверэннай Рэспублікі Беларусь функцыянавалі розныя курсы «Беларусазнаўства» як у сярэдніх навучальных установах, так і вышэйшай школе. Вылучэнне спецыяльнага накірунку ў краязнаўстве можна лічыць працягам і новым прырытэтным вітком у нацыянальна-патрыятычным выхаванні. «Асаблівае месца ўдзяляецца краязнаўча-патрыятычнаму выхаванню, якое стане арганічнаю часткай сістэмы выхаваўчай працы, – дэкларуецца ў выступленні начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення адукацыі, дзе распавядаецца аб Праграме развіцця адукацыі горада Мінска да 2010 г. – Асновай для гэтага стане развіццё ў школьнікаў нацыянальнай самасвядомасці, прыцягнення дзяцей да нацыянальнай культуры, увядзенню факультатыўнага курса “Минсковедение”, стварэнне краязнаўчых і этнаграфічных музеяў».


Цудоўна. У тым жа нумары (1.2004 г.) выдання «Столичное образование: научно-методический журнал» пададзены на рускай мове матэрыялы па ўвядзенню курса «Минсковедение» у пачатковай і сярэдняй школах, распрацаваныя педагогамі-навукоўцамі сталічнага інстытута адукацыі. Вось вам і лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Як яшчэ кажуць – прыехалі. І гэта сцвярджаюць педагогі – развіваць нацыянальную самасвядомасць, «фарміраваць асобу грамадзяніна і патрыёта, які беражна адносіцца да каштоўнасцей сваёй Айчыны» на ... расейскай мове (?!). Нягледзячы нават на тое, што, напрыклад, рэкамендуемая літаратура прадстаўлена на роднай мове, у праграме 5—6 класаў толькі адна пазіцыя па-руску.


Рэкамендуецца ў першым класе праводзіць заняткі 1—2 разы на месяц. Прадугледжваецца вывучэнне гісторыі Мінска ў 5—10 класах па 9 гадзін, пажадана канцэнтрыравана ў адным паўгоддзі (або сінхронна ў адпаведнасці з курсам роднай гісторыі). Як сведчыць айчынны і сусветны досвед, менавіта патрыятычна-краязнаўчы накірунак з'яўляецца прыярытэтным у станаўленні асобы, грамадзяніна, патрыёта, што ў канчатковым выніку прыводзіла народ, нацыю да прыняцця якасных змен у жыцці, а названыя групы сумесна з асноўнымі працоўнымі масамі былі самымі рашучымі, свядомымі і актыўнымі ў эвалюцыйных працэсах грамадства. Не малы досвед краязнаўчай працы назапашаны ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.


Факультэт народнай культуры быў створаны ў ім у самы размах новай адраджэнскай пары, у 1994 г., на аснове трох кафедр этналогіі і фалькларыстыкі, мастацкай і педагагічнай адукацыі, фізкультурна-масавай і аздараўленчай працы. Беларусазнаўчым накірункам дзейнасці асабліва вылучаецца першая, што рыхтуе спецыялістаў сусветнай і айчыннай культуры, кіраўнікоў фальклорных калектываў. Калі раней будучых фалькларыстаў рыхтавалі філфакі, дзе вусная народная творчасць вывучалася толькі адзін семестр, то цяпер гэтая функцыя ў большай ступені ўпэўнена пераходзіць, менавіта, да згаданай кафедры, дзе разнастайныя дысцыпліны фальклорнага цыклу вывучаюцца на працягу пяці гадоў, у тым ліку краязнаўства, музеязнаўства і інш.


За невялікі перыяд склаўся творчы педагагічны калектыў і сістэма працы са студэнцкай моладдзю, якая прадстаўляе ўсе рэгіёны Беларусі, па актывізацыі будучых настаўнікаў у зборы і сістэматызацыі краязнаўчага матэрыялу свайго раёна, горада. Вызначым асноўныя этапы творчай працы без падрабязнай дэталізацыі і варыятыўнасці выканання. На першых-трэціх курсах ідзе набыццё агульных ведаў па краязнаўству і сумежнаму цыклу дысцыплін, напісанне рэфератаў, збор матэрыялу, асабліва на фальклорна-этаграфічнай і музейнай практыках. Наступны этап (4 курс) – напісанне курсавой працы краязнаўчай тэматыкі, затым – (5 курс) па методыцы выкладання культуралагічных дысцыплін ці кіравання фальклорным калектывам, магчымае апрабаванне яе на педагагічных практыках і практыках у фальклорных калектывах.


Апошняе ў ВНУ – гэта абагульненне і сістэматызацыя матэрыялу па стварэнні дыпломнага праекта, тыпу «Валожыншчыназнаўства», а практычнае апрабаванне яго лепш праводзіць на новым месцы працы, дзе адбываецца папаўненне матэрыялу, карэктыроўка праграмы, укараненне ў адукацыйным працэсе.


Абазначым узорна-канцэптуальны змест матэры-ялаў нашых будучых метадычных зборнікаў. Прапануем у іх скарочаны варыянт уключаць наступныя раздзелы:



  1. Тлумачальная запіска (мэта, задачы, асаблівасці краязнаўчай працы).

  2. Пашпарт раёна, горада (кароткія энцыклапедычныя звесткі агульнага характару пра прадстаўляемы геаграфічны рэгіён).

  3. Тэматычны план.

  4. Змест праграмы.

  5. Метадычныя ўмовы рэалізацыі праграмы (іх таксама можна спалучаць у І раздзеле).

  6. Літаратура.

Пры такой арганізацыі пошукава-даследчай працы, досвед паказвае, што да заканчэння універсітэта, да абароны дыпломнага праекта студэнт прадстаўляе даволі багатую папку краязнаўча-метадычных матэрыялаў, а прыходзячы ў навучальную ўстанову, прыносіць добра распрацаваную праграму навучання і выхавання дзяцей сродкамі раённага краязнаўства. Краязнаўчай працы ў школе, якая фарміруе грамадзянскія пачуцці, неабходна даць новае жыццё. Выхаванне патрыёта, грамадзяніна павінна весціся на ўсіх этапах асветна-адукацыйнай працы. Нездарма пераважная большасць дыпломных праектаў, якія ўключаны педагагічным універсітэтам у спецыяльны банк студэнцкіх здабыткаў, мае азначаную тэматыку.


Да працы універсітэта далучаецца РГА “Таварыства беларускай школы”, якое будзе ўсяляк спрыяць пашырэнню ў навучальна-адукацыйным змесце асветных устаноў краязнаўчага накірунку. Ужо прызначаны сумесныя канферэнцыі, публікацыя праграм інтэграванага курса.