ДРОКІНА Галіна

«Ад кожнага з нас залежыць будучыня. Трэба рабіць справу на сваім месцы, працаваць там, дзе ты патрэбны, і рабіць тое, што ты можаш рабіць»
Галіна Дрокіна - прызнаны метадыст, настаўніца геаграфіі і эканомікі гімназіі № 1 г. Маладзечна. Нарадзілася 21.08.1954. Скончыла Гродзенскую музычную вучэльню, БДУ па спецыяльнасці «Арганізацыя правядзення турызму і эканоміка турызму». Пасля адпрацоўкі размеркавання ў школе вярнулася да працы па абранай спецыяльнасці і пачала працаваць экскурсаводам. Як раз гэты этап ў жыцці звяртае яе да беларуская самаідэнтыфікацыі і беларускасці. У пачатку 90-х у час адлігі яна зноў вымушана была вярнуцца да настаўніцтва. Як раз гэтае вяртанне прывяло яе на новы, творчы і паспяховы этап у педагагічнай дзейнасці.

Апантаная мясцовым краязнаўствам, Галіна Дрокіна ўзялася за кіраўніцтва вучнёўскім беларуска-польскім праектам, прысвечаным асобе і творчасці выдатнага беларускага кампазітара ХХ стагоддзя, піяніста і педагога Яна Тарасевіча. Праект прэзэнтаваны ў Польшчы канферэнцыяй і спектаклем па творчасці пісьменніка.

Лаўрэат (2-е месца) Усебеларускага конкурса «Крыштальны журавель» 2000 г. У 2007 годзе стала пераможцам у конкурсе Таварыства беларускай школы сярод беларускамоўных настаўнікаў «Беларускі Настаўнік 2007 года Міншчыны».

Мае сына, дочку і любімых унукаў.

Няпросты і незвычайны шлях да настаўніцтва

Як ні дзіўна гэта гучыць, я ніколі не хацела быць настаўнікам і абірала тыя спецыяльнасці, каб не стаць настаўнікам. Але так здарылася, што выйшла замуж і паехала працаваць па месцы працы мужа, які на той момант быў дырэктарам школы. Напачатку было цяжка, я разумела, што не туды трапіла. Па-першае, не была падрыхтаваная педагагічна. Універсітэцкай адукацыя дала шмат тэарэтычнага матэрыялу, але як яго данесці да дзяцей, я не ведала. На той момант не бачыла дзяцей, не разумела іх, а на ўроку яны маглі рабіць што заўгодна.

Майстра выхоўваюць практыкаванні

Шчыра сказаць, я і сама не ведаю, як прыйшла да майстэрства. Пазней трошкі ўсвядоміла. Рэспубліканскі конкурс «Настаўнік года - 2000» даў мне разуменне, што я працую правільна, бо я заўсёды сумнявалася. На конкурсе мае ўрокі былі цікавыя для многіх аўтарытэтных педагогаў, дактароў і прафесараў, якія былі ў журы конкурса. Асабліва былі прыемныя словы, якімі адзначыў мяне Мікалай Запрудскі (прым.: Загадчык кафедры педагогікі і філасофіі адукацыі пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук), які падыйшоў і сказаў, што для яго я з’яўляюся настаўнікам года, нягледзячы на тое, што заняла на рэспубліканскім конкурсе другое месца.

Магчыма такія змены адбыліся таму, што я не ішла па шляху тых агульнапрынятых методык, якім вучаць у педагагічных універсітэтах. У мяне выпрацавалася свая аўтарская методыка, свае прыёмы. Я многа прыдумляла сама, каб урокі былі разнастайныя, цікавыя і карысныя. А самае галоўнае, мае вучні ведаюць геаграфію лепей. Адначасова некалькі маіх вучняў перамагаюць на працягу апошніх васьмі гадоў на рэспубліканскіх алімпіядах.

Шкада, што ніхто ніколі не сказаў, што беларуская мова гэта не проста беларуская мова, а РОДНАЯ мова!

Генадзь Каханоўскі, доктар гістарычных навукаў, вядомы краязнаўца родам з Маладзеччыны, быў шчыры, сапраўдны, апантаны беларус, не здраджваў сваім прынцыпам, нават ў складаныя савецкія часы. Ён падкрэсліваў, што вельмі важна мець карані. А ў мяне іх, на жаль, не было. Бацькі былі меліяратары і мы жылі ў МТС, асяродку сялянскага там не было, і бацькі ўжо не перадавалі традыцый сваіх бацькоў. Па тых часах я яшчэ паспела скончыць беларускую школу, далей вучэльня, універсітэт, паўсюль рускае асяроддзе - я ніколі не задумвалася над гэтым. Шкада, што ніхто ніколі не сказаў, што беларуская мова гэта не проста беларуская мова, а РОДНАЯ мова!

Звароту да беларускасці няма ні межаў, ні ўзроставых абмежаванняў

У 1982 годзе мы пераехалі ў Маладзечна, я пачала працаваць у бюро падарожжаў і эксукурсій, сама пісала тэксты для экскурсій па нашых месцах Хатынь, Вязынка, Вільнюс. Я наноў для сябе адкрыла гісторыю Беларусі. Праўду кажуць «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». А да мяне тыя краі прыязджалі самі: грузіны, расіяне, украінцы. Людзі шмат ездзілі ад прафсаюзаў за пакупкамі, для іх праводзіліся і экскурсіі. Многія пыталіся, а чым вы, беларусы, адрозніваецеся ад рускіх, а чаму не размаўляеце на сваёй мове? А я часам і не ведала, што адказаць. Прасілі што-небудзь расказаць па-беларуску. І з цягам часу я сама пачала прапаноўваць расказваць па-беларуску. А як, сапраўды, расказваць пра Янку Купалу ці Францішка Багушэвіча па-руску?! І я ў сталым ўзросце прыйшла да беларускасці.

Я заўсёды спрабавала паказваць вучням, што беларускасць не штосьці другога гатунку, а нешта ўзнёслае, дарагое, высокае. І нехта ж павінен гэта рабіць - і хто, калі не мы. І заўсёды падкрэсліваю, што беларуская мова - гэта прыкмета вышэйшай адукаванасці, вышэйшай цывілізаванасці, еўрапейскасці, не трэба аб ёй шкадаваць і плакацца. Трэба ўспрымаць яе як ўсе астатнія мовы, і не горшую за іх.

У 90-е гады турыстычнае бюро распалася, і я зноў апынулася ў школе. Час Адраджэння, у школе сказалі, што можна па-беларуску працаваць, за гэта нават даплачвалі. Многія настаўнікі перайшлі, і я перайшла. Падручнікаў не было, я ездзіла па вёсках, збірала падручнікі. Пачаўся 1994 год, адкат ад беларускасці, зноў перайшлі на рускую мову. Многія настаўнікі вярнуліся да выкладання на рускай мове. А я не змагла: я б не змагла глядзець дзецям у вочы. Гэта здрада. У 1995 годзе з санаторнай школы-інтэрнату я перайшла ў нашу маладзечанскую беларускамоўную гімназію.

На выказванні, што беларуская мова перашкаджае ў выкладанні, я заўсёды адказваю, што мае вучні, якія навучаюцца і на міжнгародных стасунках, і ў маскоўскім МГІМО (прым.: Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных стасуінкаў), былі рэспубліканскімі пераможцамі, ім нікому не перашкодзіла беларуская мова. Яны свабодна валодаюць дзвюма дзяржаўнымі мовамі.

Моўную сітуацыю можна назваць сумнай, але не безнадейнай

На сёння, на вялікі жаль, наша гімназія ўжо не беларускамоўная, набралі рускамоўныя класы. Многія настаўнікі-беларусісты на уроках размаўляюць па-беларуску, а на перапынках пераходзяць на рускую мову. Гэта вельмі сумна, але не безнадзейна. Прыходзяць нашыя выпускнікі і многія з іх размаўляюць па-беларуску. Вяртаюцца яны беларускімі дзецьмі. А я засталася настаўніцай, якая і на занятках, і ў сталоўцы, і на пазакласных мерапрыемствах размаўляе па-беларуску. Ужо нават не пытаюцца, ці я і дома размаўляю па-беларуску.

Дзеці самі мусяць рабіць адкрыцці, тады урокі нават па такіх «нярэйтынгавых» прадметах, як геаграфія, могуць быць паспяховымі

У такіх прадметах, як геаграфія, немагчыма вучняў матываваць здачай іспытаў. Я ствараю стымул у навучанні геаграфіі праз цікавасць да прадмета, яго навуковасць, развіццё логікі і ўменне рабіць высновы, адкрыцці. У малодшых класах вучні адказваюць на пытанне «Што? Што гэта такое, напрыклад, горы», на сярэднім этапе яны разумеюць «Дзе тыя горы, чаму яны там ўтварыліся», а на старэйшым мы адказваем на пытанне «Чаму? Што будзе? Што рабіць?» Урок геаграфіі – гэта і фарміраванне светапогляду, і глабальнага мыслення: з аднаго боку, ідзе глабалізацыя, а з іншага - трэба вучыцца шанаваць сваё, вызначацца з самаідэнтыфікацый.

Апошняя мая педагагічная дзейнасць – гэта ўвесь час нейкі пераходны перыяд. Праўду кажуць: «Не дай Бог жыць у час перамен»

З таго часу, як Беларусь стала незалежнай, сістэма сярэдняй школы толькі і рэфармуецца. Любая рэформа – гэта пераўтварэнне, якое мае плюсы і мінусы, бо ставяцца звычайна высакародныя мэты. Калі я прыйшла працаваць у гімназію, была праведзена рэформа пры міністры адукацыі Стражаве. Яна была накіравана на гуманізацыю, дэмакратызацыю адукацыі, давала большыя магчымасці для творчасці настаўнікаў. І гэты падыход быў бліжэйшы да мяне, калі ў працэсе навучання, пазнання мы, настаўнікі, былі роўныя з вучнямі. Але з адыходам Адраджэння адыйшла і агульная мэта рэформы.

Апошняя рэформа больш рэгрэсіўная, чым прагрэсіўная. Найлепшыя вучні не маюць выбару, пазбаўлены магчымасці вучыцца ў профільных класах. Бацькі пазапісвалі дзяцей на факультатывы, а дзеці не ходзяць. Бо яшчэ не разумеюць, што патрэбна. У старэйшых класах вучні ўсё роўна ходзяць да рэпетытараў, а ў малодшых факультатываў шмат, а дзеці туды не ходзяць.

Для гімназіі негатыным з’яўляецца пераход на чвэрці замест ранейшых трыместраў. У такіх вусных прадметах, як геаграфія, гісторыя, літаратура, немагчыма за 7 урокаў у чвэрць усіх апытаць, а патрэбныя адзнакі. Таму прыходзіцца настаўнікам арганізоўваць тэсты і вучні пішуць амаль штоўрок тэсты па розных прадметах. Следаваць праграме немагчыма, і заўсёды задумваешся, як змясціць нязменены змест навучання ў паменшаную колькасць гадзінаў. Пазітыўнага не бачу нічога. Нас прымушаюць авалодваць новымі методыкамі. Мы ведаем гэтыя тэхналогіі і методыкі, кожны з нас прымяняе тыя, якія падыходзяць, а зараз іх нам гвалтоўна насаджваюць. Кажуць, што падыходзяць дзецям, нават калі не падыходзіць настаўнікам, а ніхто не даказаў, што яны дзецям падыходзяць.

Настаўнікі кажуць, што так цяжка, як у гэтым годзе, ніколі не было.

Пра адказнасць перад вучнямі і сорам штосьці ім не даказаць

Я ніколі не баялася праверак, самая страшная для мяне паўсядзённая праверка – гэта ўрокі і дзеці. Як прыйшла ў школу, падрыхтавала да ўроку штосцьці незвычайнае, а дзеці пытаюцца адразу, ці будзе адкрыты урок, а я імі кажу, што будзе звычайны. Дзеці адчуваюць паказуху і кожны раз перад пачаткам яны падыходзяць і пытаюцца, што будзем рабіць. І толькі пазней я зразумела, што яны заўсёды чакаюць нечага незвычайнага, новыя прыёмы, гульні. Мне сорамна, нешта дзецям не даказаць ці адсядзець урок.

Падрыхтавала Ганна Краснова, 06.04.2009

Матэрыялы Галіны Дрокінай па геграфіі, працы з адоранымі вучнямі